Удзельнікі дазволенай уладамі акцыі сабраліся на скрыжаванні Бульвара Касманаўтаў і вуліцы Машэрава і калонай прайшлі да плошчы Свабоды, дзе адбыўся мітынг.
У шэсці ўзялі ўдзел у тым ліку Аляксандр Мілінкевіч, Іна Кулей і Таццяна Караткевіч.
Па выніках мітынгу была прынята наступная рэзалюцыя:
Мы, удзельнікі мітынгу 25 сакавіка 2017г. у Берасці лічым, што рашэнні і дзеянні гарадскіх улад не заўсёды ўлічваюць інтарэсы жыхароў Берасця. У горадзе адсутнічае механізм абароны правоў і адстойвання інтарэсаў грамадства падчас абмеркавання і прыняцця рашэнняў на ўзроўні гарвыканкаму. Гэта тычацца шырокага спектра пытанняў, у тым ліку: размеркавання гарадскога бюджэту, распрацоўкі генеральнага плана, гарадской забудовы, развіцця транспартнай інфраструктуры.
Прапануем Берасцейскага гарвыканкаму стварыць эфектыўны механізм для абароны правоў і адстойвання інтарэсаў жыхароў гораду праз фармаванне Грамадскай кансультатыўнай рады пры старшыні гарвыканкаму з удзелам аўтарытэтных асоб, экспертаў, прадстаўнікоў грамадскасці, палітычных партый і СМІ.
Даручаем арганізацыйнаму камітэту мітынгу правесці кансультацыі са старшынём Берасцейскага гарвыканкаму і супольна распрацаваць палажэнне пра фармат, паўнамоцтвы, рэгламент працы Грамадскай кансультатыўнай рады і яе персанальны склад.
Рашэнне гарвыканкаму па дадзенай рэзалюцыі просім да 25 красавіка 2017 г. данесці да жыхароў Берасця праз сродкі масавай інфармацыі.
Падчас акцыі недармаедаў і святкавання Дня Волі ў Менску брутальна затрымалі некалькі соцень чалавек. Паводле некаторых звестак лік затрыманых можа сягнуць 1000 асобаў.