Уладзімір Шанцаў: Баюся за ўлады, што народ падымецца без нашага ўдзелу


Уладзімір Шанцаў мяркуе, што хутка можа пачацца «больш свядомы» пратэст беларусаў.

Дык за што ж затрымлівалі ўдзельнікаў мірных Маршаў недармаедаў, якія пракаціліся ў лютым-сакавіку літаральна па ўсёй краіне? Той жа Лукашэнка гаварыў, што пратэставаць можна, людзі маюць на гэта права. 15 сакавіка ў Магілёве пра дэмакратыю і правы чалавека ўдзельнікам акцыі ў мікрафон тлумачыў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Штопраўда, не зважаючы на запэўніванні чыноўніка, тады акцыя ў Магілёве скончылася хапуном. Дзясятак чалавек былі затрыманыя, а затым пакараныя арыштамі ды штрафамі – у прыватнасці, усе, хто выступаў з мегафонам, акрамя… дэпутата Марзалюка. Дык чаму чыноўнік перад законам раўнейшы за астатніх грамадзянаў? Чаму за адное і тое ж людзей пакаралі, а Марзалюка – не? Сітуацыю пракаментаваў кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

Таксама госць «Гарачага каментара» распавёў, ці ўдалося ўладам збіць пратэст у Магілёве:

«Пратэст загнаны ўглыб. Дручкі зрабілі сваю справу, і народ, канешне, азлоблены. Нейкіх пэўных мэтаў гэты хапун і разгоны, вядома, дасягнулі – напруга вонкава крыху сціхла, але гэта ж толькі так бачыцца, а вынікаў жа не будзе. Яны зараз спрабуюць уладкаваць на працу ўсіх, шукаюць для гэтага магчымасці. А якія магчымасці? На адно працоўнае месца прыйдуць тры асобы працаваць – іншых магчымасцяў няма, бо новыя працоўныя месцы не стварылі. Калі прыйдзе час атрымліваць першы заробак, напрыклад, за красавік, вось тады і пачнуцца пратэсты крыху іншыя, з большай свядомасцю таго, што людзей зноў падманулі. Гэтыя працэсы, безумоўна, будуць нарастаць. Я баюся за гэтыя ўлады, што народ падымецца ўжо зусім без нашага ўдзелу, мне, можа, нават ужо не трэба будзе выходзіць з мегафонам».

Глядзіце таксама: