Расейскі палітолаг: Хакеры робяць палітыку чысцей


Іван Праабражэнскі у гутарцы з «Белсатам» – пра тое, як Захад пакарае расейскіх хакераў і чаму кібервойска больш эфектыўнае за авіябомбы.

Заходняя прэса піша, што Макрон адпомсціць расейскім хакерам, якія ўзламалі серверы ягонага штабу. Ці пачнецца французска-расейская хакерская вайна? Ці Францыя будзе дзейнічаць у нейкім больш традыцыйным полі?

Кібервойны доўжацца даволі даўно – ад моманту хакерскіх нападаў на эстонскія дзяржаўныя органы пасля зносу помніка савецкім жаўнерам. З тых часоў НАТА прыняло стратэгію процідзеяння кіберпагрозам. Можна меркаваць, што ў рамках існуючых структураў НАТА, Еўразвяза, французскага Міністэрства ўнутраных справаў (менавіта яно займаецца правядзеннем выбараў і падлікам галасоў) створаць нейкія новыя падраздзяленні. Найбольш верагодна, што будзе змяняцца – як гэта было ўжо ў некаторых краінах – канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, у якой будуць прапісваць нейкі ўмоўны план дзеянняў на выпадак кіберпагрозаў. Такое ёсць ужо ў Расеі, ЗША ды той жа Эстоніі.

Дастаткова паглядзець, як ЗША рэагавалі на падобныя хакерскія напады з боку Кітая некалькі гадоў таму. З аднаго боку органы ўлады там спрабавалі сябе засцерагчы ад паўтору такіх нападаў, з другога – быў сур’ёзны палітычны ціск на Кітай, увялі некаторыя негалосныя санкцыі і дасягнулі маўклівай згоды, што такога больш Кітай не дапусціць.

Сучасны расейскі палітычны рэжым такі, што з ім вельмі складана дамаўляцца. Калі кітайскі бок трымаецца ўмоваў такіх тайных пагадненняў, то расейскі бок – прынамсі ад 2014 года – зусім не заўсёды.

Гэта стварае поле для дзеянняў у адказ з боку Францыі: напэўна распачнуць крымінальныя справы, яны паспрабуюць правесці нейкіх канкрэтных асобаў і вызначыць, хто мог аддаваць загады. Максімум, што тут можна зрабіць – перадаць крымінальную справу ў Інтэрпол і закрыць уезд на тэрыторыю Еўрапейскага звязу праз агульныя «чорныя спісы».

А наколькі, наагул, разумна было з боку Расеі так адкрыта падтрымліваць Ле Пэн, не маючы гарантыяў, што яна пераможа?

З пункту гледжання класічнай тэорыі міжнароднай палітыкі гэта была абсалютна бессэнсоўная, памылковая і правальная пазіцыя. На жаль, гэта сведчыць пра ўзровень вонкавапалітычнага аналізу, які можа вырабляць МЗС, частка адміністрацыі прэзідэнта, якая адказвае за вонкавую палітыку і, хутчэй за ўсё, спецслужбы, якія давалі такія рэкамендацыі палітычнаму кіраўніцтву.

Гэтая памылка сведчыць пра недастаткова адэкватную, у цэлым, пазіцыю расейскага кіраўніцтва, якое прыхільна ставілася да рэкамендацыяў адносна падтрымання Марын Ле Пэн, а таксама пра тое, што ў Крамлі не давяраюць інфармацыі з адкрытых крыніцаў пра тое, што адбываецца за межамі Расейскай Федэрацыі.

Вельмі моцная канспіралогія перашкаджае правесці адэкватны аналіз і прыняць разумнае рашэнне прынамсі неўмяшання ў французскую палітыку і заняць – як у мінулым рабілі расейскія ўлады – максімальна нейтральную пазіцыю, незалежна ад таго, хто і з кім змагаецца на выбарах.

Еўропа не будзе замінаць Расеі ўмешвацца ў выбары

А цяпер, напярэдадні выбараў у Нацыянальны сход, але пасля перамогі Макрона Расея тэрмінова з ім пасябруе ці працягне падтрымліваць Ле Пэн?

Думаю, сяброўства з Макронам не будзе. У Маскве паразу Ле Пэн і перамогу Макрона разглядаюць як плявок у бок Крамля. Ніхто не глядзіць на тое, што ў такім выпадку гэта плявок ад французскіх выбаршчыкаў, а не Макрона ці палітычнай эліты, як гэта намагаюцца прадставіць у Маскве.

