Стала вядома, хто забараніў выступ Алеся Дзянісава


Адпаведным дакументам падзяліўся кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін, які выступаў арганізатарам канцэрту.

У яго распараджэнне трапіў пратакол паседжання мастацкага савету пры Менгарвыканкаме, які разглядаў заяву на выступ Алеся Дзянісава.

У яго ўвайшлі кіраўнік шоў-балета «Феерыя», кіраўнікі дзяржаўнай установы «Менскканцэрт» і дзяржаўных тэатраў – эстрады і моладзевага – ды некалькі чыноўнікаў з выканкаму.

Менавіта гэтыя людзі адзінагалосна вырашылі забараніць прэзентацыю праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата ў сувязі з «низким уровнем исполнения исполнителем».

Будкін спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне і намагаўся даведацца, на чым грунтавалася адмова і хто ўваходзіў у склад савету. Аднак кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Павал Скалабан адмовіў у інфармацыі. Пратакол паседжання знайшоўся ў Эканамічным судзе Менску.

Арганізатар канцэрту падаў апеляцыю ў суд і скіраваў зварот у ідэалагічнае ўпраўленне Менгарвыканкаму з патрабаваннем забяспечыць прысутнасць арганізатараў, прадстаўнікоў выканаўцы і журналістаў на паседжаннях мастацкага савету пры разглядзе заяваў на выданне гастрольнага пасведчання.

Днямі стала вядома, што Dzieciuki не выступяць на Lidbeer «з-за накручаных галасоў».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў