«Беззаконне. Але жыве Беларусь!». Севярынцу далі 15 содняў


Вікторыя Шабуня з суду Цэнтральнага раёну вырашыла пакараць Севярынца арыштам за ўдзел у пратэсце ў Курапатах і ўчорашняй першатравеньскай дэманстрацыі. Раней такі ж тэрмін арышту суддзя Міхаіл Хома даў актывісту Максіму Вінярскаму.

15:27 На пытанне Кацярыны Андрэевай, будуць арышт ці штраф, Севярынец заявіў, што чакае содняў.

15:26 Суддзя выдалілася на прыняцце рашэнне па справе Севярынца.

15:25 Севярынец кажа, што «Бог усё бачыць, што адбываецца ў гэтым пакоі», і просіць Вікторыю Шабуню спыніць вытворчасць па сваёй справе.

15:23 Адвакат нагадвае пра канстытуцыйнае права Паўла Севярынца, як і кожнага грамадзяніна Беларусі, на ўдзел у шэсці і сходах.

«Уявіць сабе 1 траўня без дэманстрацыяў і шэсцяў уявіць сабе гэтак цяжка – як цяжка ўявіць Новы год без ялінкі, а 9 траўня – без параду. Але Павел Севярынец можа праводзіць шэсці не толькі 1 траўня, але ў любы дзень. Гэтае права яму дае Канстытуцыя», – заяўляе Вадзім Мушынскі.

15:05 Міліцыянты сцвярджаюць, што затрымалі Севярынца на Кастрычніцкай плошчы.  Севярынец сцвярджае, што яго затрымалі на станцыі метро «Пушкінская».

14:51 Паказанні дае сведка амапавец Нікалаеў.

«Выкрыкваў лозунгі ў гучнагаварыльнік», – кажа амапавец. Не можа адказаць супраць чаго выступалі людзі.

14:34 Павел Севярынец сказаў падаць Вікторыі Шабуні рапарт пра звальненне. Суддзя праігнаравала пазіцыю палітыка і пачала паседжанне.

14:33 Вікторыя Шабуня не бачыць прычынаў для адводу. Паседжанне працягваецца.

14:24 Павел Севярынец папрасіў пра адвод суддзі. Суддзя ідзе на перапынак.

14:21 Высвятляюць асобу Паўла Севярынца. У справе Паўла Севярынца 4 сведкі: Ломыш, Нікалаеў, Пышкот. Сінкевіч у працоўным адпачынку, таму няма магчымасці яго апытаць.

14:14 Павел Севярынец у судовай зале. Палітыка будуць судзіць за акцыю 1 траўня і мітынг 3 сакавіка ў Курапатах. Суддзя – Вікторыя Шабуня.


13:30 Адвакат Вадзім Мушынскі паведаміў, што другі пратакол на Паўла Севярынца склалі за Курапаты. Сёння апошні дзень, калі па гэтым пратаколе можа адбыцца суд.

13:06 Максіму Вінярскаму далі 15 содняў. Максім Вінярскі сказаў, што будзе абскарджваць рашэнне. Актывіст будзе трымаць галадоўку.

12:56 Падтрымаць актывістаў прыехаў Аляксей Янукевіч.

12:53 Адвакат звярнуў увагу на парушэнне правоў затрыманых (у тым тое, што на іх надзелі кайданкі). Абвешчаны перапынак. Неўзабаве суддзя абвесціць вырак.

12:41 Другі сведка – амапавец Менгарвыканкаму Уладзімір Лесько.

«Выкрыквалі Жыве Беларусі і Баста, а так я асабліва не ўнікаў. У прынцыпе ўсё было спакойна, парушэння правапарадку не было», – кажа амапавец.

Паўтарае словы першага сведкі. Таксама не затрымліваў Вінярскага.

12:35 Паказанні дае першы сведка – амапавец з Баранавічаў.

Ён кажа, што Вінярскі выкрыківаў лозунгі «Жыве Беларусь» і «Баста». Але ён Вінярскага не затрымліваў.

Адвакат пытае ці Вінярскі заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і ці нехта пацярпеў. Амапавец доўга думаў, пасля адказаў, што не.

12:28 Максім Вінярскі выступае перад судом.

12:24 Максім Вінярскі кажа, што ў рапарце міліцыянтаў наконт акцыі 1 траўня ў Менску фігуруюць 18 асобаў: Марына Адамовіч, Славамір Адамовіч, Уладзімір Някляеў, Юрась Губарэвіч.

12:14 Прывялі Паўла Севярынца. Будуць разглядаць пратакол з Маскоўскага суду. Пакуль невядома, у чым яго яшчэ вінавацяць.

Відавочна, што Паўла Севярынца будуць судзіць пасля Максіма Вінярскага.

12:00 Вадзім Мушынскі будзе абараняць Максіма Вінярскага.

11:58 Максім Вінярскі хадайнічае пра абаронцу, пра тое, каб дазволілі відэаздымкі і каб яго азнаёмілі са справай, бо ён не бачыў дакументаў.

Суддзя дазволіў абаронцу. На суддзе Максіма Вінярскага аб’яўлены перапынак. Цяпер чакаюць адваката Вінярскага.

11:57 Суддзя Хома адхіліў адвод.

11:50 Максім Вінярскі выказаў недавер суду і папрасіў пра адвод.

Паступіла інфармацыя, што Севярынца будуць судзіць паводле двух справаў, бо міліцыянты паехалі за другім пратаколам. У чым яго яшчэ вінавацяць акрамя ўдзелу ў несанецыянаванай акцыі, пакуль невядома.

11:43 У залу завялі Максіма Вінярскага. Суддзя – Міхаіл Хома.

Кажа, што пры затрыманні на яго надзелі кайданкі, хаця адміністрацыйная справа не прадугледжвае такіх мераў.

11:36 Прыйшоў Анатоль Лябедзька.

«Канвеер працуе, вельмі важная псіхалагічная падтрымка», – кажа палітык.

11:30 На суд прыйшоў Віталь Рымашэшскі. Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага завялі ў суд.

«Такімі паводзінамі ўлада правакуе рост сацыяльных пратэстаў у будучым», – сказаў Віталь Рымашэўскі.

У знак салідарнасці на суд прыйшоў Юрась Губарэвіч.

«Улады баяцца пратэстаў, як на пачатку вясны. Можна затрымаць сотню актывістаў, але на пратэсты выходзяць звычайныя людзі. Калі ўлада не будзе вырашаць іх праблемы, пратэсты могуць паўтарыцца ўвосень», – кажа Юрась Губарэвіч.

10:44 У суд прывезлі Паўла Севярынца, Макіма Вінярскага. Разам з німі яшчэ адна асоба. Пакуль іх трымаюць у міліцэйскім аўтамабілі.

Паўла Севярынца прыйшла падтрымаць жонка Вольга. Максіма Вінярскага – сястра Алена Церашкова.

«Трэба падтрымліваць і сваіх і чужых, мы жывем пры дыктатуры», – сказала жанчына.

Абараняць Паўла Севярынца будзе адвакат Вадзім Мушынскі. Паводле раскладу, судзіць Севярынца будзе суддзя Вікторыя Шабуня, Вінярскага – Хома.


Палітыка Паўла Севярынца і актвіста Максіма Вінярскага будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Чакаецца, што пасяджэнне пачнецца а 11 гадзіне.

Паўла Севярныца затрымалі пасля першатравеньскай дэманстрацыі ў Менску. Максіма Вінярскага, які таксама браў удзел у акцыі, затрымалі ў той жа дзень каля ягонага дому на вачох маці.

Паводле стандартнага сцэнару беларускіх сілавікоў, спачатку Павел Севярынец знік. Яго тэлефон быў адключаны. Пасля высветлілася, што яго забралі на Акрэсціна.

Белсат будзе весці стрым!

 

Стужка навінаў