Генадзь Давыдзька на БТ пра «Малады фронт»: Яны любяць Беларусь, як і чыноўнікі


У праграме «Клуб рэдактараў» на дзяржаўным канале АНТ абмеркавалі маладафронтаўскую ініцыятыву стварэння спартова-патрыятычнага клубу «Ваяр».

Рэдактары дзяржаўных медыяў падчас праграмы называлі маладафронтаўскую дзейнасць нядобрым словам, казалі пра юнацкі максімалізм, не забыліся абзываць «бандэраўцамі», калі ўзгадалі банэр на Дзень Волі 2014 года, падае сайт «Маладога фронту».

Разам з тым рэдактар «СБ-Беларусь сегодня» Павел Якубовіч распавёў пра вынікі журналісцкіх расследаванняў датычна распарадку дня аднаго з «казацкіх» летнікаў. Апроч стандартных заняткаў – зборка/разборка аўтамата, навыкі першай дапамогі, марш-кідок ды іншых, неабходных для фізічнага выхавання – у раскладзе апынуліся досыць дзіўныя пункты, накшталт «Утрыманне лесвічнай пляцоўкі пры захопе шасціпавярховага будынку».

Ішла гутарка пра падзел грамадства, канфрантацыю супрацьлеглых моладзевых плыняў. Рэдактар штодзённіка «Аргументы і факты» Ігар Сакалоў звярнуў увагу, што ў грамадства і дзяржавы зараз не хапае механізмаў, рычагоў, каб займацца вайскова-патрыятычным выхаваннем моладзі.

Глядзіце яшчэ >>> Голас маладога: Беларускія апазіцыянеры – гэта няўдачнікі

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька пазітыўна выказаўся пра апазіцыйны «Малады фронт».

«У мяне няма сумневаў, што гэтыя хлопцы любяць Радзіму, – заўважыў Давыдзька. – Яны любяць Беларусь гэтак жа, як і шмат якія дзяржаўныя чыноўнікі. Мерацца любоўю заўсёды цяжка».

«Клуб рэдактараў» – праект Агенцтва тэленавінаў. Мае на мэце быць дыскусійнай пляцоўкаю, на каторай рэдактары беларускіх выданняў (пераважна дзяржаўных) вядуць адкрыты дыялог пра важныя і актуальныя грамадска-палітычныя падзеі ў краіне ды свеце.

Перадача транслявалася па БТ у нядзелю 29 лістапада ўвечары.

МЯ, паводле mfront.net

Стужка навінаў