Выпадковасць ці падпал? Што адбылося з гістарычным будынкам у сэрцы Горадні (+відэа з дрона)


За пяць дзён да аўкцыёну раптам загарэўся гістарычны будынак гарадзенскага піўзаводу. Але гэта – толькі частка або завяршэнне драматычнай гісторыі, якую перажывае ў апошнія гады помнік архітэктуры з вельмі прывабнай лакалізацыяй – проста ў цэнтры Горадні.

Гістарычны аб’ект згарэў, а ўнутр зараз можа патрапіць кожны

Франтон гарадзенскага піўзаводу.

Пажар гасілі некалькі гадзінаў. Пажар пашкодзіў трэці паверх галоўнага будынку ды цалкам знішчыў дах. Да пажару кошт піўзаводу складаў 1,5 млн рублёў. Цяпер лот з аўкцыёну зняты ды чакае на пераацэнку.

Следства разглядае версію падпалу, па справе праходзіць некалькі дзясяткаў фігурантаў. Магчыма, гэта быў наўмысны падпал, каб атрымаць кампенсацыю, хаця будынкі піўзаводу былі незастрахаваныя.

Пажар на піўзаводзе. Горадня 21 траўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат
Пажар на піўзаводзе. Горадня 21 траўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат
Пажар на піўзаводзе. Горадня 21 траўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Апошнія некалькі год піўзавод не ахоўваўся і туды мог патрапіць кожны ахвотны. Па горадзе ходзяць розныя чуткі пра прычыны пажару. Некаторыя сцвярджаюць, што ў дзень пажару бачылі, як з тэрыторыі комплексу ўцякалі дзеці, іншыя кажуць пра невядомых у масках.

Уваходная брама на тэрыторыю піўзаводу застаецца адчыненай і туды, як і раней, можна свабодна патрапіць. Не дзіўна, калі ў хуткім часе аматары лёгкай нажывы павыцягваюць з будынкаў усё, што можна прадаць, як другасную сыравіну.

Як фірма-уладальнік хацела прадаць увесь метал з піўзаводу

У 2012 кампанія «Экапрамэнерга» набыла піўзавод за суму ў памеры каля 400 тыс. долараў ЗША. Першапачаткова кампанія прадставіла цудоўны праект па аднаўленню піўзаводу: стварыць музей піва, адчыніць гасцёўню ды рэстаран, перазапусціць вытворчасць піва для ўласнага рэстарану і нават зрабіць пляцоўку для невялікіх летніх канцэртаў. Але кампанія праект не рэалізавала. Больш за тое, не выключана, што «Экапрамэнерга» увогуле планавала разабраць будынкі ды выкарыстаць як другасную сыравіну.

 

Дадзеную інфармацыю для Belsat.eu пацвердзіў былы супрацоўнік Аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, які пажадаў застацца невядомым:

«Фірма часткова спецыялізавалася на гандлі металам, не дарма ж яны пачалі набіраць кадры па мантажу і дэмантажу металёвых канструкцый. У хуткім часе з заводу пачалі вывозіць металёвыя рэчы. Былі меркаванні, што кампанія плануе вывезці ўвесь метал з тэрыторыі піўзаводу. Прыкладныя падлікі сведчаць, што кошт усяго металу мог скласці каля 400 тыс. долараў ЗША. Вам не падаецца што гэта цікавае супадзенне з першапачатковым коштам піўзаводу? Такім чынам кампанія «адбівае» свае ўкладзеныя сродкі і яшчэ пакідае за сабой будынкі піўзаводу».

Піўзавод цяпер выгладае так.

Каб адцягнуць ад сябе падазрэнні, «Экапрамэнерга» перадае правы на ўладанне «ПрамІнвестТэхналогіі», у выніку аказалася, што абедзве фірмы маюць таго ж самага ўласніка. У кіраўніцтва кампаніі нібыта была новая праграма па адраджэнні піўзаводу, якую таксама не рэалізавалі. Маёмасць перапрадалі кампаніі «ЖаВасІнвест», якая патрапіла ў скандал пасля таго, як кіраўніцтвам зацікавілася МУС. Рашэннем суда піўзавод меліся перадаць у гарадскую маёмасць, але ўлады Горадні не хацелі браць на сябе дадатковую адказнасць за ўтрыманне абʼекту. У выніку перадачы не адбылося, ранейшыя здзелкі прызнаныя страціўшымі сілу і фармальным уласнікам застаецца збанкрутаваная кампанія «Экапрамэнэрга».

Ці знойдзецца новы ўласнік пасля пажару? Пакуль не вядома, ці будзе прызначаны новы кошт і на якіх умовах піўзавод, які месціцца проста ў цэнтры гораду, можа займець новага ўласніка.

Гісторыя росквіту і заняпаду гарадзенскага бровара

 

Гарадзенскі піўзавод мае амаль 150-гадовую гісторыю, якая бярэ свой пачатак у 1868 годзе. Купец-аўстрыяк, які скончыў курсы півавара ў Празе, Ёган Кунц заснаваў бровар на месцы былога палацу Сапегаў на беразе Нёмна. Раскруціўшыся, Кунц пачаў будаўніцтва соладавай вежы і ў 1877 годзе завод пачаў весці актыўную дзейнасць. Піўзавод Кунца славіўся высокай якасцю піва далёка за межамі Гарадзеншчыны, але ў 1897 годзе Ёган Кунц перадае піўзавод дваім сынам. Пасля смерці Ёгана, у 1907 годзе, якасць піва пачынае псавацца.

Напачатку 1950-х гадоў піўзавод быў мадэрнізаваны, але якасць піва не вельмі адрознівала ад агульнасавецкай. Без асаблівых зменаў піўзавод праіснаваў да пачатку 1990-х гадоў. Гарадзенцы, якія памятаюць смак піва з 90-х, без захаплення ўзгадваюць прадукцыю, а некаторыя сцвярджаюць, што гарадзенскае піва было настолькі брыдкім, што піць гэты напой было немагчыма.

На пачатку 2000 гадоў флагманам у піўной прамысловасці становіцца Лідскі бровар. Праз адсутнасць мадэрнізацыі і інвестыцыяў гарадзенскі піўзавод не вытрымаў канкурэнцыі, і ў 2007 годзе канчаткова збанкрутаваў і быў зачынены.

Гарадзенскім піўзаводам зацікавіўся знакаміты расейскі піўны гігант «Балтыка». Кампанія хацела інвеставаць сродкі ў мадэрнізацыю піўзавода, аднак, узнік канфлікт інтарэсаў паміж прадстаўнікамі кампаніі і кіраўніцтвам «вышэйшага ўзроўню», таму здзелка не адбылася і піўзавод быў выстаўлены на продаж.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў