«Калі ўсё будзе пад Віцем, дні Лукашэнкі злічаныя». Працяг інтэрв’ю з маёрам КДБ, які ўцёк у Швецыю


Маёр КДБ Андрэй Молчан выкрыў схему кантрабанды нафтапрадуктаў з Беларусі – за гэта яго звольнілі з органаў. Афіцэр уцёк у Стакгольм, дзе папрасіў палітычнага прытулку, але шведскія ўлады адмовілі. Цяпер яму пагражае дэпартацыя ў Беларусь і турэмны тэрмін за выдаванне дзяржаўных сакрэтаў.

Як КДБ пераследуе актывістаў апазіцыі і як ставіцца да сваіх супрацоўнікаў? Хто можа стаць канкурэнтам Лукашэнкі і чаму КДБ забяспечвае «элегантную перамогу» на кожных выбарах? Раней Молчан ужо распавёў нам падрабязнасці кантрабанднай схемы, а адказы на гэтыя пытанні – у другой частцы эксклюзіўнага інтэрвю «Белсату».

Пра кампанію Чыжа і пусты вагон

– Працягваючы тэму кантрабанды варта адзначыць, што ўдзел расейскага пастаўшчыка неабавязковы, пазней схему з растваральнікамі асвоіла і падкантрольная Чыжу кампанія – ТДА «Белнафтагаз». Тыя ж маніпуляцыі можна правярнуць з беларускім бензінам. Гэтак, на заводзе «Палімір» вырабляюць растваральнікі, якія ідуць у Прыбалтыку. «Белнафтагаз» пастаўляла іх у Латвію на тэрмінал «Вентспілс». У 2008 годзе падчас мытнага кантролю і дагляду высветлілася, што адзін з апламбаваных вагонаў быў не толькі пусты, але нават сухі ўнутры. Паводле накладных і ўсіх дакументаў, там перавозілі каля 50 тысяч кілаграмаў тэхнічнага растваральніку. Матэрыял праверкі быў накіраваны ў аддзел расследаванняў Полацкай мытні, адтуль – у Віцебскую мытню і пасля патрапіў у нашае поле зроку. Але, зразумела, блізка да кампаніі Чыжа мне ніхто не даў падыйсці. Пасля гэтай гісторыі стала ўжо цалкам зразумела: спыніць кантрабанду законнымі метадамі немагчыма. Суды ўсіх інстанцый яе апраўдаюць. Няма сэнсу змагацца.

Матэрыялы праверкі ТДА “Белнафтагаз”, якія Полацкая мытня накіравала ў Віцебскую

Пра стаўленне да сваіх: «Для КДБ людзі – гэта смецце»

– Я зразумеў, што стаўленне да сваіх супрацоўнікаў у кіраўніцтва КДБ такое: «я начальнік, ты дурань». Калі расследаванне кантрабанды пачалі згортваць, усе навокал казалі, што не маюць да гэтай справы дачынення, а я, паводле кіраўніцтва Віцебскага КДБ, ледзь не вораг беларускай эканомікі. Канкрэтна прэсаваў намеснік начальніка ўпраўлення па Віцебскай вобласці Атрошчанкаў, які курыраваў сферу барацьбы з карупцыяй. Пазней яго перавялі на аналагічную пасаду ў Менск, а ў нас гэта азначае павышэнне. Сістэма КДБ працуе так, што выканаўца заўжды з краю. У любы момант ад цябе адварочваюцца, табой прыкрываюцца, з цябе робяць «казла адпушчэння». Для КДБ людзі – гэта смецце.

Копія ваеннага білету Молчана з запісам аб звальненні з КДБ

Пра Лукашэнак – бацьку і сына: «Адступаць няма куды»

– Лукашэнка – не Ельцын, адступаць яму няма куды. Свайго сына Віктара ў якасці пераемніка ён не разглядае. Віктар – шэры кардынал, асоба не публічная, не разрэкламаваная. У сям’і пастаянна ідзе вайна. Віктар узначаліў маладую каманду і выступіў супраць старой каманды на чале з Шэйманам, пачаў прасоўваць свае інтарэсы. Супрацьстаянне ў любы момант магло па-рознаму павярнуцца. Хто стаіць за адстаўкамі міністраў, дырэктараў буйных заводаў? Ідзе канфрантацыя. Віктар для Лукашэнкі – не нагода адмаўляцца ад Шэймана. Хаця цяпер Шэйман і дробны даручэнец, але сваю адданасць ён даказваў дзесяцігоддзямі, рот не раскрываў ніколі.  Няхай і рукі ў яго ў крыві. Лукашэнка ведае, што Шэйман не стрэліць у спіну, а Віктар падседжвае, падседжвае паціху. Насамрэч, каб змясціць Лукашэнку, варта «падмяць» пад сябе сілавы блок, што Віктарам фактычна зроблена. Таму пакуль на адкрытую канфрантацыю з «маладымі ваўкамі» Лукашэнка-старэйшы не ідзе, бо вынік прадказальны: праз адкрыты канфлікт наступіць яго змяшчэнне з пасады прэзідэнта. Але калі ўсё будзе пад Віцем, ягоныя дні таксама злічаныя.

Пра супрацьстаянне сілавікоў: «КДБ спрычыніўся да адстаўкі экс-старшыні МУС Навумава»

– У імкненні адхіліць Наумава ад кіравання Міністэрствам унутраных справаў, людзі Віктара Лукашэнкі ціснулі на ягоных падначаленых, пасыпаліся абвінавачванні, напрыклад, у карупцыі ў дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў з МУС. Вядома, КДБ спрычыніўся да гэтага. Інфармацыю на Навумава і атачэнне збіралі доўга і рэалізавалі адразу, каб удар быў мацнейшым. І так адбылося шмат з кім – калі чалавек адкрывае рот, будуць прыкладзеныя ўсе намаганні, каб гэты рот закрыць.

Пра старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка:

– Калі я працаваў у КДБ, Вакульчык быў старшынём Аператыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ). Ведаеце, нічога добрага я пра яго не чуў. Чалавек гэты вельмі помслівы, надзвычайна. У чалавека праблемы з псіхікай, кажуць, што ён перанёс псіхічнае захворванне і яго хацелі камісаваць са службы па стане здароўя. Але ён паказаў сябе патрэбным – Вакульчык заўсёды гатовы выканаць усё, што яму скажуць. Пасля Мацкевіча кіраўнікоў КДБ прызначаюць паводле такога крытэру. Раней, да працы ў ААЦ, Вакульчык ужо быў у КДБ і сышоў з канфліктам, а калі вярнуўся на цяперашнюю пасаду – пазвальняў былых апанентаў. Ён мае непасрэднае дачыненне да Памежнага камітэту і частку сваіх «маладых ваўкоў» прывёў адтуль, што і дапамагло ўмацаваць пазіцыі. Адназначна, «маладыя ваўкі» перамаглі.

Пра пераслед актывістаў: «Загад – нейтралізаваць»

– Падрыхтоўка да выбараў-2010 пачалася за месяцаў шэсць. У траўні 2010 году кіраўніцтва загадала мне і яшчэ чатыром афіцэрам Віцебскага КДБ «фізічна нейтралізаваць» аднаго з актывістаў апазіцыі (рэдакцыі вядомае імя актывіста, але мы не называем яго паводле прынцыпаў этыкі – К.А). Гаворкі пра забойства, канешне ж, не вялося. Трэба было проста збіць, маскіроўка пад звычайны крымінал, зрабіць інсцэніроўку нападу хуліганаў. Я не мог выканаць такі загад. Праўда, не адмовіўся рэзка, а проста пачаў зацягваць выкананне. Начальнік літаральна крычаў ад злосці.

Паралельна я расследаваў кантрабанду, усё супала і мяне звольнілі. Што адносна пераследу апазіцыі, то, безумоўна, усе тэлефоны праслухоўваюцца, вывучаецца перапіска, даследуецца сям’я чалавека, яго слабыя месцы, на якія пры патрэбе можна націснуць. Вонкавае назіранне за аб’ектам уваходзіць у абавязкі сакрэтнага апарату КДБ, яны сочаць і перадаюць інфармацыю. Сярод пагрозаў самая распаўсюджаная – крымінальны пераслед.

«Калі мы прайграем выбары, тут не будзе працаваць ніхто з нас»

– Падчас выбараў робіцца няважна, у якім аддзеле ты працуеш. Падрыхтоўка да выбараў прэзідэнта аўтаматычна ўваходзіць у задачу ўсіх супрацоўнікаў КДБ, выключэнняў няма. Ведаеце, як казала кіраўніцтва? «Калі мы прайграем выбары, тут не будзе працаваць ніхто з нас». Менавіта «мы» прайграем. То бок, акрамя дзяржаўных структураў, за перамогамі Лукашэнкі стаіць КДБ.

Андрэй Молчан

Пра страх

– Так, я баюся пераследу за тое, што зрабіў публічнымі пэўныя дакументы. Паводле ўмоваў кантракту, выдаваць змест аператыўных матэрыялаў катэгарычна забаронена нават пасля звальнення з органаў. Даць вам інтэрвю я вырашыў толькі таму, што цяпер мне пагражае дэпартацыя ў Беларусь. Паводле мясцовых спецслужбаў, я ўяўляю пагрозу для Швецыі. А на радзіме беларускі суд «прыме ўзважанае справядлівае рашэнне». Натуральна, апынуся ў турме.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў