Міхал Анемпадыстаў вывеў формулу этнагенезу беларусаў, дзякуючы… колерам


У Горадні адкрылася выстава «Колер Беларусі». Правакацыйная назва выставы вядомага беларускага творцы Міхала Анемпадыства (на фота) многіх прымусіла задумацца, якія ж яны, колеры Беларусі?

Адказ аказаўся не такім банальным, як мы ўсе чакалі. Праз колеры аўтар сягае ў самую глыбокую старажытнасць, калі толькі нараджаўся спосаб мыслення беларусаў, зазірае ў іхную душу і акрэслівае яе колер.

Пачатак пачаткаў – беларускі інь-янь

Даследаваннем прыроды колераў Міхал Анемпадыстаў займаецца з 2009-га года, а натхненнем стала публікацыя з 1969-га года амерыканскіх навукоўцаў, якія прааналізавалі назвы колераў у 80-ці мовах свету. На аснове даследаванняў сучасных развітых і прымітыўных моваў, а таксама старажытных тэкстаў навукоўцы прыйшлі да выніку, што ў кожнай культуры перш за ўсё ўзнікаюць два колеры – чорны і белы.

«Цёмны і светлы. Пры гэтым да чорнага далучаецца і сіні, а чырвоны мог асацыявацца з белым. Чорны і белы – гэта найстарэйшыя колеры, якія мы маем. Пры гэтым у нашай традыцыі чорны колер не нясе такой адмоўнай канатацыі, якую мы маем зараз. Негатыўнае ўспрыманне колеру з’яўляецца толькі з прыняццем хрысціянства ў Беларусі, калі ў светапоглядзе нашых продкаў узнікае пекла разам з культам жалобы. У Беларускай народнай традыцыі першапачаткова пекла не было. Быў вырай, які быў хутчэй нечым светлым, чым цёмным. Туды ляцелі птушкі, адтуль вярталіся душы памерлых. Два неабходныя складнікі для існавання сусвету: чорнае і белае, часткі аднаго цэлага, якія дапаўняюць адзін аднаго», – тлумачыць Міхал Анемпадыстаў.

Пры гэтым, як мяркуе аўтар, – гэта сталае і матэрыяльнае, напрыклад, чорны вугаль і белая крэйда, якую здаўна беларусы здабываюць на сваёй зямлі.

«Як мастак магу дазволіць сабе рабіць не навуковыя рэчы. Вось таму белае і чорнае – гэта чалавек пачынае разумець, як пабудаваны сусвет. Гэта яшчэ не філасофія гэта анталогія. Гэта спосаб пазнання сусвету. Гэты колер ужо можна памацаць, а не толькі разважаць пра яго абстрактна», – каментуе аўтар.

Чырвоны – колер тэхналагічнага прагрэсу

Трэці па чарзе колер – чырвоны, ва ўсіх мовах з’яўляецца тады, калі ўзнікае нейкая тэхналогія яго здабычы. Усе назвы чырвонага колеру ў мовах звязаны з матэрыялам, з якога атрымліваўся фарбавальнік. На прыклад пурпур – названы ў гонар малюскаў. Чырвоны – выключна славянская вынаходка. Слова паўстае ад «чэрвеца» – маленькага міліметровага жучка, які служыў матэрыялам для здабычы чырвонай фарбы ў старажытных славянаў. У акрэслены час яго выкопвалі з-пад карэньчыкаў раслін, гэта была выключна славянская тэхналогія, якая магла ўзнікнуць яшчэ ў зарубінецкай культуры.

«І гэта была адна з першых тэхналогіяў беларусаў. Гэта зараз нам здаецца, што гэта дробязь, але гэта вялікі цывілізацыйны крок. Гэта было настолькі цывілізацыйна важна, што месяцу даецца назва «чэрвень», а колер атрымоўвае назву «чырвоны». Наш «пэрфект рэд» – выдатны чырвоны, які мы самі здабылі і які застаўся ва ўсіх славянскіх культурах», – распавядае мастак.

Формула этнагенезу беларусаў

«Галоўны традыцыйны колер беларусаў – «белы». І гэта не славянскі колер – гэта балцкі. У балтаў ён дагэтуль таксама белы. А чырвоны – славянскі. І вось бела-чырвонае спалучэнне гэта ілюстрацыя мадэлі этнагенезу беларускага. Гэта таксама адсочваецца ў народных арнаментах. Калі раскласці гэтыя ручнікі на мапу, то бачна, дзе была большай гэтая славянізацыя, дзе была меншай. І гэта спалучэнне белага і чырвонага ў нейкім сэнсе – гэта такая на дзіва лаканічная, на дзіва кароткая, карацей проста няма – формула этнагенезу беларусаў. Гэта нашая ўласная гісторыя», – выводзіць асноўную формулу беларусаў Міхал Анемпадысаў.

Шэры і зялёны

Наступны вельмі важны колер для беларускай культуры – зялёны. Гэта прыроднае асяроддзе. Зялёны прысутнічае нават не ў якасці фарбы, а ў якасці расліны, усяго расліннага сусвету. Аўтар выставы прадстаўляе зялёны непарыўна звязаным з іншым колерам – шэрым, які сімвалізуе другое асяроддзе, створанае чалавекам. Першыя ільняныя тканіны маюць шэры колер. Гэтыя два асяроддзі, на думку спадара Міхала, увесь час перамяжоўваюцца, перацякаюць з аднаго ў іншы.

«Чалавек пілуе зялёнае дрэва, робіць хату, якая праз год становіцца шэрай, а праз 20-30 год яе пачынае з’ядаць мох і з часам створанае чалавекам жытло ізноў пераўтвараецца ў прыроднае асяроддзе. Таму для мяне гэтыя два колеры звязаныя. Больш за тое, рамантызм асэнсаваў гэтыя культурныя спалучэнні. Уся эстэтыка рамантызму пабудавана на адчуванні блізкасці прыроды, адчуванні сябе часткай прыроды. Гэта вельмі важна і малазразумелая, бо гэтая частка культуры страчаная. Яна занадта складаная. Гэта вельмі развіты ўзровень культуры. Пры тым, што – мы нашчадкі лесу, нашчадкі паляўнічай культуры, у якой няма наўпроставых адлегласцяў. У нас усё вельмі складана. Няма абсалютнага дабра і зла. Яны эластычныя. Добра – тое, што на сваім месцы і ў свой час. У нас, у беларусаў як? Нуу… а можа так і нада…. У нас няма неба – яно там, за галінамі. Перад небам ёсць яшчэ нейкая прастора. У нас складаная прастора, якая парадзіла складаны светапогляд», – разважае беларускі творца.

Аналіз 11 базавых колеранайменняў Беларусі хутка з’явіцца ў кнізе, якую рыхтуе аўтар.

«Чым болей колераў, тым болей развітая культура. Увогуле, колер – гэта з’ява выключна культурная. Не мае значэння, што прысутнічае ў прыродзе. Пакуль гэта не засвоена чалавекам, гэтага нібыта няма. Фізіялагічна чалавек бачыць усе колеры абсалютна, але ён іх пачынае адрозніваць толькі тады, калі яны засвоены культурай. Калі яны атрымалі назву. Пакуль яны назву не атрымалі, чалавек не адрознівае гэтай градацыі. Пакуль да пэўнага этапу вось такі цагляны, напрыклад, колер тэракотавы, колер іржы, не разбіўся, не атрымаў сваёй назвы – усё гэта называлася чырвоным».

Выстава будзе дзейнічаць да канца траўня ў Цэнтры гарадскога жыцця. Як абяцаюць арганізатары, заканчэнне выставы плануецца першай прэзентацыяй новай кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў