Беларускі бок назваў распаўсюджанне падрабязнасцяў прарыву джыпу «непатрэбным папулізмам»


Беларусь незадаволеная, што Украіна апублікавала пратакол сустрэчы пагранведамстваў, якая адбылася 20 сакавіка. 

«Расследаванне яшчэ не завершана. Ідзе праца па высвятленні фактаў, збор доказаў. У гэтых абставінах падобная гульня ў «празрыстасць» больш падобная на спробу апярэдзіць падзеі. Мы спадзяемся, што ў інтарэсах агульнай памежнай бяспекі нашым украінскім калегам у далейшым атрымаецца пазбегнуць праблем непатрэбнага папулізму», – адзначыў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі.

Пратакол працоўнай сустрэчы апублікаваў у сваім Facebook’у памочнік старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Алег Слабадзян.

«І ў завяршэнне гісторыі з аўтамабілем, затрыманым учора беларускімі памежнікамі паблізу пункта пропуску «Аляксандраўна». Учора памежнікі Жытомірскага атраду правялі памежна-прадстаўнічую сустрэчу з беларускімі калегамі. У выніку беларускі бок прызнаў, што 1) падстаў казаць аб тым, што аўтамабіль прыбыў з украінскага пункта пропуску – няма; 2) што беларускі бок парушыў асобныя пункты Плана ўзаемадзеяння; 3) у далейшым абавязваецца своечасова інфармаваць аб атрыманай інфармацыі…

Сёння ў Магілёве падчас сустрэчы з працаўнікамі прадпрыемства «Кронаспан» Лукашэнка таксама падняў тэму прарыву праз мяжу. Ён адзначыў, што супраць парушальнікаў узбудзілі крымінальную справу.

«Мяне гэта ўразіла. За свае гады я не памятаю такой ночы, пяць буйных здарэнняў. Як толькі ў нас зашавялілася пятая калона. Яны самі завуць і жадаючыя зʼявіліся зрабіць тут заварушку. Такіх людзей не сотні тысяч, але тысячы ёсць. Спецыялістаў, якія робяць правакацыі. Імі кіруюць спецслужбы канкрэтных дзяржаваў, здагадайцеся якіх… Следчы камітэт разбярэцца», – сказаў ён.

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй. Іхныя лагеры былі пад Бабруйскам, у Польшчы, Украіне і Літве.

Стужка навінаў