Svenska Dagbladet: Расея скарыстаецца вучэннямі «Захад-2017», каб выпрабаваць усходні фланг NATO


Расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» могуць стаць пачаткам ваеннай аперацыі Масквы супраць NATO. У прыватнасці, удар можа быць нанесены па так званаму Сувальскаму калідору. Пра гэта піша шведскае выданне Svenska Dagbladet.

Манеўры «Захад-2017» адбудуцца 14-20 верасня. Паводле шведскага выдання, у Беларусь падчас вучэнняў могуць перакінуць дзве расейскія дывізіі з каля 30 тысяч жаўнераў. Плюс да таго Расея апошнім часам нарошчвала свае сілы ў Заходняй ваеннай акрузе і Калінінградзе.

«Стварыўшы такую ​​ваенную моц, Расея, магчыма, выкарыстоўвае вучэнні як падставу, каб пачаць абмежаваныя або больш правакацыйныя ваенныя гібрыдныя аперацыі і выпрабаваць усходні фланг NATO», – папярэджваюць палкоўнік Томаш Кавалік з Міністэрства абароны Польшчы і Дамінік Янкоўскі з МЗС Польшчы.

Svenska Dagbladet піша, што пад ударам Расея можа апынуцца Сувальскі калідор, які лічыцца «ахілесавай пятой» краінаў Балтыі. Гэта памежны ўчастак паміж Літвой і Польшчай шырынёй прыкладна 100 км, які на захадзе мяжуе з Калінінградскай вобласцю, а на ўсходзе – з Беларуссю. У выпадку яго захопу падчас вайны дарога ў краіны Балтыі для NATO будзе перакрытая.

Шведскае выданне нагадвае, што агрэсія супраць Грузіі ў 2008 годзе і Украіны ў 2014 годзе пачыналася як раз пасля маштабных вайсковых вучэнняў.

 

ІІ, belsat.eu; паводле Svenska Dagbladet і ИноСМИ

Стужка навінаў