Ні цягнікоў, ні самалётаў: як беларусы адпачываюць у анексаваным Крыме летам-2017


Крымскі паўвостраў заўжды быў адным з улюбёных накірункаў летняга адпачынку на постсавецкай прасторы. Пасля анексіі ў 2014 годзе, беларускія тураператары знялі з продажу пуцёўкі на паўвостраў. Але толькі на адзін сезон. Сёлета паміж матэрыком і Крымам ходзіць паром і аўтобусы з Беларусі перапраўляюцца на ім штотыдзень.

Мы пагутарылі з турфірмамі, якія прапаноўваюць адпачынак у «расейскім» Крыме і запыталі ў дырэктара пансіяната ў Алушце, ці часта там можна пабачыць беларусаў.

Жахі расейскай медыцыны і міф пра «танны Крым»

Ужо трэці год запар менская фірма «Южная Пальмира» адпраўляе групы турыстаў у Феадосію, Кактэбель, Судак.

Марыя, прадстаўнік кампаніі, распавяла belsat.eu пра складанасці, з якімі даводзіцца сутыкацца па дарозе на паўвостраў.

«У параўнанні з ранейшымі гадамі, канешне, менш стала турыстаў, менш аўтобусаў. Да 2014 году курсаваў цягнік, быў самалёт у Сімферопаль… Цяпер адзін перавозчык збірае людзей з усіх турфірмаў Менску і вязе ўсіх разам, кожныя 5-7 дзён выезды. З порту Каўказ у Керч ідзе паром. Беларускі аўтобус часцяком пакідае турыстаў на матэрыку, а ў Крыме ім прапануе трансфер мясцовы перавозчык. Другі варыянт – гэта калі наш аўтобус перапраўляецца на пароме разам з турыстамі.Такая дарога займае прыкладна 35 гадзін», – гаворыць Марыя.

Традыцыйная прычына, па якой беларусы абіраюць адпачынак у Крыме – нізкія кошты. Гэтак, «Южная Пальмира» прадае пуцёўкі па 180 долараў у нізкі сезон (травень-чэрвень і канец жніўня-верасень).

«За такія грошы можна выехаць толькі раннім летам або напрыканцы сезону. І гэта з пражываннем у нумарах без камфортных умоў, без кандыцыянеру. Раней у такі ж час пуцёўка каштавала 100-150 долараў на чалавека. Безумоўна, цэны павысіліся. Калі да мяне прыходзяць пажылыя людзі з надзеяй набыць танную пуцёўку, я рэкамендую ім паехаць лепш у Румынію», – распавядае турагент.

Яна адзначае, што кошты ў Крыме сёння мала адрозніваюцца ад Румыніі і Балгарыі, хаця ў апошніх узровень сэрвісу значна вышэйшы.

З дакументаў беларусам патрэбны толькі пашпарт, ніякіх дадатковых папераў. Але ў турфірме акцэнтуюць увагу на медычнай страхоўцы.

«Мы ўсе ведаем, якая медыцына ў Расеі. Калі чалавек не мае страхоўкі, з ім абыходзяцца, як з бяздомнікам, а не як з замежным турыстам. Медычныя паслугі а-ля бомж, сурʼёзна».

«Не чарніце наш Крым!»

У іншай менскай турфірме «Нікатур» таксама прызнаюць: дабірацца да паўвостраву на пароме цяжка. Але дырэктарка Валянціна Каробчанка ўпэўненая: беларусы ўсё адно не разлюбяць Крым.

«У людзей настальгія, яны любяць гэтыя мясціны. Праўда, цягнік у Сімферопаль больш не ходзіць, самалёты наўпрост не лятаюць. Можна за вялізарныя грошы паляцець праз Маскву, але ахвотных мала. Мы прадаем пуцёўкі па 250 долараў на 10 дзён. У адным аўтобусе кліенты некалькіх турфірмаў адначасова», – падзялілася дырэктарка.

На пытанне, ці не ўзнікае ў іх кліентаў пасля адпачынку ў Крыме праблем з паездкамі ва Украіну, Валянціна Міхайлаўна адрэагавала нервова:

«А з якой гэта вы мэтай распытваеце?! Вы наш Крым не чарніце! Журналісты мусяць правільна падаваць інфармацыю! У турыстаў нідзе не фігуруе тое, што яны перасеклі нейкую мяжу, бо мы з Расеяй у адзінай прасторы. Таму няправільна вы кажаце. Вось я 20 год на рынку турыстычных паслугаў і ведаю, што трэба людзям!»

Сапраўды, украінскае заканадаўства прадугледжвае санкцыі ў дачыненні да такіх турыстаў. Яны могуць атрымаць забарону на ўезд ва Украіну на некалькі гадоў.

«Ну і што? Галоўнае, беларускія законы мы ж не парушаем», – каментуе дырэктарка «Нікатур».

Ветлівы пансіянат у Прыветным: «Прыедуць па-любому»

Юры Рыгоравіч з сяла Прыветнага ля Алушты адказвае за прыём гасцей у сямейным пансіянаце «Канака». За 57 долараў у дзень прапануецца 2-х пакаёвы домік на берагу мора. Мы паспрабавалі высветліць, як часта беларускія госці прыязджаюць у «Канаку».

«Не часта, але папулярна», – лаканічна адказаў адміністратар.

Ён патлумачыў, што «звычайна гаворыць тэзісна» і папрасіў быць «больш канкрэтнымі». Аказалася, у пансіянаце з пачатку лета адпачывалі 15 семʼяў з Беларусі.

«Якое ў гасцей уражанне – гэта нашая з імі справа. Вам іх па прозвішчах назваць ці што?»

«Калі ў такім тоне весці гутарку з беларусамі, хто ж да вас прыедзе?», – заўважылі мы.

«Ды прыедуць па-любому! Да пабачэння», – адрэзаў Юры Рыгоравіч.

***

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за першыя шэсць месяцаў 2017 году, Крым наведала трохі больш за 1500 турыстаў. Самі расейскія ўлады прызнаюць: гэта на 4,2% ніжэй за такі ж перыяд у мінулым годзе. Дарэчы ў 2013 годзе Міністэрства курортаў і турызму тады яшчэ Аўтаномнай Рэспублікі Крым паведамляла пра 5 мільёнаў 890 тысяч гасцей.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў