TuzinFm супраць цэнзуры. Прыхільнікі збіраюць грошы, каб абскардзіць забарону сольнага канцэрта Алеся Дзянісава


Сяргей Будкін, кіраўнік парталу TuzinFM падаў апеляцыйную скаргу супраць рашэння аб забароне сольнага канцэрта Алеся Дзянісава. У чэрвені ўпраўленне ідэалагічнай работы Менгарвыканкаму адмовіла ў правядзенні канцэрту «Кароткая гісторыя Беларусі». 20 верасня адбудзецца разгляд апеляцыі. На платформе talaka.by збіраюць сродкі, каб заплаціць адвакату.

Кіраўнік парталу TuzinFM Сяргей Будкін лічыць, што незалежна ад выніку, гэтая справа можа стварыць прэцэдэнт, які вымусіць ідэолагаў і іншых чальцоў дзяржаўнай камісіі задумвацца найперш, чым ставіць свае подпісы пад дакументамі, якія забараняюць музыкам выступаць у Беларусі.

«Мы ў прынцыпе хочам звярнуць увагу на гэтую заганную практыку, бо нідзе ў вядомых мне краінах няма такой схемы ўзгаднення канцэртаў, каб гэта разглядалася ў выканкаме, каб пры гэтым прысутнічала нейкая камісія з асобаў, якія могуць быць зусім не звязаныя з гэтай музыкай, і пры гэтым яшчэ і ацэньвалі ўзровень выканання дзіўным чынам, не маючы запісаў, не паклікаўшы музыканта», – кажа Сяргей Будкін.

Алесю Дзянісаву (гурты «КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki) было забаронена выступіць з сольным канцэртам «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы паэта Алеся Чобата. Мастацкая камісія пры Менгарвыканкаме назвала мастацкі ўзровень выканання Алеся Дзянісава нізкім і адмовіла ў праве правядзення канцэрта.

Пры гэтым, як пазначана ў пратаколе і пацверджана словамі аднаго з чальцоў камісіі, музыку яны нават не слухалі, а толькі паглядзелі тэксты.

«Дзякуючы гэтай кампаніі мы раскрылі механізм прыняцця рашэнняў. Бо дагэтуль былі засакрэчаныя прозвішчы людзей, якія ўваходзяць у камісію, як гэта робіцца. Зараз павінен адбыцца суд, і яны вымушаныя былі назваць прозвішчы, стварыць пратакол, якога, на пачатку можа і не было, бо раней проста забаранялі канцэрты, ціснулі на пляцоўкі», – кажа Сяргей Будкін.

На баку скаржніка будзе выступаць адвакат Сяргей Зікрацкі, і на яго паслугі Сяргей Будкін вырашыў збіраць грошы на talaka.by, бо справа мае грамадскую значнасць і ён спадзяецца на падтрымку з боку тых, каму неабыякавыя лёс беларускай музыкі.

Усе сабраныя грошы пойдуць на кампенсацыю судовых выдаткаў. Судовае паседжанне адбудзецца ўжо праз тыдзень, 20 верасня ў Эканамічным судзе.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў