Прэм’ера «Белсату»: «То недалёт, то пералёт». Як пад абстрэламі п’юць каву і зараджаюць тэлефоны


Мы любім скардзіцца на кепскае надвор’е. І не ўяўляем, што апрача снегу і дажджу, на людзей можа падаць… «Град». А калі мароз, дома не сагрэешся. Бо сёння ты ўставіў шклопакет, а заўтра – яго няма.

Жыхары Аўдзееўкі, што побач з Данецкам, урэшце пачалі прызвычайвацца да адносна спакойнага жыцця. Нікому не хацелася верыць, што перыяд спакою будзе такім кароткім. Бо падавалася, што больш жыць пад абстрэламі немагчыма.

audziejeuka avdeevka

Дом у Аўдзееўцы, кадр з рэпартажу

У студзені-лютым вакол Аўдзееўкі раптам зноў пачаліся актыўныя абстрэлы, якія хутка перанесліся на горад. Гінулі мірныя жыхары, знішчаліся іх дамы. «На маіх вачах адбывалася чалавечая драма», – распавядае «Белсату» рэжысёр-дакументаліст Антось Цялежнікаў, які менавіта ў гэтыя дні выпадкова там апынуўся.

Як гэта – жыць у горадзе, калі лютуюць маразы, а дома няма ні святла, ні ацяплення, ні вады? Прыйсці на працу – і ўбачыць, што будынку больш няма? Вырвацца з-пад абстрэлаў да дачкі, якая жыве ў Варшаве? Пра гэта распавядае зняты для «Белсату» рэпартаж «Божа, беражы Аўдзееўку!!!» (відэа вышэй).

Большасць прыфрантавых украінскіх гарадоў апусцела. Да вайны ў Аўдзеўцы жылі болей за 30 тыс. чалавек. Цяпер засталося 20 тыс. Таксама шмат. Гэта толькі дзякуючы коксахімічнаму заводу, які стварае шмат працоўных месцаў і апякуецца горадам. Праўда, і сам нярэдка бывае ахвяраю абстрэдаў.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў