Іспанская паліцыя: перадухілены другі тэракт


Паліцыя правярае аўты, пасля таго, як былі забітыя чацвёра падазраваных тэрарыстаў

Як паведаміла іспанская паліцыя, у ходзе спецаперацыі ў Камбрыльсе былі застрэленыя чацвёра падазраваных і перадухілены другі тэракт, які павінен быў адбыцца следам за нападам у Барсэлоне.

Яшчэ адзін нападнік, як пазней паведаміла паліцыя ў «Twitter», памёр у больніцы.

Паводле іспанскіх медыкаў, тыя, хто нападаў паранілі семярых чалавек, у тым ліку паліцэйскага.

Відавочцы паведамляюць аб страляніне, якая адбылася ў раёне порту Камбрыльсу. Паліцыя заяўляе, што сітуацыя ў горадзе знаходзіцца пад кантролем, але заклікае жыхароў праяўляць абачлівасць.

Камбрыльс – невялікі прыморскі гарадок на паўднёвы захад ад Барсэлоны.

Агульная колькасць удзельнікаў нападу дагэтуль невядомая.

Як паведамляюць іспанскія СМІ, тыя, хто нападаў у Камбрыльсе ўначы ў пятніцу збілі мінівэнам некалькі асобаў, прычыніўшы ім траўмы, імаверна, спрабуючы паўтарыць здзейснены за некалькі гадзін да гэтага напад у Барсэлоне.

Як піша газета «El Pais», спасылаючыся на крыніцы ў паліцыі, адзін з параненых у Камбрыльсе – супрацоўнік паліцыі.

Паводле газеты «La Vanguardia», тыя, хто нападаў былі таксама ўзброеныя пісталетамі. Як паведамляе выданне, яны былі знойдзеныя паліцыяй, якая праводзіла патруляванне ў раёне порта Камбрыльсу, папулярнага сярод турыстаў.

Пасля невялікай пагоні фургон з падазраванымі перакуліўся, піша «La Vanguardia». Тыя паспрабавалі выбрацца з яго, пасля чаго паліцыя адкрыла па іх агонь.

Паліцыя побач з месцам інцыдэнту ў Камбрыльсе

У чацвер 17 жніўня прынамсі 13 асобаў загінулі і больш за 100 атрымалі траўмы пад коламі фургона, які праехаў больш за 500 метраў па пешаходным бульвары Рамбла ў турыстычным цэнтры Барсэлоны.

Ўлады назвалі тое, што здарылася тэрактам, а джыхадысцкая групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за напад, хаця эксперты заклікаюць успрымаць падобныя заявы «ІД» з асцярогай.

Па падазрэнні ў здзяйсненні гэтага злачынства затрымалі дваіх – мараканца і жыхара Мелільі – іспанскага анклаву ў Паўночнай Афрыцы. Аднак ніводзін з іх не быў кіроўцам мінівэну, якому ўдалося ўцячы.

Трохдзённая жалоба

Прэм’ер-міністр Іспаніі Мар’яна Рахой абвесціў трохдзённую жалобу ў сувязі з тэрактам у Барсэлоне.

«Урад абвяшчае афіцыйную жалобу – 00:00 18 жніўня», – заявіў прэм’ер на прэс-канферэнцыі. На гэты час усе сцягі на дзяржустановах будуць прыспушчаныя.

Мар’яна Рахой выказаў спачуванні ахвярам тэракту і іхным сваякам.

Таксама іспанскі прэм’ер-міністр падзякаваў усім сусветным лідарам, якія выказалі свае спачуванні.

Гэты тэракт стаў самым крывавым у Іспаніі з сакавіка 2004 года, калі ісламскія баевікі заклалі бомбы ў прыгарадныя цягнікі ў Мадрыдзе. Ахвярамі выбухаў стаў 191 чалавек, і больш за 1800 атрымалі траўмы і калецтвы.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian, фотаздымкі EFE/JAUME SELLART, Stringer/Forum

Стужка навінаў