Лукашэнка: У медыях ходзяць чуткі, што мы зноў на каленях нешта просім у Расеі


Падчас перамоваў з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расеі Валерыем Шанцавым Аляксандр Лукашэнка «пракаментаваў некаторыя выдумкі расейскіх медыяў адносна стасункаў з Беларуссю», паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

«Пачынаюць ў медыях зʼяўляцца розныя выдумкі, хто і каго там падмануў, што мы зноў на каленях нешта просім у Расеі і гэтак далей. Мы ні перад кім ніколі не стаялі на каленях. Вы гэта добра ведаеце, мы з вамі не адзін дзясятак гадоў знаёмыя. Асобным пісакам і тым, што ў тэлеэкранах хачу сказаць, што ў вырабах Беларусі (трактарах, аўтамабілях, ўсёй машынабудаўнічай ці хімічнай галіны – Заўв. president.gov.by) ад 30 % да 90 % камплектуючых, сыравіны і матэрыялаў з Расеі», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба лыжку дзёгцю кінуць у бочку мёду. Вось гэтым асобныя і займаюцца, у тым ліку, як мне сёння далажылі, і ваш былы любімы канал ТВЦ», – канстатаваў Лукашэнка.

Напрыканцы сакавіка ў эфіры расейскага тэлеканалу «ТВ Центр» паказалі рэпартаж «Бухгалтерия дружбы»

«Любяць пакрытыкаваць ў Расеі і наладжванне адносін паміж Беларуссю і Еўропай, нібыта краіна вырашыла разгарнуцца на Захад», – піша president.gov.by і прыводзіць цытату Лукашэнкі.

«Мы на Захадзе нікому не патрэбныя. Там такога дабра, як Беларусь, хапае і без яе. А як мяне любяць на Захадзе, вы памятаеце з тых часоў. Нічога тут не змянілася. Мы, жывучы ў цэнтры Еўропы, вымушаныя праводзіць такую ​​палітыку, каб захаваць краіну, бяспеку, суверэнітэт, незалежнасць і стабільнасць, каб людзям нармальна жылося. Мы не можам сварыцца ні з Расеяй, ні з Захадам. Наш лёс такі», – заявіў Лукашэнка.

Падчас сустрэчы з расейскім губернатарам абмяркоўваліся галоўным чынам пытанні эканамічнага характару.

«Калі фармавалася Саюзная дзяржава, то было прынятае рашэнне не ламаць народна-гаспадарчыя сувязі, якія ўсталяваліся. За Беларуссю засталося фінішная прамысловая вытворчасць, як гэта было ў часы СССР, таму эканомікі дзвюх дзяржаваў засталіся звязаныя, растлумачыў прэзідэнт», – піша прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

«Сёння на прадпрыемствах Расеі, якія працуюць на фінішную вытворчасць у Беларусі (вырабляюць камплектуючыя, матэрыялы і іншае – Заўв. president.gov.by), працуе больш за 10 млн чалавек. Калі вы дапамагаеце фінішнай вытворчасці і падтрымліваеце, каб яно не павалілася, мы дапамагаем мінімум 10 млн, а то і 15 млн чалавек, якія і працуюць у Расіі», – заявіў Лукашэнка.

Сказаў Аляксандр Лукашэнка і пару словаў пра родную мову.

«Тое, што мы беларускую мову не забываем, так і павінна быць. Гэта добра, што ў беларусаў ёсць свая мова. Чаго нас у гэтым папракаць? Хоць у нас пераважная большасць людзей размаўляе на расейскай мове, і ў побыце ў нас мова зносін расейская. Але падкрэсліваю: гэта не расейская мова. Гэта наша агульная з вамі мова, якую мы стваралі гадамі… Але ёсць у нас свая нацыянальная беларуская мова, родная мова беларусаў. Яе ведаюць і многія беларусы, якія жывуць за межамі нашай краіны. Таму тут усё нармальна і ўсё пад кантролем».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў