Пасля нападу Аляксей Навальны практычна аслеп на адно вока


Паводле палітыка, які збіраецца балатуецца на пасаду прэзідэнта Расеі ў 2018-ым годзе, медыкі дыягнаставалі ў яго «хімічны апёк правага вока сярэдняй ступені.

«Доктар па-ранейшаму ўпэўненая, што гэта не магла быць проста зялёнка. Там відавочна сумесь зялёнкі з іншай едкай вадкасцю»,– напісаў ён.

Палітык кажа, што ёсць надзея на выратаванне вока, і звяртае увагу на тое, што вельмі дапамагло б лячэнне за мяжой, але яму забаронены выезд з Расеі і ўлады не выдаюць замежны пашпарт.

Здарэнне адбылося 27 красавіка. Невядомыя пляснулі ў твар самаму вядомаму расейскаму апазіцыянеру зялёнкай.

Таксама Навальны падкрэсліў, што паліцыя не знайшла (альбо робіць выгляд, што не знайшла) нападнікаў. Аднак добраахвотнікі ў інтэрнэце змаглі апазнаць двух мужчын.

Адзін з іх (чалавек з «зялёнкай») Аляксандр Пятрунька – актывіст «патрыятычнага» руху SERB.

Аляксандр Пятрунька

«Аператарам» інцыдэнту быў яшчэ адзін удзельнік руху Аляксей Кулакоў. Ён супрацоўнік міліцыі. У размове з «Новай газетай» ён прызнаўся ў тым, што здымаў напад на Навальнага.

У нападзе Навальны падазрае яшчэ двух мужчын, аднак пакуль высветліць іхныя асобы не ўдалося.

Адметна, што пазней у распараджэнні каналу «Рен-ТВ» зʼявілася відэа інцыдэнту, але твары нападнікаў былі затушаваныя.

Аляксей Навальны адправіў некалькі скаргаў на бяздзейнасць праваахоўных органаў.

«Бяздзейнасць з’яўляецца фактычна дапамогай тым, хто нападаў, і ім даюць час схавацца, дамовіцца, знішчыць доказы і сляды», – напісаў заснавальнік Фонду па барацьбе з карупцыяй.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў