Першая кроў. Як спецпадраздзяленне «Альфа» разганяла няскораных дэпутатаў


Кажуць, леў становіцца людаедам, як толькі першы раз паспрабуе чалавечай крыві. Сённяшняя ўлада яе паспрабавала ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года. Менавіта тады «маскі-шоў» брутальна спынілі галадоўку дэпутатаў Апазіцыі БНФ, якая ўваходзіла ў склад Вярхоўнага Савету 12-га склікання.

Для тых, хто ў той год толькі нарадзіўся, і для іх старэйшых братоў-сёстраў нагадаю, што ў Беларусі некалі сапраўды быў парламент, які збівалі і выносілі з Авальнай залі…

Дакладней, не ўвесь парламент, а тых 19 асобаў, што асмеліліся пратэставаць супраць «рэферэндуму аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» у якасці дзяржаўных сімвалаў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і права прэзідэнта распускаць парламент».

Дзякуй Сяргею Навумчыку за цытату, а 19-ці адважным дэпутатам за прадбачанне таго, што адбываецца зараз.

Магчыма, нехта не пагодзіцца, але, на мой погляд, у красавіку 1995 года адбылася амаль не самая крэатыўная акцыя беларускай апазіцыі за ўвесь час яе існавання. Гэта была не проста галадоўка, а арыгінальны публічны пратэст прама пад трыбунамі беларускага парламента.

Мяцежныя дэпутаты расселіся літаральна «пад нагамі» спікераў, і прыхільнікі «прэзідэнцкіх рэформаў», былі вымушаны наўпрост глядзець у вочы тым, хто называў «рэформы» звычайным злачынствам…

З псіхалагічнага пункту гледжання гэта ВЕЛЬМІ складана, таму парламенцкае падтрыманне, на якую так разлічвалі, пачала «прабуксоўваць». Наступствы – хуткая і жорсткая рэакцыя, якая хоць стала нечаканай, але была цалкам прагназавальнаю.

Шукаць кампрамісы дзейная беларуская ўлада не здольная па вызначэнню і нічога акрамя сілы не прызнае. Каманда «Фас!» – лагічнае для яе дзеянне. Як і тое, што прагучала яна сярод ночы, подла і агідна.

Тады ў краіне яшчэ давяралі пракуратуры, якая потым афіцыйна засведчыла: ў «аперацыі» бралі ўдзел 600 байцоў і афіцэраў з некалі знакамітай групы КДБ «Альфа».

То бок, больш як трыццаць байцоў на кожнага пратэстоўца…

Узгаданая «Альфа» зусім не выдумка «нячэснага» журналіста. Назву агучыў генерал Валерый Кез, чалавек, які некалі быў намеснікам старшыні беларускага КДБ і чальцом Савету бяспекі.

Валеры Віктаравіч у свой час уваходзіў у бліжэйшае атачэнне Лукашэнкі, таму добра ведаў пра што казаў. Больш за тое, менавіта ён аддаў загад на збіццё і «вынас целаў» непакорных дэпутатаў.

Пра тое, хто аддаў пісьмовы загад самаму генералу Кезу, здагадацца не цяжка…

Як няцяжка дагадацца і пра тое, што «цыдулка» тая на 100 % захавалася. Як і відэазапіс начнога нападу…

У тым, што касета існавала ўвогуле, сумневаў няма, бо шмат гадоў таму былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір расказваў аўтару гэтых радкоў пра тое, як з раніцы 12 красавіка тагачасны кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын паказваў яму «начное кіно».

Чыгіра яно літаральна шакавала. І не толькі незвычайнай для Беларусі жорсткасцю. Шакавала разуменнем таго, што некалі за зробленае іншымі прыйдзецца адказваць у тым ліку і яму, бо ў будучым ніхто не паверыць, што прэм’ер-міністр цэлай краіны мог нечага ў ёй не ведаць.

Тым не менш гэта так.

Усе дэталі ведалі толькі той, хто аддаваў загад і тыя, хто яго выконваў. Дарэчы, першапачаткова планавалася выкарыстанне нейкага газа і нават фізічнае знішчэнне непакорных дэпутатаў.

На шчасце, нічога фатальнага, апроч юрыдычнага згвалтавання краіны тады не адбылося. Як і трэба было чакаць, праз два месяцы быў выйграны першы рэферэндум, які не толькі ўсё ўзаконіў, але і стаў для Беларусі далёка не апошнім.

Наколькі мне вядома, відэакасета была перададзена «замоўшчыку», а потым таямніча «знікла». Аднак гарантый, што ніхто не зрабіў копіяў, няма і быць не можа, і я ўпэўнены: калі ўлада зменіцца, Беларускае тэлебачанне яе абавязкова пакажа…

Ніколі не быў прыхільнікам акторскіх эксперыментаў Сільвестра Сталоне, але, для напісання гэтых нататак прыйшлося звярнуцца да ўсё ведаючай «Вікіпедыі». Быў крыху ўражаны тым, што прозвішча Рэмба, па адной з версій паходзіць ад назвы гатунку французскіх яблык, якія прынесла жонка пісьменніка Дэвіда Марела, калі той прыдумваў, як назваць галоўнага героя свайго новага рамана.

У нейкім сэнсе вясной 1995 года Беларусь таксама «пачаставалі яблыкамі». Крывавымі прадвеснікамі «знікненняў», зачыстак, «сутак» і г.д….

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

Стужка навінаў