«Патрэбныя людзі на месцы». Хто дапаможа Лунна – беларускаму мястэчку з габрэйскай архітэктурай


Лунна магло б стаць не толькі турыстычнай атракцыяй, але і кінапляцоўкай. Каб хоць кагосьці з мясцовых цікавіла пытанне захавання спадчыны.

Гістарычная Ваўкавышчына, цяпер – тэрыторыя Мастоўскага раёну. Мястэчка Лунна (згодна з іншым варыянтам – Луна) – цяпер проста вёска.

Касцёл Святой Ганны ў Лунне. Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

Сярод мястэчак з вясковым статусам адмыслоўцы вылучаюць усяго тры, якія захавалі адметныя дарэвалюцыйныя і міжваенныя архітэктурныя ансамблі: Гальшаны, вядомыя дзякуючы замку, Лужкі на Шаркаўшчыне і, уласна, Лунна.

Мястэчка як з «Народнага альбому»

Сваймі архітэктурнымі вартасцямі і багатай гісторыяй Лунна вядомае толькі спецыялістам. Тут усяго два аб’екты, якія лічацца гісторыка-культурнымі каштоўнасцям: царква сярэдзіны–другой паловы ХІХ ст., гэтак званая «бацюшкоўка» рэтраспектыўна-рускага стылю, ды касцёл, у якім спалучаюцца традыцыі мясцовай архітэктуры і вельмі выразна чытаюцца пэўныя класічныя рысы.

Свята-Іаана-Прадцечанская царква ў цэнтры Лунна. Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

Няўжо больш нічога няма? Зусім не, бо галоўная адметнасць мястэчка – гэта акурат шараговая забудова, ансамбль якой сфармаваны збольшага ў 1920–30-я гады. Гэта ў асноўным мураваныя адна-двухпавярховыя дамкі з характэрным дэкорам, які перадае атмасферу заходнебеларускага габрэйскага мястэчка, нібыта спісанага з «Народнага альбому».

На імправізаваным кірмашы ў цэнтры Лунна. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«У Лунне мы бачым яскравую яўрэйскую архітэктуру! – распавядае старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, – Гэта дамкі, якія спалучалі ў сабе жылыя і гандлёвыя функцыі, гэтак званыя дамкі-крамкі. Дарэчы, акрамя датаў пабудовы на франтонах часцяком можна заўважыць і зоркі Давіда. Двухпавярховыя шматкватэрныя дамы, найхутчэй, былі даходнымі, то бок памяшканні здаваліся ў наём».

Дом у Лунне. Фота –Васіль Малчанаў/Белсат

Падобных дамкоў, не раскіданых там-сям, але сабраных у цэнтры ды ўпісаных у сістэму вулачак, у Лунне каля паўсотні. Для параўнання – гэта практычна 10 % старой Горадні, архітэктурны фонд якой налічвае каля паўтысячы аб’ектаў.

Лунненскі дом пасля рамонту. Фота –Васіль Малчанаў/Белсат

Гэтае багацце цяпер пад пагрозай: забудова – не гісторыка-культурніцкая каштоўнасць, таму не ахоўваецца. З пункту гледжання заканадаўства, дэкараваны дамок 1913 году нічым не адрозніваецца ад хрушчоўкі ці панэльнага часоў Брэжнева – гэта проста частка жылога фонду.

Атмасфера Лунна. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Плён падобнай палітыкі ўжо бачны: у старых дамах устаўляюць пластыкавыя вокны, змяняюць форму аконных праёмаў, зменшаюць уваходныя парталы. На адным з самых адметных будынкаў гораду зусім нядаўна знеслі з фасаду дзве вежачкі.
Такімі тэмпамі Лунна неўзабаве рызыкуе пацвердзіць статус, які яму надала дзяржава: аграгарадок.

Лунна. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сёння ў мястэчку яшчэ можна не толькі вадзіць экскурсіі, але і здымаць фільмы пра Першую або Другую сусветную вайну, або пра міжваенны час.

Надзея на валанцёраў

Паводле Астаповіча, сітуацыю можа змяніць толькі наданне статусу гісторыка-культурніцкай каштоўнасці ўсяму ансамблю старога Лунна. Для гэтага патрэбная працоўная група, якая зоймецца дакладнай фотафіксацыяй помнікаў, пазначыць іх на планах, напіша архіўна-бібліяграфічнай даведку і абгрунтаванне. Для параўнання – падобная праца па менскай Асмалоўцы заняла каля васьмі год.

Фасад аднаго з мясцовых дамоў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

За такія справы зрэдку бяруцца прафесійныя навукоўцы, найчасцей занятыя адно сваймі профільнымі тэмамі. Разлічваць варта на валанцёраў, якім даводзіцца разрывацца на розныя аб’екты і рэгіёны.

Аўтэнтычны выгляд мястэчка псуюць пластыкавыя вокны і «еўрарамонт». Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Неаднаразова з калегамі мы абмяркоўвалі гэтую праблему, – працягвае Астаповіч, – але адчуваем, што ў менскага актыву на ўсё сілаў не хапае. Патрэбная добрая працоўная група на месцы, якая будзе дзейнічаць, магчыма, не адзін год. З Менску гэта рабіць складана, бо тут і пытанне фотафіксацыі, і праца з архівамі, якія захоўваюцца ў Горадні».

Паўсюль адмовы

Што наконт гарадзенскіх гісторыкаў і валанцёраў, якія, падаецца, «набілі сабе руку» падчас шматгадовага змагання за спадчыну свайго гораду?

«Штурхаць гарадзенцаў, шчыра кажучы, у мяне ўжо не хапае сумлення, – разводзіць рукамі Астаповіч. – У 2012–13 гадах яны зрабілі вялікую працу па напісанню і дасылцы прапановаў па наданні розным аб’ектам статусу гісторыка-культурніцкай каштоўнасці, як у ваколіцах Горадні, гэтак і ў самім горадзе. Але шматлікія прапановы атрымалі адмоўныя адказы, акрамя аднаго выпадку: кафлярні Друцкіх-Любецкіх у Горадні. Вось і ўсё».

Адзін з лунненскіх дамоў сёння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Старшыня таварыства з разуменнем ставіцца да расчаравання калегаў – кажа, што расчараваны і сам. Паводле Астаповіча, своеасаблівым рубіконам сталі 2012-13 гады – да гэтага часу прапановы па наданні ахоўнага статусу дзяржавай зазвычай падтрымліваліся, а пасля «усё змянілася».

«Нават аб’екты, звязаныя з гісторыяй Другой сусветнай і акупацыяй, адкідаліся, – рэзюмуе Астаповіч. – Гэта і прапанова са Шталагам (былым нямецкім лагерам ваеннапалонных. – Заўв. «Белсат») у Масюкоўшчыне, і па будынку былой інфекцыйнай лякарні менскага гета – паўсюль адмовы. Даводзіцца працаваць у такіх умовах».

 

Мястэчка Лунна. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Праца ў Польшчы і рытуальныя паслугі

У выніку, калі гісторыка-культурніцкая спадчына турбуе толькі гісторыкаў ды апантаных аматараў даўніны, мястэчка, якое магло быць упісаным у турыстычныя маршруты, сёння пакрысе вымірае.

Абвесткі ў мястэчку Лунна. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пра турыстаў мясцовыя не чулі. Адзіная ў Лунне кавярня не працуе. Праз дом – аб’явы аб продажы. Найбольш папулярныя абвесткі на прыпынках – «праца ў Польшчы» ды «Рытуальныя паслугі».

Алесь Кіркевіч

Стужка навінаў