«Некаторыя адпрацавалі на заводзе да 16-й, а праз дзве гадзіны ў іх гульня з БАТЭ»


 

Андрэй Еўтушэнка

Ці магчымае ў Беларусі існаванне прыватнага футбольнага клубу, чаго не хапае маладым футбалістам і колькі каштуе ўтрыманне каманды ў другой лізе – у шчырай размове з экс-дырэктарам магілёўскага «Тарпеда» Андрэем Еўтушэнкам.

Футбольны клуб «Тарпеда» (Магілёў) быў заснаваны ў 1959 годзе. У 1982 аўтазаводская каманда выгуляла першынство БССР, з 1992 па 2000 гады выступала ў вышэйшай лізе суверэннага беларускага чэмпіянату, у сезоне 1994/1995 выходзіла ў фінал Кубку Беларусі. У 2005 годзе клуб быў расфармаваны, а ў 2014 – адроджаны па ініцыятыве Аляксандр Бялова і Андрэя Еўтушэнкі, які да гэтага папрацаваў у магілёўскіх футбольных клубах «Савіт» ды «Дняпро».

Пра свае футбольныя прыгоды апошніх гадоў Андрэй Еўтушэнка распавёў Belsat.eu.

«Стварылі клуб, каб даць другі шанец маладым футбалістам»

Мы з Аляксандрам Бяловым разам раслі ў раёне аўтазаводу ў Магілёве, заўзелі за магілёўскае «Тарпеда», займаліся там футболам – усе прыемныя ўспаміны дзяцінства былі звязаныя з гэтым раёнам, стадыёнам, камандай. І неяк падумалі: а чаму б не стварыць клуб для другой лігі, каб у нейкай ступені яго адрадзіць. То бок ідэя палягала на такім патрыятызме, што мы там раслі, а, па-другое, мы хацелі даць шанец маладым футбалістам, да 23-24-х гадоў, якія не траплялі ў «Дняпро», але хацелі сябе неяк далей праяўляць у футболе.

«Тарпеда», перадусім, было як магчымасць стварыць такую пляцоўку для хлопцаў, у якіх гараць вочы, каб даць ім наступны крок у вялікі футбол. Усё ж такі другая ліга мае паўпрафесійны ўзровень: зарэкамендуйце сябе там, можа, вас заўважаць.

На другі год існавання мы падпісалі дамову аб супрацы з «Дняпром» – то бок мы шукалі нейкія спосабы, каб даць хлопцам магчымасць праявіць сябе.

«Для некаторых матывацыяй былі толькі грошы»

Мы стваралі ўмовы для трэніровак, якія праводзіліся з аўторку па пятніцу, арандавалі палі для трэніровак, запрашалі трэнераў, таго ж Аляксандра Бразевіча з Менску, пасля Міхаіла Ерамчука – заўсёды мы шукалі нешта лепшае. Па вялікім рахунку, як я мяркую, хлопцы не да канца зразумелі, навошта гэта трэба.

Шмат у каго было стаўленне як да належнага: раней недзе трэніраваліся, і так перайшлі на гэты ўзровень. Яны меркавалі, што ім мусяць плаціць нейкія грошы, для некаторых матывацыя выступу ў другой лізе была толькі ў гэтым. Мы ж піярылі клуб, пра нас гаварылі, гульцоў крыху пазнавалі, але не для ўсіх гэта было матывацыяй.

У першы год ад нас перайшоў у «Слонім» Максім Новікаў, пры тым, што чалавек увогуле не гуляў у футбол гады чатыры, але зарэкамендаваў сябе так, што яго заўважылі. Цяпер гуляе ў першай лізе хлопец 1996 года нараджэння Улад Сенцюроў – таксама быў нібы незаўважны, але працавіты, вось цяпер і гуляе далей.

«Футбол – гэта не толькі фотка ў «Інстаграм»

Калі раней я меў зносіны з футбалістамі, якія пагулялі ў вялікіх камандах, то цяпер даводзілася мець справу з хлопцамі, якія толькі пачыналі сваю кар’еру, гэта адпаведна іншае разуменне, іншая псіхалогія ўзаемаадносінаў з чалавекам. Напрыклад, раней я не разумеў, чаму шмат якія футбалісты, якія былі ў дублі, не загулялі ў тым жа «Дняпры». Цяпер лепш разумею, што шмат каму з футбалістаў гэта на самой справе і не трэба, трэба толькі на словах – яны не падрыхтаваныя, ім бракуе матывацыі.

Фота з суполкі «Вконтакте» магілёўскага «Тарпеда»

Напрыклад, Крыштыяну Раналду ў 31 год становіцца лепшым у Лізе чэмпіёнаў, цягне сваю зборную, бо чалавек працуе, правільна харчуецца, высыпаецца, наведвае трэнажорную залу і гэтак далей. У нас жа былі сітуацыі, калі хлопцы пасля дыскатэкі прыходзілі на матч. Калі быў выезд, некаторыя ўвогуле маглі не прыйсці, бо былі не ў стане.

Шмат хто не ставіцца да сябе як да прафесіянала, для іх гэта такая тусовачка, прыйсці, ты нібыта як футбаліст, гэта модна, пасля ў «Інстаграм» закінуць фотку, які я прыгажун. Але футбол гэта не толькі фотка ў «Інстаграм», гэта яшчэ і праца ў тыднёвым цыкле ўвесь час.

«На ўтрыманне клубу ў другой лізе выдаткоўвалі $ 25-30 тыс».

Грошы ішлі на транспартныя выдаткі, арэнду спартовых аб’ектаў, экіпіроўку, харчаванне ў дзень гульні, і ўзнос за ўдзел у чэмпіянаце. Канкрэтна я не шмат уклаў сваіх сродкаў, бо ў мяне няма такіх рэсурсаў, але я ж нічога з гэтага і не зарабляў. А вось мой партнёр Аляксандр Бялоў мае невялікі бізнес, і ўсе грошы адтуль ён укладваў у клуб. Да таго ж яшчэ была і «Стальная лінія», якая нам дапамагала.

«Дамовіліся на прагляд двух футбалістаў у Польшчы, а яны не захацелі рабіць візы»

Мы дваім гульцам пасля першага сезону прапанавалі прагляд у трэцім дывізіёне Польшчы – у нас там ёсць кантакты, напрыклад, да нас прыязджаў польскі трэнер Патрык Княт, які працаваў у структуры познанскага «Леху».

Там была ўмова: хлопцы, рабіце, візы – мы вас адпраўляем на прагляд. І ніхто з іх не стаў гэтым займацца.

У леташнім жніўні мы накіравалі гульца Паўла Купцова, які быў у юнацкай зборнай Беларусі, на прагляд у іспанскую «Мальёрку». Мы яму аплацілі квіткі, у яго была адкрытая віза, бо ён гуляў за зборную. Там ён псіхалагічна не змог працаваць, ён прабыў там 4-5 дзён, згуляў два матчы і сказаў: «Я хачу паехаць дадому, мне тут некамфортна». Яму падавалася, што ўсё чужое. Гэта нашая віна, і мая ў прыватнасці, што я не прачытаў яго як чалавека: яму 17-18 гадоў, ён быў не гатовы да новай атмасферы. І трэнеры казалі: «Нешта, здаецца, ёсць у ім, але ён заціснуты». Мы шукалі некаторым варыянты, але, на жаль…

«Мы будавалі «каманду з двару»

У нас стратэгія не будавалася на ўмовах, больш гэта была такая «каманда з двару». Меркавалі па сабе, што мы ў дзяцінстве былі гатовыя гуляць і дзень, і ноч, каб толькі нас заўважылі. У некаторых такая матывацыя і была, але не ва ўсіх. Гэта нават вельмі цікава: як ты зможаш людзей запаліць, калі няма моцнага фінансавага фактару. З грашыма гэта, здаецца, лёгка, ды і тое не ва ўсіх атрымліваецца, а вось паспрабуй без грошай! У першы год у нас гэта атрымалася, а ў другі не прачыталі псіхалогію.

«Не маглі сабе дазволіць нейкую вопратку ці тэлефон – усё ішло на каманду»

Нават на ўзроўні другой лігі мы нічога сабе не маглі дазволіць, нават вопратку нейкую набыць, тэлефон – усё ішло на каманду. Пытанне: чым ты ў Беларусі зацікавіш інвестара? Я не ведаю чым. Мы зацікавілі кампанію «Стальная лінія», данеслі сваю думку да яе, рабілі і прасоўвалі відэаролікі пра дзверы, якія вырабляе прадпрыемства. Але гэта на ўзроўні другой лігі, а калі б мы выйшлі ў першую, там ужо трэба выдаткоўваць у два-тры разы больш – не факт, што «Стальная лінія» пагадзілася б на гэта. Людзі бізнесу патрабуюць аддачу, а якая аддача? Павінная быць вялікая аўдыторыя ў нашага клубу, каб запаўняўся стадыён. Мы рабілі прапановы для спонсараў, інвестараў, рассылалі, але асобай рэакцыі яны не выклікалі. Тут толькі калі асабістая зацікаўленасць: калі ў чалавека ёсць грошы, і яму гэта падабаецца.

Парады ахвотным стварыць «з нуля» футбольны клуб у Беларусі

Па-першае, трэба вызначыцца, што ты хочаш ад гэтага клубу. Мы хацелі, каб клуб сам зарабляў грошы, таму, мы яго зарэгістравалі як юрыдычную асобу. Пры гэтым назву «Тарпеда» проста так зарэгістраваць мы не маглі – мы пыталіся дазволу на ўжыванне гэтага брэнду ў менскага «Тарпеда».

Пісалі афіцыйны ліст, яны далі нам дазвол. Пасля рэгістрацыі трэба вызначыцца, як ты хочаш будаваць: можна ж збіраць каманду, напрыклад, толькі па суботах на гульні. Мы ж разумелі, што ёсць шэраг футбалістаў, якім гэта можа быць цікава, і для іх было б матывацыяй гуляць у другой лізе з далейшай перспектывай росту, а мы ўкладваем сродкі ў трэніровачны працэс і ў аплату спаборніцтваў. Ну і таксама трэба вызначыць, дзе ты будзеш браць гульцоў, грошы.

Пра ўнікальнасць магілёўскага стадыёну «Тарпеда»

Там жа інфраструктура для каманды, там жа побач база, лес! І гэта нібыта акраіна гораду, але ў той жа час ты знаходзішся ў горадзе. Там выдатнае месца, ідэальнае! І цяпер яно становіцца такім затухлым. Мы сышлі, і можа хто там гуляе ў першынстве гораду, але гэта смешна для такога аб’екту.

Пра «матч году» супраць БАТЭ

Гульня з барысаўскім клубам у Кубку летась стала самай крутой падзеяй у нашай нядоўгай суверэннай гісторыі. Згулялі на вялікім стадыёне, на «Спартаку», прыйшло шмат людзей, быў такі антураж, барысаўскі клуб у прынцыпе прыехаў асноўным складам. Мы трымаліся амаль тайм, было па нулях, пацярпелі 0:4, але ў нас нават былі моманты. На той момант мы ў чэмпіянаце ўжо ішлі крыху так на спад, мы разумелі, што ў калектыве адбываецца нешта не тое, думалі, што гэтая гульня з БАТЭ дасць нейкія эмоцыі, але, на жаль, не дала нейкага эфекту, каб мы падняліся ў лізе. Ну і сам матч прынёс вялікі досвед, бо займаліся арганізацыяй гульні на вялікім стадыёне, анансавалі яе як матч году. Мы зрабілі гэтую гульню ледзь не асаблівай для Магілёва, бо «Дняпро» тады гуляў у першай лізе, а тут такая вялікая каманда прыязджае. Гэта быў такі выклік у межах адной гульні для нас, як для менеджараў, а таксама для гульцоў.

Некаторыя хлопцы працавалі да 16-ай, некаторыя на заводзе, і праз дзве гадзіны ў іх гульня з БАТЭ. Прыйшлі, пераапрануліся і пайшлі гуляць. Было, канешне, файна.

Глядзіце таксама:

Размаўляў Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў