«Мы не будзем бамбіць Менск». «МЗС Вейшнорыі» выпусціла першую і апошнюю афіцыйную заяву


На Твітар-акаўнце «МЗС Вейшнорыі» апублікаваная «афіцыйная заява» неіснуючай краіны аб «далучэнні да Вейшнорыі новых земляў».

 

У заяве гаворыцца, што «МЗС фіксуе масавыя звароты жыхароў Беларусі з просьбаю аб наданні Вейшнорскага грамадзянства, выдачы Карты Вейшнорца і нават далучэння да Вейшнорыі асобных гарадоў і цэлых рэгіёнаў». Аднак урад выдуманай краіны адмаўляецца ад экспансіі.

«Вейшнорыя – гэта краіна без Лукашэнкі, без расейскіх войскаў, краіна, што сябруе з заходнімі суседзямі. Але пры гэтым – мы ніколі не будзем бамбіць Менск. Ніколі не зʼявіцца «Жлобінскі кацёл». Ні ў адзін з аграгарадкоў не прыйдзе «груз 200». – гаворыцца ў жартоўным дакуменце.

Адкуль узялася Вейшнорыя?

Лубенія, Весбарыя і Вейшнорыя – тры ўмоўныя краіны-суперніцы, якія вырашылі напасці на Беларусь і Расею. Такі сцэнар супольных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад 2017». Тэрыторыя Лубеніі супадае з паўночна-ўсходняю часткай Польшчы і паўднёва-заходняю часткай Літвы. Весбарыя – часткова з Латвіяй і Літвою.

Але менавіта Вейшнорыя заняла частку Рэспублікі Беларусь. Гэткім чынам арганізатары «Захаду 2017» пазбавілі адную краіну-ўдзельніцу прыкладна чвэрці тэрыторыі.

«МЗС Вейшнорыі» завяршае сваю дзейнасць

У апублікаванай заяве крытыкуецца стратэгічная задума вучэнняў «Захад-2017»:

«колькі трэба мець розуму, каб на ўласнай тэрыторыі намаляваць варожую дзяржаву, назваць яе ўмоўным праціўнікам і падкінуць гэтую казку журналістам? Вельмі мала трэба мець розуму!- мякка кажучы. Жыхары вёсак, што побач з палігонамі, называюць удзельнікаў вучэнняў… «акупантамі». Чаму? Гэтыя манеўры патрэбныя Маскве, а не Менску».

Фэйкавае ведамства абвесціла аб пашырэнні Вешнорыі «не ў шырыню, а ў глыбіню». «Мы паглынаем Беларусь цалкам і пры гэтым распушчаемся ў ёй» – падкрэслівае «міністр» Вейшнорыі. Існаванне ж «міністэрства» спыняецца. Дакумент падпісаў Іра Францічак (імя супадае з імем другаснага персанажу«Ладдзі роспачы» Караткевіча).

У час, калі заява была апублікаваная, на адмысловым сайце, дзе можна стаць у чаргу «на атрыманне вейшнорскага пашпарту» зарэгістравалася больш за 1,5 тысячы асобаў, а ў «Твітэры» зарэгістраваныя некалькі дзясяткаў «урадоўцаў» і «афіцыйных установаў» Вейшнорыі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў