«Ваяр пяра і камеры, а не джыхаду». Новыя факты пра японца з прапагандысцкага фільму БТ


Belsat.eu высветліў, як затрыманы японскі журналіст апынуўся ў Менску і чаму беларускія спецслужбы палічылі яго небяспечным.

Прапагандысцкі фільм «Беларусь-1» «Белы легіён чорных душаў» пачынаецца з гісторыі пра 47-гадовага японскага журналіста Шаміля Цунеока Танака, які прыляцеў у Менск 19 сакавіка, але якога не выпусцілі з аэрапорту, бо ягонае прозвішча было знойдзенае ў «чорным спісе». У фільме адзначаецца, што Танака звязаны з «Ісламскай дзяржаваю», нібыта камандаваў узводам у батальёне імя Джахара Дудаева на Данбасе і наогул паўсюль, дзе ён з’яўляецца – «вайна і кроў». Ягоны візіт у Менск, паводле дзяржаўных прапагандыстаў, быў звязаны з «узброенымі правакацыямі» на Дзень Волі.

Цунеока сцвярджае, што ў Менску ў яго проста была перасадка, калі ён ляцеў з Кіева ў Токіа. Заставацца ў Беларусі больш чым на адну ноч ён не збіраўся.

– Я не хацеў праводзіць ноч у аэрапорце і збіраўся ночыць у гостэлі. Падчас пашпартнага кантролю мяне затрымалі міліцыянты. Размаўлялі са мной ветліва, паказалі нейкую паперу, напісаную ад рукі, без перакладу. На ноч мяне змясцілі ў камеру папярэдняга затрымання проста ў будынку аэрапорту. Там было халодна, коўдру не выдалі. Раніцай я змог вылецець у Токіа.

Калі Цунеока вярнуўся ў Японію і даведаўся пра сюжэт «Беларусь-1», то быў вельмі здзіўлены.

 У Беларусі я не меў аніякіх кантактаў, не збіраўся нават выконваць журналісцкую працу – я проста шукаў начлег. Пра сакавіцкія народныя пратэсты ў Беларусі я даведаўся з інтэрнэту. Ні асвятляць іх, ні ўдзельнічаць у іх я не меў намеру. Тым больш, адной ночы недастаткова для таго, каб здзейсніць рэвалюцыю.

Скрыншот з фільму “Беларусь-1”

Беларусь і Расея маюць адзіны «чорны спіс» асобаў, якім забаронена ўязджаць на тэрыторыю краінаў. Агулам у спісе неўязных 1,7 млн. асобаў – 1,5 млн з унесеныя туды з ініцыятывы расейскага боку. Сярод іх апынуўся і японскі журналіст.

Менавіта з расейскімі спецслужбамі ў Цунеока і ўзнік канфлікт – адбылося гэта яшчэ ў 2004 годзе падчас ягонай працы ў так званай зоне контртэрарыстычнай аперацыі на Паўночным Каўказе.

– Я браў інтэрвʼю ў чачэнскіх уцекачоў у лагеры ў Інгушэціі. Пасля некалькіх сустрэчаў з уцекачамі мяне затрымалі супрацоўнікі ФСБ нібыта на падставе таго, што ў мяне быў мабільны тэлефон з GPS-навігатарам. Яны казалі, што ў зоне КТА забаронена мець GPS і пасадзілі мяне ў адзіночную камеру ізалятара на 2 тыдні. Аднак на допытах ніколі не ўзгадвалі пра GPS – яны пачалі дапытваць пра майго сябра Аляксандра Літвіненку.

Аляксандр Літвіненка – падпалкоўнік ФСБ, палітуцякач. Выступаў з абвінавачваннем Уладзіміра Пуціна ў арганізацыі выбухаў жылых дамоў у Расеі ў 1999 годзе. Быў атручаны ў Лондане 2006 годзе палоніям-210. У ягоным забойстве брытанскія праваахоўнікі вінавацяць расейскія спецслужбы.

Паводле Цунеокі, раней яго пазнаёміў з Літвіненкам у Лондане экс-міністр замежных справаў Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя Ахмед Закаеў. Цунеока пасябраваў з Літвіненкам і шмат пісаў пра яго ў японскіх СМІ.

На пачатку другой чачэнскай вайны Касуке Цунеока прыехаў у Грозны ў якасці журналіста. Пасля наступлення федэральных войскаў Цунеока не змог вылецець дахаты і быў вымушаны чатыры месяцы хавацца ў лясах Абхазіі, куды яго ўзялі з сабой беглыя чачэнскія сепаратысты. Пад уражаннем падзеяў у Чачэніі ён прыняў іслам і ўзяў імя Шаміль. У сваю чаргу выбрацца з Паўночнага Каўказу Цунеока дапамагалі байцы з атраду чачэнскага палявога камандзіра Руслана Гелаева. Цунеока браў інтэрвʼю і ў Шаміля Басаева.

На пачатку 2010-х японскі фрылансер асвятляў канфлікт у Сірыі. Дзякуючы кантактам, здабытым падчас камандзіровак на Паўночны Каўказ, яму ўдалося патрапіць у лагер «Ісламскай дзяржавы» і запісаць інтэрвʼю з адным з лідараў тэрарыстаў. Тады ён і зрабіў фота са зброяй у руках на фоне сцяга «ІД», якое і выкарыстала дзяржаўная беларуская прапаганда.

– Падчас інтэрвʼю мне было вельмі страшна за сваю бяспеку і жыццё. Таму, калі джыхадысты прапанавалі зрабіць «фота на памяць» я не стаў адмаўляцца і пасля ўсім калегам, хто пытаўся, даваў адпаведнае тлумачэнне.

Неасцярожнасцю альбо парушэннем журналісцкай этыкі можна было б назваць фота Цунеокі, аднак ніяк не экстрэмізмам.

У фільме «Беларусь-1» сцвярджаецца, што ён камандаваў узводам у батальёне Джахар Дудаева, які ваяваў на Данбасе на баку Украіны.

– Я сапраўды асабіста ведаў загінулага камандзіра батальёну Ісу Мунаева, бо рабіў пра яго матэрыял. Аднак я нідзе і ніколі ў сваім жыцці не ваяваў.

Гэтыя словы японскага журналіста пацвярджае спікер запаснога батальёна ДУК «Правы сектар» Багдан Максіменка:

– Мы пазнаёміліся ў Кіеве ў красавіку 2014-га. Тады пачалася першая хваля мабілізацыі і даводзілася шмат камунікаваць з замежнымі журналістамі, якія хацелі суправаджаць »Правы сектар«. Шаміль жа – стрынгер з вялікім досведам. Я суправаджаў яго ў АТА, дапамагаў з акрэдытацыяй. Мы шмат разоў прапаноўвалі яму ў жарт патрымаць аўтамат, аднак ён цураўся. Ну а вашыя памежнікі напярэдадні акцыі перапалохаліся і карыстаючыся агульнай з РФ базай не прапусцілі нон-грату па Каўказу. Што тычыцца нібыта прыналежнасці Шаміля да «Ісламскай дзяржавы» – гэта смешна. Я бачыў як ён есць сала – у «ІД» такім не месца. Шаміль – ваяр пяра і камеры.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў