Наступ на Раку можа стаць пачаткам канца ўлады ісламісцкай групоўкі.
Штурм гораду Рака – фактычнай сталіцы непрызнанай у свеце экстрэмісцкай «Ісламскай дзяржавы» – распачаўся ў аўторак, падае Reuters са спасылкай на Сірыйскія дэмакратычныя сілы. Такім чынам, пачалася аперацыя, якая можа пакласці канец уладзе ці не найбольш вычварнай і магутнай групоўцы ісламістаў.
Ваенна-палітычны альянс СДС – шматэтнічны і шматрэлігійны кангламерат палітычна-вайсковых фарміраванняў – змагаецца з радыкальнымі суніцкімі групоўкамі салафіцкага толку, а таксама супернічае з Башарам Асадам. Асноўную ролю ў СДС граюць курды, аднак прысутнічаюць таксама мусульмане іншых этнасаў (арабы, туркмены, чэркесы, чачэнцы) і хрысціяне (армяне і асірыйцы). Усе яны абвесцілі сваёй мэтаю пабудову секулярнай дэмакратычнай Сірыі з федэратыўным дзяржаўным ладам.
Пачатак аперацыі па захопе сірыйскай Ракі супадае з апошнімі стадыямі бітвы за Масул – галоўнага іракскага гораду пад кантролем ІД. Пасля некалькіх месяцаў цяжкай аблогі там застаецца пад кантролем ісламістаў усяго некалькі квадратных кіламетраў гарадской забудовы.
Наступ на Раку плануецца весці адразу з поўначы, захаду і ўсходу. Плануецца цалкам атачыць горад, а потым ачысціць яго ад тэрарыстаў.
«Няма праўды ў паведамленнях, што мы дамовіліся з ІД адкрыць паўднёвы напрамак як калідор для выхаду. Мы не дазволім ІД выйсці», – заявіў прадстаўнік СДС Талаль Сіла, паведамляе асноўны курдскі партал навін.
Нядаўна Пентагон абвесціў, што войскам кааліцыі важна менавіта блакаваць і фізічна знішчаць ісламістаў, не дазваляючы ім адступіць і перагрупавацца. Важна таксама знішчаць кадры найбольш дасведчаных тэрарыстаў, каб яны не змаглі перадаваць свой досвед і веды навабранцам.
Падтрымліваюць войскі дэмакратычнага секулярнага альянсу авіяцыя, інструктары і падраздзяленні спецыяльнага прызначэння ЗША, Францыі і, магчыма, Вялікай Брытаніі. Яны таксама пастаўляюць войскам альянсу ўзбраенне.
«У нас ёсць дамоўленасць з сіламі кааліцыі, асабліва са Злучанымі Штатамі, што яны паставяць нам узбраенне для аперацыі па вызваленню Ракі», – дадаў Сіла.
Камандуючы антыісламісцкай міжнароднай кааліцыі амерыканскі генерал-лейтэнант Стывен Таўнсенд таксама адзначыў пачатак наступу на сталіцу ІД.
«Міжнародная кааліцыя і сілы нашых партнёраў паступова разбураюць існуючы халіфат ІД. Калі ІД будзе разбітая ў Масуле і Раке, яшчэ трэба будзе доўга змагацца, аднак гэтая кааліцыя мае сілы і цвёрды намер, каб цалкам вынішчыць ІД у Іраку і Сірыі», – сказаў генерал.
«Будзе цяжка пераканаць новых рэкрутаў, што ІД можа перамагчы, калі яны згубяць абедзве свае «сталіцы» у Іраку і Сірыі», – дадаў Таўнсенд.
Хутчэй за ўсё, атачэнне і штурм Ракі будзе працягвацца некалькі месяцаў – гарадскія баі цяжкая справа, а сярод байцоў СДС не так шмат дасведчаных вайскоўцаў. Да таго ж Турцыя адчувае небяспеку з боку сірыйскіх курдаў: такія ж курды, але на тэрыторыі Турцыі вядуць партызанскую вайну супраць турэцкіх войск.
Пасля захопу Ракі ўлада над горадам будзе перададзеная цывільнай радзе з ліку мясцовых жыхароў – менавіта так дзейнічаюць СДС, якія ўжо захапілі вялікія тэрыторыі на паўночным усходзе Сірыі.
Горад пасля бітвы можа быць амаль цалкам разбураны, а баевікі, якія застануцца ў ім пасля атачэння, будуць знішчаныя да апошняга, аднак вайна з ІД можа зацягнуцца яшчэ надоўга, бо паступова з поўнамаштабнай пераўтворыцца ў змаганне паміж тэрарыстычным падполлем з аднаго боку і спецпадраздзяленнямі паліцыі з іншага.
Аляксандр Гелагаеў