Францыя выбірае: 39-гадовы ліберал змагаецца з нацыяналісткаю сталага веку


Сёння адбылося галасаванне ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў, а яшчэ праз два тыдні застанецца толькі адзін кандыдат-пераможца. Ці кандыдатка.

2017-ты ў Францыі быў вельмі ўраджайны для антыглабалізму. Хвалі нелегальных мігрантаў, хваляванні на сусветных рынках, тэракты адзін за адным. Паводле сацыялагічных даследаванняў, Марын Ле Пэн з Нацыянальнага фронту яшчэ на пачатку тыдня мела падтрыманне 20–25 % насельніцтва.

У ноч на пятніцу страляніна адбылася ў самым сэрцы Парыжу – на Элізейскіх палях мужчына забіў 2-х паліцыянтаў, пакуль яго не застрэлілі. І ўсе зноў спужаліся.

«Прыйшоў твой час загаварыць, маўклівая Францыя, Францыя маленькіх людзей! Пасля столькіх гадоў далікатнай асцярожнасці, пакоры – час быць пачутымі, не толькі на выбарчых участках, а паўсюль!», – заявіла паслу здарэння Марын Ле Пэн.

Ле Пэн – 48 гадоў, яна дачка і пераемніца заснавальніка «Нацыянальнага фронту» Жана-Мары Ле Пэна. У палітыцы – нацыяналістка, у эканоміцы – сацыялістка. Палітык адкрыта бярэ ў Маскве крэдыты на партыйную дзейнасць, і мае ўсе шанцы прайсці ў другі тур.

Марын Ле Пэн і Уладзімір Пуцін падчас спаткання ў Маскве 24 сакавіка 2017 года.
Фота: Міхаіл Клеменцьеў /Sputnik/ Reuters

Ле Пэн не паўтарае расісцкіх і антысеміцкіх лозунгаў свайго бацькі, а ставіць на абяцанне вызваліць простых французаў з-пад прыгнёту алігархаў.

«У іх свеце ўсё прадаецца і купляецца, у тым ліку людзі. Усё можна выкінуць, у тым ліку працаўнікоў. Гэтая сусветная камерцыя хоча ператварыць нас у драўляных пешак у гульні краінаў, якіх больш не існуе. У вялізнай глабальнай гульні ў «Манаполію», дзе нічога не мае значэння, акрамя прыбыткаў элітаў, – кажа кандыдатка ў прэзідэнты. – Таму я паўтару і буду паўтараць: Францыя не прадаецца, французы не прадаюцца!».

Паводле выбарчай праграмы Ле Пэн, калі яна стане прэзідэнтам, то верне з небыцця франк замест еўра, выведзе Францыю з банкаўскай сістэмы Еўразвязу, з НАТО, Шэнгенскай зоны, увядзе абмежаванні для прыезду еўрапейцаў і мусульманаў ды правядзе рэферэндум аб поўным выхадзе з Аб’яднанай Еўропы. У прынцыпе, у гаспадара ці гаспадыні Элізейскага палацу ёсць такія магчымасці.

«Урадавыя справы ўсё больш канцэнтруюцца ў палацы дэ льЭлізэ, што спараджае сістэму, якую мы называем «гіперпрэзідэнцкай», і часам так і ёсць. Спачатку гэта была замежная палітыка, а потым, паціху, гэта захапіла кожны аспект улады», – лічыць прафесар паліталогіі Ален Гарыгу з універсітэту Нантэр-ля-Дэфанс.

Калі гэта здарыцца, з палітычнага і эканамічнага цэнтру Еўропы Францыя стане правінцыяй, з ізаляванай эканомікай, нізкім таваразваротам і чэргамі на памежных пераходах.

«Я думаю, што большасць палітыкаў і большасць кандыдатаў у другім туры абʼяднаюцца супраць таго, каб Францыя выходзіла з Еўразвязу. І не толькі таму, што яны заснавальнікі (Еўразвязу), але і таму, што гэта вялікія эканамічныя перавагі. Яны ўмеюць лічыць», – каментуе «Белсату» выбарчую кампанію Аляксандр Мілінкевіч. Беларускі палітык і навуковец мае прафесійныя сувязі з Францыяй яшчэ з 80-х гадоў, быў асабіста прадстаўлены прэзідэнту Нікаля Сарказі, і ўважліва сочыць за французскімі палітычнымі раскладамі. Глабальны рост скрайне правага папулізму ён лічыць толькі сезоннай хваробай.

«Так заўсёды бывае. Як чалавек перахварэе грыпам, у яго з’яўляецца імунітэт, хаця ён і аслабляецца. Я думаю, і Еўропа зараз пройдзе праз гэтую хваробу і стане лепшай, больш дасканалай, больш улічваць рэгіянальныя інтарэсы», – лічыць Мілінкевіч.

Якраз 15 гадоў таму бацька Марын Ле Пэн выйшаў у другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Францыя тады ад страху працверазела і рашуча выбрала іншага.

Другі тур паміж двума лідарамі паводле вынікаў першага галасавання пройдзе 7 траўня.

Яраслаў Сцешык

Матэрыял выйшаў у выданні «ПраСвету» 21 красавіка.

Іншыя тэмы выдання:

  • Ці «Белы легіён» быў за рэвалюцыю ці за эвалюцыю? Інтэрв’ю з Сяргеем Чыславым, былым лідарам арганізацыі
  • Навошта Лукашэнка паляціць у Пекін?
  • Хто за, а хто супраць Беларускай АЭС. Рэпартаж з Астраўца
  • Супраць Сораса: Венгрыя і Беларусь
Стужка навінаў