Рада БНК патрабуе вызваліць прафсаюзных лідараў: гэта сведчанне ўнутранай акупацыі краіны злачыннай групоўкай


Адпаведную заяву ў сваім «Facebookʼу» апублікаваў адзін членаў Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Мікалай Статкевіч.

«Рэжым арыштаваў лідара прафсаюзу РЭП, старшыню сацыяльна-эканамічнай камісіі Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Генадзя Фядыніча. Таксама арыштаваны кіраўнік Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і іншыя прафсаюзныя лідары», – гаворыцца ў заяве.

2 жніўня ў офісах незалежнага прафсаюзу РЭП у Менску і Салігорску адбыліся вобшукі. Некалькі асобаў затрымалі. Кіраўніка прафсаюзу Гнадзя Фядыніча і бухгалтара прафсаюзу Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

«Рада БНК лічыць, што гэтыя арышты выкліканы страхам рэжыму перад народнай нянавісцю да яго і спробамі не дапусціць будучай восенню масавых пратэстаў супраць антынароднай палітыкі ўладаў. Вымушаны адпусціць арыштаваных па груба зляпанай “справе баевікоў”, рэжым шукае іншых ахвяраў, каб запалохаць патэнцыйных удзельнікаў восеньскіх пратэстаў, – звяртаюць увагу аўтары заявы. – Таксама нянавісць рэжыму выклікала сацыяльная актыўнасць прафсаюзу РЭП, асабліва яго эфектыўная кампанія па збору сродкаў на дапамогу рэпрэсаваным за ўдзел у пратэстах».

Паводле Камітэту дзяржкантролю, «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)».

«Рада БНК лічыць дзеянні рэжыму яшчэ адным сведчаннем унутранай акупацыі краіны злачыннай групоўкай і патрабуе неадкладнага вызвалення Генадзя Фядыніча, Аляксандра Ярашука і іншых арыштаваных прафсаюзных лідараў. Калі злачынныя дзеянні ў адносінах да прафсаюзных лідараў не будуць спынены, то мы зробім лозунг іх вызвалення адным з асноўных на Акцыі папярэджання, якая пачнецца 8 верасня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менску», – патрабуюць аўтары заявы.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў