Суддзя Аліна Драбудзька палічыла законнымі дзеянні ідэолагаў Менгарвыканкаму, якія забаранілі жывую прэзентацыю сольнага альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на вершы паэта са Скідзелю Алеся Чобата.
Пра гэта ў сацыяльных сетках напісаў кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін, які зʼяўляецца арганізатарам імпрэзы.
Будкін адзначыў, што рашэнне суд прыняў у яго адсутнасць. Журналіст аспрэчваў дзеянні начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Менгарвыканкаму Паўла Скалабана (ён і раней забараняў выступы гурта) і прасіў прызнаць іх незаконнымі.
«Аляксандр Дзянісаў не абражаў чыйсьці гонар, не заклікаў да гвалту, не распаўсюджваў порна. Ён проста паклаў на музыку вершы сляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата з цыклу «Кароткая гісторыя Беларусі»», – піша кіраўнік TuzinFM.
«Сольнік» Дзянісаў прэзентаваў у чэрвені сёлета. Жывыя канцэрты меліся адбыцца ў верасні ў Горадні, Віцебску, Менску.
Арганізатары канцэрту напісалі заяву на атрыманне гастрольнага пасведчання ў Менгарвыканкам. Аднак пасля аналізу тэкстаў песень ідэолагі адмовілі ў правядзенні канцэрту. Мастацкі савет пры Менгарвыканкаме на чале са Скалабанам спаслаўся на «нізкі мастацкі ўзровень выканання» (без праслухоўвання самаго выканаўцы). Будкін спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне і намагаўся даведацца, на чым грунтавалася адмова.
Зборнік Алеся Чобата «Кароткая гісторыя Беларусі», які і натхніў гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава на запіс альбому паводле гэтых вершаў, пабачыў свет у 2014 годзе. Вершы апісваюць гісторыю Беларусі ад часоў князя Міндоўга да 1991-га года. Дзянісаў працаваў над альбомам цягам двух гадоў.
ДР belsat.eu