Новая схема выбівання грошай з тых, хто пабудаваў кватэру: рэзка павышаюць цану перад засяленнем


На замову Упраўлення камунальнага будаўніцтва Менскага раёну жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў «БТІ – 2007» пабудаваў у Калодзішчах дамы. У эксплуатацыю іх здалі два гады таму, але частка чальцоў кааператыву дагэтуль не можа атрымаць папераў пра рэгістрацыю права ўласнасці ды ключоў ад кватэраў.

Рэч у тым, што праект дамоў змянілі: напрыклад, замест 12-метровых паляў фундаменту выкарысталі 24-метровыя. Праз гэта кошт жытла павысіўся амаль на чвэрць. Але сябрам кааператыву пра гэта паведамілі толькі пры канцы будаўніцтва. Пакуль судовыя разборы і экспертызы не далі плёну. Але людзі не трацяць надзеі ды збіраюцца на прыём да старшыні Вярхоўнага суда.

Глядзіце сюжэт праграмы «Маю права» ад 12:55 (відэа вышэй).

Таксама ў праграме:

Жыхары Паўночнага пасёлку ў сталіцы агаломшаныя звесткамі пра знос

Знос прыватнае забудовы – не першы год адна з самых балючых тэмаў для жыхароў сталіцы.

Таццяна Пенкрат жыве ў пасёлку Паўночны, што месціцца на ўскрайку Менску. Летась у кастрычніку яе агаломшыла навіна: адміністрацыя Заводскага раёну пастанавіла знесці ейны дом. І гэта пры тым, што ў 2013 годзе жанчына атрымала ў Менгарвыканкаме дазвол на маштабнае дабудоўванне жытла. Вядома, што за тры гады на гэтую справу пайшло нямала сілаў і грошай. У гэткай сітуацыі цяпер не толькі спадарыня Таццяна, але і яшчэ некалькі дзясяткаў жыхароў Паўночнага.

Удзельніцу Маршу абараных беларусаў праз дзеянні міліцыянтаў забрала хуткая дапамога

У лютым Галіна Лагацкая сярод тысяч беларусаў брала ўдзел у акцыі супраць дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве».

У першы дзень вясны спадарыню Галіну выклікалі ў міліцыю, каб тая патлумачыла свой удзел у Маршы абураных беларусаў. Маючы негатыўны вопыт зносінаў з праваахоўнікамі, нашая гераіня мелася запісваць размову на дыктафон. Скончылася гэта тым, што праваахоўнікі змясцілі жанчыну ў камеру часовага ўтрымання, адкуль яе вызвалілі працаўнікі хуткай дапамогі, прыехаўшы паводле ейнага выкліку.

Апытанне: якія эмоцыі ў вас выклікае слова «міліцыя»?

Беларуская міліцыя з вялікаю помпай адсвяткавала сваё стагоддзе.

Урачыстасці адбываліся ў цэнтры сталіцы. Мы пацікавіліся ў мінакоў: якія асацыяцыі выклікае ў іх слова «міліцыя»?

Вёску ад свету аддзяляюць шэсцьсот метраў непераадольнага бруду

Вёска Маглышы месціцца ўсяго за кіламетр ад Слуцку. Але яе жыхары засталіся адрэзанымі ад свету.

Адзіная дарога, што злучае населены пункт з асфальтаваю трасаю, – шэсцьсот метраў жвіроўкі – разгразла настолькі, што па ёй не можа праехаць аўта. Праблемы з праездам паўстаюць кожнаю вясною і восенню. Але сёлета стан дарогі значна пагоршыўся: яе ўшчэнт разбілі цяжкавікі з цукровага заводу, што месціцца побач. Цяпер жвіроўкаю не могуць праехаць ні мясцовыя жыхары, ні аўталаўка, ні экстраныя службы.