Пакуль Кастусь Жукоўскі быў у шпіталі, яго асудзілі на 35 базавых


Ноч пасля нападу невядомага, які апырскаў журналіста хімікатамі, Жукоўскі правёў у таксікалагічным аддзяленні шпіталя хуткай медычнай дапамогі. Цяпер ён пачуваецца лепей.

«Пякло ў вачах, у горле пяршыла, але цяжкіх уразаў няма. Сёння адпускаюць да дому. Участковы прыехаў да мяне ў шпіталь, спісаў тлумачэнні. Буду падаваць у суд», – распавядае Жукоўскі.

Таксама 9 жніўня на ягоны адрас прыйшоў ліст з суда. Жукоўскі думаў, што гэта позва, аказалася, супраць яго завочна правялі суд і аштрафавалі на 805 рублёў.

«Мне не паведамлялі пра суд, я пазваніў да іх, кажуць, дасылалі смс. Ніякіх смс я не атрымліваў. Я атрымаў пратакол 3 жніўня, тады мне сказалі, што толькі накіруюць яго ў суд. Было бачна, што спяшаюцца, бо сканчаўся тэрмін адказнасці па справе. Відавочна, што суд прайшоў у той самы дзень», – кажа журналіст.

8 жніўня на Кастуся Жукоўскага напаў працаўнік свінакомплексу і апырскаў з распыляльніка невядомым аэразолем. Інцыдэнт здарыўся, калі фрылансер паехаў з аператарам Андрэем Талочыным у вёску Зялёныя Лукі на свінаферму «Добрая хрюшка», каб спраўдзіць інфармацыю пра падзеж свінняў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў