МУС адмаўляецца выплочваць кампенсацыю сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі падала касацыйную скаргу ў Менскі гарадскі суд на рашэнне аб выплаце кампенсацыі сям’і Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА №1.

МУС хоча абскардзіць пастанову суду Завадскога раёну Менску ад 23 сакавіка, аб тым, што сілавое ведамства мусіць выплаціць грашовую кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды маці памерлага Жанне і сястры Ірыне. Суд прызнаў сваякоў Пцічкіна пацярпелымі і прызначыў ім выплату памерам 20 і 10 тысяч рублёў адпаведна.

МУС не адмаўляе, што шкода была прычыненая СІЗА №1, аднак абавязак выплаціць кампенсацыю перакладае на Міністэрства фінансаў.

У сваёй скарзе МУС таксама даводзіць, што падчас судовых слуханняў не было прад’яўлена належных доказаў фізічных і маральных пакутаў маці і сястры, а вызначаны памер кампенсацыі завышаны і «не адпавядае патрабаванням разумнасці і справядлівасці з улікам віны».

«Я дагэтуль не выдаліла нумар сына з мабільнага, а яны кажуць, што мае пакуты не даказаныя»

«Раней я магла пазваніць Ігару ў любы момант, ніколі не клалася спаць, пакуль не пагаворым. Я дагэтуль не выдаліла ягоны нумар з мабільнага, але набраць ужо ніколі не змагу. Як гэтыя людзі з МУС могуць гаварыць, што мае маральныя пакуты не даказаныя? Раней я штодня ездзіла на магілу сына, цяпер кожныя тры дні. Гэта адзінае месца, дзе я магу паплакаць, адзіная аддушына ў жыцці», – кажа ў інтэрвʼю «Белсату» Жанна Пцічкіна.

Паводле слоў жанчыны, супрацоўнікі МУС папракаюць яе, што «паставіла занадта дарагі помнік» сыну.

«Але кошты, на якія яны спасылаюцца, гэта кошты ажно за 2003 год. Адвакат спецыяльна глядзела расцэнкі і год таму, калі ставілі гэты помнік, ён не лічыўся такім дарагім. Я разумею, што для супрацоўнікаў МУС, смерць чалавека за кратамі – нічога дзіўнага. Праўда, мяне не папярэджвалі, што з папраўчай установы табе часам вяртаюць мёртвых дзяцей», – гаворыць Жанна.

Сёння яна спадзяецца, што кампенсацыя ўсё ж будзе выплачаная:

«Няхай заплаціць хоць дзяржаўная казна. На гэтыя грошы я буду купляць Ігару жывыя кветкі».

***
21-гадовы Ігар Пцічкін памёр у СІЗА №1 на «Валадарцы» у ноч з 3 на 4 жніўня 2013 году пасля некалькіх дзён арышту за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Першапачатковая экспертыза сведчыла, што смерць наступіла ў выніку болевага шоку і сардэчнай недастатковасці. У кастрычніка 2016 году суд прызнаў вінаватым фельчара СІЗА №1 Аляксандра Крылова ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, якія сталі прычынай смерці Пцічкіна.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў