«Справа «Белага легіёна» смярдзіць неверагодным абвінавачваннем», – Алесь Бяляцкі


Праваабаронцы называюць новыя абвінавачванні фігурантам справы «Белага легіёна» неверагоднымі, а сённяшнюю публікацыю ў газеце «Советская Белоруссия» злівам КДБ, які парушае прынцып прэзумпцыі невінаватасці.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі лічыць сённяшнюю публікацыю чарговым доказам таго, што «СБ. Беларусь сегодня» зʼяўляецца афіцыйным каналам Камітэту дзяржбяспекі.

«Советская Белоруссия»  ужо ня ў першы раз адкрыта паказвае свае сувязі з КДБ. Гэта было і пасля выбараў у снежні 2010 года, калі ішлі цытаты з праслухоўваемых тэлефонаў, перапіска па скайпе і іншая інфармацыя, здабытая незаконным чынам – відавочна, КДБ проста злівала гэта “СБ” і яны на гэтай падставе ляпілі нейкія канспіралагічныя  матэрыялы, якія паказвалі наяўнасць змоў і ворагаў вакол улады. Гэты зліў яшчэ раз паказвае, што «Советская Белоруссия» зʼяўляецца афіцыйным каналам Камітэту дзяржбяспекі. Таму выкладзеная інфармацыя выклікае вялікія пытанні і не выклікае ніякага даверу», – заявіў праваабаронца ў інтэрвʼю Белсату.

Бяляцкі кажа, што ў справе «Белага легіёна» праглядаецца палітычны падтэкст, але ў праваабаронцаў пакуль надта мала інфармацыі, каб прызнаць яе фігурантаў палітвязнямі:

«Улічваючы, што абвінавачванні дастаткова сур’ёзныя, звязаныя са зброяй і гвалтам, выносіць вердыкты рана. Але справа кепска пахне, яна смярдзіць неверагодным абвінавачваннем. Пры 20-гадовым татальным кантролю над грамадствам цяжка сябе ўявіць, што ў нас можна зрабіць “канвеер па падрыхтоўцы баевікоў”, у чым абвінавачваюцца актывісты «Белага легіёна» і «Маладога фронту». Тут праглядаецца палітычны кантэкст, але пакуль рабіць афіцыйныя заключэнні рана. Хутчэй за ўсё канчатковыя акцэнты могуць быць пастаўлены ўжо пасля суда».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч упэўнены, што артыкул «Советская Белоруссии» парушае прынцып прэзумпцыі невінаватасці.

«Суд яшчэ не даваў прававую ацэнку, следства вядзецца, а ўжо ў грамадстве фармуецца вобраз злачыннай групоўкі», – кажа ён.

Таксама Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што газета «СБ. Беларусь сегодня» публікуе цытаты з паказанняў абвінавачаных на допытах, хаця і адвакаты, і фігуранты справы знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

«Адвакатам нельга распавядаць ні пра ўмова ўтрымання сваіх падабаронных, ні нават пра працэсуальны статус, што безумоўна абмяжоўвае іх у магчымасцях абароны. Яны ня могуць рабіць каментары ў СМІ, а вось «Советская Белоруссия» можа. З фігурантаў справы, якія былі вызвалены з СІЗА, была ўзятая падпіска аб неразгалошванні, хаця гэта супярэчыць крымінальна-працэсуальнаму кодэксу. Таму атрымліваецца, што з аднога боку ёсць поўная таямніца, удзельнікі працэсу ня могуць нічога каментаваць і абараняць сябе, а «Советская Белоруссия» можа. І такое не ў першы раз. Можна згадаць справу Гайдукова, калі суд праходзіў у закрытым рэжыме, а «СБ» пры гэтым публікавала матэрыялы справы», – адзначыў Стэфановіч у інтэрвʼю Белсату.

У газеце «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў вялікі артыкул, прысвечаны «Беламу легіёну». У ім гаворыцца, што па справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзяць 35 асобаў, супраць 20 з іх высунулі абвінавачванне ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання (арт. 287 Крымінальнага кодэксу РБ).

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў