У Берасці завялі крымінальную справу на актывістку – вінавацяць у абразе Лукашэнкі


Берасцейская актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк пераведзена са статуса сведкі ў статус падазраванай па справе вывешанага ў Берасці банера з надпісам: «Лукашенко, ты урод! Хватит грабить наш народ!».

Пра гэта паведамляе «Радыё Рацыя».

Крымінальную справу справу за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт 368 КК) распачаў Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Цяпер Паліне Шарэнда-Панасюк пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі.

16 лютага ў Берасці была вывешаная расцяжка «Лукашенко, ты урод! Хватит грабить наш народ!». Па факце вывешвання гэтага банэра была спачатку заведзеная адміністратыўная справа. Міліцыянты правялі апытанне актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Шарэнды і яго жонкі Паліны Шарэнда-Панасюк. Пасля была праведзеная лінгвістычная экспертыза тэксту банера, якая зрабіла выснову аб наяўнасці прыкметаў абразы прэзідэнта.

Сёння ў Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэту выклікаюць таксама мужа Паліны, Андрэя Шарэнду. Магчыма, ён стане яшчэ адным падазраваным па крымінальнай справе за абразу прэзідэнта.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў