Dzieciuki не выступяць на Lidbeer «з-за накручаных галасоў»


Гарадзенскі фолк-панк-гурт «Dzieciuki», згодна з вынікамі адборачнага інтэрнэт-галасавання, прабіўся ў шэраг лідараў, і павінен быў выступіць на фестывалі «Lidbeer» 9 верасня. Сёння стала вядома, што музыкі не выйдуць на сцэну. Удзельнікі гурту каментуюць сітуацыю ў размове з Аляксеем Кайрысам.

«Нас паставілі перад фактам, што мы несумленна накручвалі галасы»

Аляксей Кайрыс: Ці чакаў гурт такога выніку адборачнага тура?

Алесь Дзянісаў: Кожны вынік можна прадугледзіць. Але тут з’явілася надзея пад фініш галасавання. Некалькі дзён назад з нашым сябрам і прадстаўніком у Менску звязваліся арганізатары і сказалі, што мы прайшлі на фестываль, папрасілі тэксты песень на ўзгадненне. Потым было некалькі дзён маўчання, хаця мы тэлефанавалі ім мноства разоў. У выніку, маем, што маем. Нас паставілі перад фактам, што мы «несумленна накручвалі галасы».

Алесь Дзянісаў, лідар гурту. Фота з «Фэйсбуку»

Маеце падазрэнні, што гэта такі ход арганізатараў, якія не атрымалі адабрэння на ваш выступ ад мясцовых чыноўнікаў?

АД: Пытанні не да нас, а да арганізатараў. Падазраю, што яны будуць па ўсіх пунктах адмаўляцца. У тым ліку, і ад таго, што папярэдне звязваліся з намі. Усё гэта нейкая не зусім прыгожая гульня невядома каго і з кім. Я не маю права кагосьці ў чымсьці абвінавачваць, бо не валодаю інфармацыяй».

Андрэй Пудзін: У дадзеным выпадку ўсё магчыма

Ці з’яўляецца гэта ўпушчанай магчымасцю для гурта, каб выйсці з падполля на афіцыйную сцэну?

АД: «Я магу адно сказаць: мы дакладна больш не будзем удзельнічаць ні ў якіх галасаваннях. Гэта была памылка з нашага боку.

А наконт упушчанай магчымасці… Ведаеце, у нас не было асаблівых спадзяванняў на тое, што нас выпусцяць. А калі ты не асабліва ўва штосьці верыш, то і няма ніякіх расчараванняў».

АП: «Ёсць імавернасць, што «Dzieciuki» былі заяўленыя ў галасаванні спецыяльна для таго, каб прыцягнуць увагу большай колькасці людзей. Гэта не значыць, што арганізатары планавалі, што гурт выступіць, а проста выкарыстоўвалі яе як інфармацыйную прынаду».

Лепей адсядзецца ў хмызняках, чым падтрымаць

Ці моцна ўдарыла па маральнаму стану гурта сітуацыя з нібыта накруткай галасоў? Маеце спадзеў на падтрыманне з боку вашых калег па рок-сцэне?

АП: «Канешне, шкада, бо «Lidbeer» адзін з найбуйнейшых фэстаў у краіне, няшчыра казаць, што мы не хацелі ўзяць у ім удзел. У той жа час, мы чакалі чагосьці падобнага. Асабліва напрыканцы, калі запыталі тэксты на сцвярджэнне. Таму – ударыла не моцна. Гэта хутчэй як яшчэ раз пацверджаная аксіёма. Ці чакаем падтрымання ад калег? Не. Беларусы як у жыцці, гэтак i на сцэне вельмі разрозненыя. Акрамя таго, што могуць зрабіць іншыя музыкі, каб дапамагчы нам? Яны нават ня змогуць дапамагчы сабе, калі патрапяць у такую сітуацыю як наш гурт».

Андрэй Пудзін, гітарыст гурту. Фота з «Фэйсбуку»

АД: «Калі цябе абвінавачваюць у накручванні галасоў, гэта не тое каб непрыемна – гэта нібыта цябе на вуліцы з вакна брудам аблілі, а потым сказалі, што сам вінаваты, бо не фіг стаяць пад вакном. Таму, паўтаруся, ніякіх больш галасаванак. Хопіць!

Асабліва крыўдна, калі абвінавачваюць не толькі цябе, а і тваіх сяброў, тваіх аматараў.

А наконт падтрымання што сказаць? Бог з «Lidbeer» і «Дзецюкамі». Наш гурт даўно забараняюць. Нядаўна забаранілі мой сольны выступ з праграмай на вершы Чобата ў Менску. Хтосьці з гэтак званых рок-зорак выказаўся наконт гэтай, цалкам нічым не абгрунтаванай, забароны? Ведаю, што толькі Алег Хаменка і Сярожа Башлыкевіч падтрымалі мяне на сваіх старонках у «Фэйсбуку». (Кажу і думаю: а ці не нашкодзіць ім тое, што я агучваю іх сумленны ўчынак?) Гэта акурат той выпадак, калі ўсе маральна-этычныя нормы перакручаныя з ног на галаву.

У нас часцей аддаюць перавагу адсядзецца ў хмызняках, каб не атрымаць па галаве. Гэта лічыцца больш сумленным і смелым учынкам.

Размаўляў Аляксей Кайрыс

Канцэрты гарадзенскіх панкаў дзяржаўныя ідэолагі забараняюць ужо цягам некалькіх гадоў, абвінавачваючы гурт у экстрэмізме.

Гурт «Dzieciuki» дзякуе ўсім тым, хто падтрымаў іх у галасаванні на «Lidbeer».

Стужка навінаў