З прычыны персаналістычнага падыходу ў палітыцы Масква напэўна не будзе «тапіць» за Нацыянальны фронт і падтрымліваць яго, як падтрымлівала асабіста Ле Пэн. Магчыма, падтрыманне атрымаюць асобныя кандыдаты ад НФ, у якіх існуюць нефармальныя адносіны з кімсьці з расейскага кіраўніцтва. Там такія людзі ёсць.

Ці будуць улічваць падчас будучых выбарчых кампаніяў у Еўропе новы фактар – кіберзлачынцу, які падтрымлівае таго ці іншага кандыдата? Ці ўсё будзе падобнае да таго, што было ўвосень у ЗША, а цяпер – у Францыі?

Сітуацыя будзе падобная да французскай. Дзякуючы таму, наколькі доўга і непераканаўча пра гэты фактар казалі ў ЗША, нічога так і не давёўшы ў публічнай прасторы, большая частка палітычных элітаў еўрапейскіх краінаў патэнцыйную пагрозу з боку Расеі ўсурʼёз не ўспрымае. Адзіная краіна, дзе гэта абмяркоўваецца сурʼёзна – Нямеччына. Але там іншая асаблівасць: у Нямеччыны няма прарасейскага кандыдата на пасаду федэральнага канцлера. Ні Ангела Мэркель, ні яе патэнцыйны канкурэнт ад сацыял-дэмакратаў не з’яўляюцца прыхільнікамі Уладзіміра Пуціна і цяперашняга расейскага кіраўніцтва.

Большае, чаго можна сцерагчыся ад гэтай сітуацыі – спробы паўплываць на карысць сярэдніх партыяў – левых або такіх як «Альтэрнатыва для Нямеччыны», каб яны атрымалі як мага больш месцаў у новым складзе Бундэстагу. У любым выпадку, мы не ўбачым іх у наступным складзе ўраду Нямеччыны.

Нямеччына можа гэтага баяцца і пра гэта казаць, але для яе гэта – не крытычная пагроза. А ў краінах, дзе расейскі ўплыў значна вышэйшы, пагроза з боку Расеі не разглядаецца і не абмяркоўваецца – напрыклад, у Чэхіі, дзе ўвосень пройдуць парламенцкія выбары і будзе сфармаваны ўрад. Ці Італіі, дзе да ўлады можа прыйсці папулісцкі рух «Пяць зорак».

Калі Расея вырашыць паўплываць на выбары ў еўрапейскіх краінах, ніхто не будзе гэтаму перашкаджаць, і расейскае ўмяшанне будзе для палітыкаў гэтых краінаў непрыемнай або, наадварот, прыемнай нечаканасцю – у залежнасці ад таго, якія ў іх адносіны з Крамлём.

Хакерскія напады на сумленных палітыкаў нікому не патрэбныя

А спецслужбы гэтых краінаў будуць проста назіраць за гэтым ці паспрабуюць усё ж такі ставіць нейкія электронныя сцены для магчымых хакераў?

Напэўна будуць спрабаваць ставіць сцены – гэта ўжо спаборніцтва спецыялістаў. Але сцены, якія ставяць міжнародныя банкі, нашмат больш трывалыя за тыя,  што ставяць нават сур’ёзныя спецслужбы – і, тым не менш, іх часам ўзломваюць. У тым і ёсць небяспека сеткавай прасторы, што стоадсоткавую гарантыю ад паспяховай атакі ніхто практычна не мае.

Па вялікім рахунку, гаворка ідзе пра тое, што вонкавы ўплыў на выбарчыя працэсы – безумоўна негатыў, але хакерскія атакі таксама раскрываюць інфармацыю, якую кандыдаты свядома хавалі. І ў гэтым сэнсе, як ні парадаксальна, ускосна падобныя напады вядуць да таго, што кандыдаты вымушаныя быць значна больш сумленнымі – прынамсі тыя, хто не падзяляе палітыкі Крамля.

Трэба разумець, што шанцы схаваць інфармацыю, якая цябе кампраметуе, сталі значна ніжэйшыя. Гэта зусім не ўваходзіць у планы тых, хто арганізоўвае хакерскія атакі, але зніжэнне закрытасці палітычнай карпарацыі можа стаць пазітыўным пачаткам на будучыню.

Намаганні абараняцца ад падобных нападаў не толькі пры дапамозе спецслужбаў, але і праз стварэнне сапраўды сумленных рэпутацыяў, з’яўленне палітыкаў, на якіх практычна няма кампрамату, – відавочны пазітыў. Тым самым рызыка падобных нападаў будзе зніжацца: хакерскія атакі на сумленных палітыкаў нікому не патрэбныя. Адзінае, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі – выкідваць адкрыты фэйк.

Але партыі могуць напярэдадні выбараў знайсці і выставіць абсалютна чыстага кандыдата.

Калі партыі будуць баяцца вонкавага ўплыву – так, гэта будзе працаваць так. Але хакеры – не расейскае ноў-хаў. У той жа Чэхіі раней былі скандалы з публікацыяй узламанай перапіскі прэмʼер-міністра і іншых вядомых палітыкаў. Да гэтага не магла дачыняцца ніякая вонкавая сіла – у той момант у краіне ішла ўнутрыпалітычная барацьба. У прынцыпе, хакеры дапамагаюць расчысціць аўгіевы стайні палітыкі ды павысіць давер да дэмакратычных палітыкаў, партыяў і інстытутаў, які ў Еўропе апошнім часам адчувальна знізіўся.

Ці заканадаўча краіны неяк будуць рэагаваць на такія хакерскія напады?

На ўзроўні выбарчага заканадаўства забараніць зʼяўленне кампрамату абсалютна немагчыма. З аднаго боку гэта кампрамат, з другога – рэальныя звесткі пра кандыдата.

Магчыма будзе падвышацца крымінальная адказнасць за падобныя дзеянні, больш падрабязна распрацуюць заканадаўства ў галіне пакарання за хакерскія атакі, узлом пошты ці сервераў, але ў прынцыпе гэта ўжо і цяпер – крымінальна каральныя дзеянні, за якія можна абвясціць у міжнародны вышук, арыштаваць ды пакараць.

Было б толькі каго абʼяўляць: немагчыма казаць пра тое, што «злачынства здзейсніла Расея». Рашэнне пра віну Расеі як дзяржавы павінна прымаць ААН, а злачынства мусіць быць узроўню генацыду. Калі гаворка ідзе пра хакерскія напады, можна сказаць, што «расейскія ўлады ініцыявалі…». Або «хакеры A, B і C, грамадзяне Расейскай Федэрацыі, здзейснілі хакерскую атаку…». Але тады трэба даказаць іх сувязь з расейскімі дзяржаўнымі структурамі. Тэхнічна ажыццяўленне такіх мераў – практычна нерэальна.

А вось з іміджавага пункту гледжання гэтыя прыёмы, магчыма, перастануць працаваць так моцна, як яны працуюць цяпер. Вера ў падобны кампрамат будзе зніжацца з улікам таго, што нічога не зразумела і не вызначана. Калі мы не ведаем, хто ажыццявіў хакерскую атаку (адзін бок заяўляе адно, другі – другое, трэці вылучае яшчэ адну, нязвязаную з першымі дзвюма версіямі) шараговы выбарнік проста махне рукою: «Хопіць, я не хачу гэтым больш цікавіцца, хутчэй за ўсё, усё гэта – хлусня». Пачнецца ігнараванне такой інфармацыі, і медыі, у тым ліку, з вялікай доляй верагоднасці, пачнуць зніжаць колькасць падобных публікацыяў.

Расея – гандляр страхам

Выдачы затрыманага ў Чэхіі расейскага хакера Яўгена Нікуліна адначасова просяць і ЗША, і Расея. Ці апошняя хоча яго пакараць ці абараніць?

Расея традыцыйна выступае супраць таго, каб яе грамадзянаў выдавалі ў трэція краіны, і гэта не звязана з цяперашнім палітычным рэжымам. Хочуць яго абараніць ці пакараць – можна будзе сказаць толькі, калі яго выдадуць у Расею, і яго там, скажам, асудзяць на ўмоўны тэрмін. Відавочна, што Расея не зацікаўленая, каб яе грамадзяне траплялі пад падобныя падазрэнні незалежна ад таго, ці ажыццяўляюцца падобныя напады з тэрыторыі Расеі, ці расейскімі грамадзянамі.

З іншага боку, расейскія ўлады цяпер адназначна зацікаўленыя ў тым, каб інфармацыя пра тое, што яны могуць наносіць падобныя ўдары працягвала цыркуляваць у свеце. Расея з’яўляецца гандляром страхам, гандляром уплывам: яна дэманструе ўласную моц і такім чынам нарошчвае свой вонкавапалітычны ўплыў без вялікіх выдаткаў. Можна параўнаць выдаткі на ўмоўную хакерскую атаку і ўмоўную аперацыю ў Сірыі: мы разумеем, наколькі адно даражэйшае за другое з іміджавага, фінансавага і чалавечага боку. А вонкавапалітычны эфект ад аднаго і ад другога можа быць практычна аднолькавым.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Відэасюжэт пра тое, як Эмануэль Макрон адкажа Уладзіміру Пуціну, выйшаў у праграме «ПраСвет» 12 траўня.

Стужка навінаў