Саюз журналістаў Украіны патрабуе ад Лукашэнкі вызваліць Аляксандра Баразенку


Нацыянальны саюз журналістаў Украіны заявіў пра пратэст супраць арышту журналіста «Белсату» і патрабуе яго неадкладна вызваліць.

Тэкст звароту прыводзім ніжэй

«Мы, украінскія журналісты, выказваем сваю салідарнасць з беларускім журналістам, аператарам тэлеканалу «Белсат» Аляксандрам Баразенкам, якога Маскоўскі раённы суд Менску 27 сакавіка прысудзіў да 15 сутак арышту.

 

Момант затрымання Аляксандра Баразенкі зафіксаваны на відэа. Ён вёў прамы эфір з месца падзей, быў цалкам спакойным і неаднаразова паўтараў супрацоўнікам АМАП: «Журналіст! Журналіст!». Паколькі гэта відэа не стала доказам невінаватасці для суддзі Тамары Мотыль, мы лічым, што суд над нашым калегам Аляксандрам Баразенкам зʼяўляецца формай рэпрэсіяў і запалохвання за яго прафесійную дзейнасць, – адзначаецца ў звароце НСЖУ.

Мы шкадуем, што на «астраўку стабільнасці і спакою», у Беларусі нашы калегі вымушаныя ўжываць такія надзвычайныя спосабы абароны ўласнай годнасці, як галаданне. Лічым, што Аляксандр Баразенка за сваю сумленнасць і добрасумленнасць заслугоўвае павагі.

Выказваем свой пратэст супраць незаконнага пераследу журналіста пры выкананні прафесійных абавязкаў і патрабуем ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Аляксандра Баразенкі».

15 соднямі арышту Аляксандру Баразенку пакарала суддзя Таццяна Мотыль, неаднаразова заўважаная ў палітычных рэпрэсіях. Аляксандр Баразенка ды іншыя асуджаныя журналісты адбываюць пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Аляксандр Баразенка аб’явіў галадоўку на знак пратэсту з незаконным пераследам.

Таксама на Акрэсціна адбываюць арышт журналісты Марына Кастылянчанка (15 сутак), Сяргей Кійко (12 сутак), Раман Пратасевіч (10 сутак) і Дзяніс Івашын (5 сутак). Генеральная пракуратура адмовіла БАЖу у праверцы па факце затрымання журналістаў

Вы можаце напісаць ім лісты падтрымання.

Чытайце больш >>>

Стужка навінаў