Ідэолаг забараніў «Дзецюкам» прэзентаваць «Кароткую гісторыю Беларусі». «Тузін гітоў» падаў у суд


Беларускі музычны партал просіць прызнаць дзеянні начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму Паўла Скалабана незаконнымі.

Ідэолаг не дазволіў жывую прэзентацыю сольнага альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на вершы паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

«Сольнік» Дзянісаў прэзентаваў у чэрвені сёлета. Жывыя канцэрты меліся адбыцца ў верасні ў Горадні, Віцебску, Менску.

Арганізатары канцэрту напісалі заяву на атрыманне гастрольнага пасведчання ў Менгарвыканкам. Аднак пасля аналізу тэкстаў песень ідэолагі адмовілі ў правядзенні канцэрту. У адмове Павел Скалабан (ён і раней забараняў канцэрты гурта) упершыню спаслаўся на Кодэкс «Аб культуры» п.1.3 арт. 215 (раней канцэрты не дазвалялі са спасылкаю на ўказ Лукашэнкі №257, у якім вялося пра прапаганду вайны, экстрымізму ды іншага).

Падставай для адмовы ў правядзенні канцэрту з’яўляецца «заключэнне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выканання». Адпаведнага заключэння арганізатарам не далі, таксама як і не было тлумачэнняў ад Скалабана. Таму арганізатары вырашылі абскардзіць дзеянні дзяржаўнага органа. Заяву ў Менскі Эканамічны суд падаў кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін.

«Вырашаць гэтае пытанне мусяць самі слухачы, а не чыноўнікі ў кабінетах. Перакананы ў тым, што дзеянні ідэолагаў абсалютна незаконныя. Відавочна, што мы маем справу з цэнзураю. Прыкра, што нам перашкаджаюць падтрымаць Алеся Чобата – аўтара вершаў да гэтага альбому, які цалкам страціў зрок і жыве зусім адзін у сваёй хаце ў Скідзелі. Мы хацелі перадаць яму частку грошай, атрыманых з канцэрту», – распавядае Сяргей Будкін.

Пазіцыю арганізатараў канцэрту падтрымаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ён заявіў, што згаданы пункт Кодэксу аб культуры парушае заканадаўства, бо Канстытуцыя гарантуе свабоду выказвання думак, у тым ліку і ў мастацкай форме, а абмежаванні дапускаюцца толькі ў тых выпадках, калі гэта нясе небяспеку грамадскаму парадку, маральнасці, здароўю, правам іншых, але гэта не той выпадак.

Таксама партал просіць абавязаць ідэолагаў выдаць гастрольнае пасведчанне для прэзентацыі «Кароткай гісторыі Беларусі» на любую прымальную для арганізатараў дату.

Зборнік Алеся Чобата «Кароткая гісторыя Беларусі», які і натхніў гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава на запіс альбому паводле гэтых вершаў, пабачыў свет у 2014 годзе. Вершы апісваюць гісторыю Беларусі ад часоў князя Міндоўга да 1991-га года. Дзянісаў працаваў над альбомам цягам двух гадоў.

Дарэчы, гэта не першая супраца музыкі Дзянісава ды паэта Чобата. У 2014 годзе Алесь Дзянісаў разам з Валерам Руселікам стварылі кліп на песню «Турма», што на верш Чобата. Паэт удзельнічаў у здымках. А фолк-панкі «Dzieciuki», дзе Дзянісаў з’яўляецца адным з вакалістаў, у сваім другім альбоме пад назвай «Рэха» прадставілі дзве песні на вершы Чобата: «Станіслаў Панятоўскі» ды «Эпілог».

Алесь Чобат – аўтар шэрагу кніг, шматлікіх гісторыка-псіхалагічных эсэ, апавяданняў, хронік і біяграфій. Адзін з пачынальнікаў тэарэтычнай крэсалогіі. Перакладае з польскай мовы. Аўтар кніг «Год», «Новая Галілея», «Тутэйшая сага», «Край мой шчаслівы», «Кароткая гісторыя Беларусі». Аўтар гістарычных эсэ «Зямля св. Лукі», «Легенда пра чатырох мушкецёраў». Апошняя кніга – «Планета», выдадзеная ў 2016-м годзе.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў