Лукашэнка хоча, каб у Беларусі стварылі суперкамбайн і супергрузавік


Пасля ўчорашняга даручэння стварыць аналаг Tesla у Беларусі, кіраўнік Беларусі загадаў распачаць працы над «самай сучаснай» працоўнай тэхнікай.

Падчас наведвання Менскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нядаўна пазнаёміўся з камбайнам «Палессе».

«Добрая тэхніка, нічым не саступае імпартным аналагам. Але нам трэба, каб яна не проста не саступала, а пераўзыйшла тэхніку нашых канкурэнтаў. Суперкамбайн! А таксама супергрузавік, трактар, электрамабіль, пры тым самыя сучасныя. Ідэі і напрацоўкі ў нашых канструктараў ёсць, але, каб яны набылі рэальныя абрысы, патрэбныя адукаваныя працоўныя людзі, адданыя сваёй справе», – сказаў Лукашэнка.

Электракарам на лецішча

Наведваючы лабараторыю дыягностыкі каледжу, кіраўнік Беларусі абмеркаваў з выкладчыкамі прынцып дзеяння электрамабілю, іх тэхнічныя характарыстыкі, магчымасці і перавагі, пасля чаго даручыў прыцягнуць найлепшых спецыялістаў каледжа да распрацоўкі беларускай мадэлі.

«Для мяне галоўнае, каб яна была надзейнай, бяспечнай і даўгавечнай, каб не трэба было яе кожны год рамантаваць, – сказаў Лукашэнка. – Вы мяне пераканалі ў тым, што мы павінныя зрабіць добры электрамабіль. Для людзей, каб яны маглі па горадзе праехаць, на дачу з’ездзіць», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

31 жніўня Лукашэнка пратэставаў апошнюю мадэль электракару Tesla, пасля чаго даручыў беларускім інжынерамі «пайсці гэтым шляхам».

ДД

Стужка навінаў