КДБ перадаў «справу патрыётаў» Следчаму камітэту


Следчы камітэт Беларусі прыняў да вытворчасці крымінальную справу ў дачыненні да шэрагу асобаў, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 287 Крымінальнага кодэксу (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).

Справа аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання была распачатая Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Пры гэтым крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч. 3 арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь КДБ спыніў.

«Следчым камітэтам працягваюцца працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на ўсталяванне ўсіх абставінаў супрацьпраўнай дзейнасці фігурантаў справы», – адзначаецца ў паведамленні ведамства.

Колькасць абвінавачаных па справе аб «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання» «Белсату» у Следчым камітэце назваць адмовіліся.

Арышты па «справе патрыётаў» пачаліся 21 сакавіка. Дзяржаўныя СМІ абвясцілі аб выкрыцці «глыбока заканспіраванай» арганізацыі «Белы легіён», якая нібыта рыхтавала ўзброеныя правакацыі. У сакавіку КДБ распачаў крымінальную справу аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, а ў красавіку ўпершыню ў гісторыі Беларусі была распачатая крымінальная справа па артыкуле «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання».

Усяго ў ходзе следства па «справе патрыётаў» праз арышты прайшлі 35 чалавек. Паводле звестак праваабаронцаў, 14 фігурантаў справы застаюцца цяпер у СІЗА.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў