Арыштаваны ды жорстка збіты адзін з лідараў колішняга «Белага Легіёну» Міраслаў Лазоўскі


Акрываўленага Лазоўскага прывезлі дадому каля 20.00 людзі ў масках для здзяйснення вобшуку, паведамляе крыніца belsat.eu. Зараз, імаверна, ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

Лазоўскі знік каля 19.00, пасля таго, як выехаў з офісу ЗБС «Бацькаўшчына». Ён меў сустрэчу ў горадзе і рухаўся ў бок вуліцы Маякоўскага. Пасля яго тэлефон аказаўся адключаным.

Як апынулася, яго затрымалі людзі ў цывільным. Акрываўленага, моцна збітага, Лазоўскага прывезлі дадому каля 20.00, пазней там дзве гадзіны трываў вобшук. Канфіскоўваўся спартовы рыштунак ды нават сувенірныя нажы. Інфармацыі пра тое, па якой справе было здзейснена затрыманне, няма. Людзі ў цывільным, прысутныя падчас вобшуку паведамілі таксама, што яго вязуць у «белую вежу», то бок у адно з СІЗА па вуліцы Валадарскага.

Не адказваюць тэлефоны і іншых былых сяброў «БЛ», што дае падставы меркаваць і пра іх знікненне. Інфармацыя на гэты конт правяраецца.

Яшчэ ў мінулую суботу ў сацыяльных сетках з’явіліся фэйкавыя заклікі нібыта ад імя «БЛ» да радыкальных сцэнароў падчас Дня Волі. Быў створаны таксама фэйкавы акаўнт самога Міраслава, з яго распаўсюджвалася аналагічная інфармацыя. Лазоўскі ў наступны дзень цалкам абверг сваю датычнасць да заклікаў.

Міраслаў Лазоўскі ў свой час быў актыўным удзельнікам спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы Легіён», якая займалася выхаваннем моладзі, а таксама ўдзельнічала ў вулічных акцыях 1990-х. У 2000-х Легіён згарнуў сваю дзейнасць. На дадзены момант Лазоўскі з’яўляецца памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор».

Затрыманні могуць быць звязаныя з заявамі Лукашэнкі наконт «базаў падрыхтоўкі баевікоў» пад Асіповічамі ды Бабруйскам.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў