Напярэдадні Дня Волі, які адзначаць 25 сакавіка, беларускія ўлады зладзілі масавае затрыманне актывістаў па ўсёй Беларусі. Усяго паводле праваабаронцаў, ахвяраў пераследу за акцыі грамадзянскага і сацыяльнага пратэсту каля 300 асобаў.
25 сакавіка, працягваюцца затрыманні палітыкаў і актывістаў па ўсёй краіне.
Ноччу на мяжы ў Берасці быў затрыманы Ўладзімір Некляеў.
У Рэчыцы затрыманы грамадскі актывіст Алег Шабетнік, а таксама знятыя з цягніка блогер Дзмітрый Лебедзеў.
За 5 хвілін да адыходу цягніка на Менск, на вакзале ў Бярозе быў затрыманы праваабаронца Сяржук Русецкі.
У Ваўкавыску на чыгуначным вакзале затрымалі актывіста Віталя Гуляка.
У Слоніме 25 сакавіка быў затрыманы каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Іван Бедка. Яшчэ адзін актывіст БХД Алесь Масюк заблакаваны сілавікамі ў сябе дома. Актывісты збіраліся ехаць у Менску на акцыю ў Дзень Волі.
Яшчэ раней каля свайго дома ў Слоніме быў затрыманы Ўладзімір Літвін, сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сілаў.
24 сакавіка
Напярэдадні Дня Волі адбыўся “хапун” у месцы збору рэчаў для арыштаваных. 9 чалавек затрымана ў Маскоўскім РУУС, усіх іх будуць судзіць 25 сакавіка за дробнае хуліганства.
Менск
23 сакавіка стала вядома аб брутальным затрыманні палітолага Алеся Лагвінца. У яго страсенне мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма і пералом носа. 22 сакавіка ў эфіры «Белсату» Алесь Лагвінец назваў Беларусь «паліцэйскаю дзяржаваю».
Таксама быў затрыманы лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка. Яму інкрымінуюць дробнае хуліганства.
Лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка затрымалі на могілках і арыштавалі завочна на 15 содняў. Сын Вячаслава, Вітаўт Сіўчык, напісаў у Facebook, што бацьку «знайшлі» на Акрэсціна, але пра ягоны стан нічога невядома.
Быў затрыманы намеснік старшыні АГП Мікалай Казлоў.
На выхадзе з працы затрымалі грамадскага актывіста Паўла Юхневіча. Ён таксама на Акрэсціна. Суд адбудзецца 24 сакавіка па адрасе Сямашка, 33.
Затрыманыя абаронцы Курапатаў і актывісты Уладзь Яроменак, Зміцер Крамянецкі і Раман Васільеў. У апошняга ў доме правялі вобшук. Маладзён папоўніў спіс затрыманых па «справе баевікоў».
Затрыманы актывіст Цэнтру развіцця студэнцкіх ініцыятываў і кампэйнер Зяленай сеткі Яўген Міхасюк. Па папярэдняй інфармацыі, ён знаходзіцца ў Першамайскім РАУС і судзіць яго будуць 24 сакавіка а 8:00.
На дадзены момант невядома, дзе знаходзіцца студэнт БНТУ Іван Кавальчук. Яго тэлефон недаступны, а ў інтэрнаце, дзе ён жыве, адбыўся вобшук.
У Чачэрску затрымалі да суду Арцёма Кавалёва. Яго прывезлі ў Чачэрскі РАУС. Пра гэта паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка.
Уначы затрымалі Вадзім Лявона, каардынатар Руху «За Свабоду» па Гродзеншчыне. У яго бацькоў прайшлі вобшукі. Сілавікі канфіскавалі дакументы.
У Горадні ўдзельнік несанкцыянаванага мясцовымі ўладамі «маршу недармаедаў» Эдвард Дмухоўскі атрымаў 15 содняў адміністратыўнага арышту.
У Маладзечне затрымалі актывіста «Пошугу» Паўла Сяргея.
Актывіста Андрэя Стрыжака забралі на содні за «несанкцыянаваны мітынг» 21 лютага.
Блогеру Максіму Філіповічу далі яшчэ пяць содняў.
Алесь Лагвінец: Беларусь – паліцэйская дзяржава
Стваральнік «Белага легіёну»: Нехта склаў пазлік і ў Лукашэнкі сарвала дах
Яўгену Афнагелю далі 15 содняў.
А 20:39 стала вядома, што быў затрыманы грамадзянскі актывіст і адзін з заснавальнікаў моладзевай арганізацыі «Зубр» Яўген Афнагель. У ягонай хаце ідзе вобшук.
22 сакавіка а 19:40 затрымалі журналістак, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам» Вольгу Давыдаву і Любоў Лунёву. Пакуль без пратаколаў.
Вольга Давыдава вяла стрым з Ленінскага РАУС, куды забралі малаладафронтаўцаў. Міліцыянты Ленінскага РАУС таксама затрымалі жонку Змітра Дашкевіча Насту.
Журналістак затрымалі нібыта за відэаздымкі.
А 20:47 Вольга Давыдава паведаміла, што яе, Любоў Лунёву і Насту Дашкевіч адпусцілі.
Увечары 22 сакавіка ў Менску затрымалі маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Арцёма Леўчанку. Міліцыянты прыйшлі за грамадскім актывістамі ў кватэру вядомага гісторыка Уладзіміра Арлова.
«Пальчэўскі Сяргей (абаронца Курапатаў і таксама маладафронтавец – Заўв. Belsat.eu) у гэты час ездзіў на нашай машыне за неабходнымі інструментамі, падʼязджаючы да кватэры яго хацелі затрымаць. Відаць, ён вырашыў не выходзіць з машыны. У машыны разбіта бакавое шкло, машына раскрытая, Сяргея няма» – піша жонка Змітра Дашкевіча Наста Дашкевіч у сваім «Facebookʼу».
«Я вярнулася, убачыла на лесвіцы цэлы натоўп невядомых мне людзей і Змітра Дашкевіча і Арцёма Леўчанку тварам да сцяны. Калі я спытала ў чым справа, мне сказалі, што ў мяне працавалі дрэнныя работнікі, бо выбілі на кухні дзверы, таму прыйшлося прыехаць іх затрымліваць. Я сказала, што я як гаспадыня нікога не выклікала. І ён не стаў болей са мной размаўляць», – распавяла Belsat.eu жонка Уладзіміра Арлова Валянціна Аксак.
Пінскаму актывісту далі 5 сутак за заклікі на акцыі. 21 сакавіка Змітра Сергіевіча выклікалі ў пракуратуру, куды ён вырашыў пайсці разам з журналістам «Белсату» Віктарам Ярашуком.
«Баяўся ісці адзін. Мяне прынялі на месцы. Пазней мне патэлефанавала маці і сказала, што яму далі 5 содняў за заклікі на акцыю 11 сакавіка», – распавёў Belsat.eu Віктар Ярашук.
Раніцай 22 сакавіка затрымалі адну з арганізатарак берасцейскага Маршу недармаедаў Наталлю Папкову. Супрацоўнікі міліцыі ў форме падышлі да актывісткі на прывакзальнай плошчы чыгуначнага вакзалу, паведамілі відавочцы здарэння.
У Баранавічах судзілі грамадскіх актывістаў Рыгора Грыка і Мікалая Чарнавуса старэйшага за ўдзел у акцыях «недарамаедаў».
Трое сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў 22 сакавіка сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з Лунінца Аляксандр Неўдаха. Справу разглядала суддзя суду Лунінецкага раёна Алена Сініцкая.
У Горадні грамадскія актывісты атрымалі позвы ў суд Ленінскага раёну на 23 сакавіка ў звязку з іхным удзелам у акцыі «недармаедаў», якая праходзіла ў горадзе 15 сакавіка.
Суд Лідскага раёну 22 сакавіка пакараў актывістаў Валерыя Мінца і Вітольда Ашурка адміністратыўнымі арыштамі на 10 і 12 сутак адпаведна за ўдзел у лютаўскім «Маршы абураных беларусаў» у сталіцы, паведамляе spring96.org.
21 сакавіка праваахоўнікі затрымалі Алеся Яўдаху. У той жа дзень затрымалі аднаго з лідараў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага. Акрываўленага Лазоўскага прывезлі дадому каля 20:00 людзі ў масках для здзяйснення вобшуку, паведаміла крыніца Belsat.eu. Цяпер, імаверна, ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.
Жорсткія затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй, якія рыхтавалі правакацыю. Нібыта іхныя лагеры былі пад Бабруйскам, у Польшчы, Украіне і Літве.
ВЧ, ЮВ, belsat.eu