Як ідэолаг з Берасця «засакрэціў» краязнаўчы музей


Ідэолаг з Берасця Вадзім Ляўковіч, які перашкаджае журналістам працавацьНачальнік ідэалагічнага аддзелу па працы са СМІ берасцейскага аблвыканкаму Вадзім Ляўковіч забараніў працаўнікам берасцейскага краязнаўчага музею даваць інтэрвю здымачнай групе «Белсату».

Журналісты здымалі для навінаў культуры на «Белсаце» сюжэт пра закрыццё праекту «Модны чацвер у музеі».

«Па ходзе праекту (а гэта паўгода) мы ўжо рабілі матэрыялы з цыклу імпрэзаў, нам увесь час працаўнікі музею давалі інтэрвю і нікому гэта не замінала. – распавядае журналіст Алесь Ляўчук. – Аднак гэтым разам араганізатары нам адмаўляліся даваць каментары. У прыватнай размове нам паведамілі, што даваць інтэрвю «Белсату» усім працаўнікам музею забараніў ідэолаг Вадзім Ляўковіч. «Мне вельмі шкада, я лічу, гэта глупствам, але ёсць загад не даваць вам ніякіх каментароў» – сказаў нам адзін з працаўнікоў музею».

Пазней да журналістаў падышоў і ўласна Вадзім Ляўковіч, які пачаў патрабаваць паказаць акрэдытацыю. «Я параіў яму вучыць законы. Гэта першая спроба ціску, якая аказана на нас пасля прэзідэнцкіх выбараў. Лічу, ненармальным што чыноўнік, які жыве на падаткі беларусаў ходзіць і паказвае каму можна даваць інтервю, а каму не» – падкрэслівае Алесь Ляўчук.

Здымачная група «Белсату» ўсе ж зняла сюжэт, які сёння выйдзе ў навінах культуры. Праўда, без афіцыйнага каментара.

За супрацу з «Белсатам» у канцы 2014 у пачатку 2015 году Алеся Ляўчука судзілі тройчы на падставе артыкула 22.9 КаАП. Журналіста пакаралі штрафам у 40 базавых (6 мільёнаў рублёў), 21 базавую велічыню (3 мільёны 780 тысяч рублёў) і 50 базавых велічынь (9 млн рублёў).

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў