«Новая газета»: У Чачэніі патаемна расстралялі 27 чалавек


Расейская «Новая газета» апублікавала спіс з 27 чалавек, якіх, паводле інфармацыі выдання, забілі ў ноч на 26 студзеня 2017 года ў Грозным пасля затрымання мясцовымі праваахоўнымі органамі.

Пры гэтым у расследаванні газеты адзначаецца, што агульная колькасць забітых можа дасягаць 56 чалавек.

Забітыя, паводле дадзеных «Новай», былі затрыманыя цягам студзеня ў рамках спецаперацыі, якая пачалася пасля забойства паліцыянта ў снежні 2016 года. Тады ж, у студзені, кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў заявіў, што гэта была банда, звязаная з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы».

Як піша газета, пасля забойства целы развезлі па розных могілках, у тым ліку хрысціянскіх. Па інфармацыі «Новай», рашэнне пра расстрэл было цэнтралізаваным, але «спантанным».

У распараджэнні журналістаў апынуліся фота-табліцы са здымкамі затрыманых, дзе паказана, супраць каго з іх былі распачатыя крымінальныя справы – побач з фота такіх людзей стаяць адзнакі «плюс». Але насупраць шэрагу фота – мінусы. І гэта «можа азначаць толькі адно – ліквідацыю», піша «Новая».

«Новая газета» адзначае, што інфармацыю пра масавае забойства выданню пацвердзілі дзве крыніцы: у Следчым камітэце і ў адміністрацыі Кадырава.

Газета заклікае да ўзбуджэння крымінальнай справы.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў