Як малых праўнукаў Францішка Багушэвіча разам з маткаю выслалі ў Сібір


Крыстыне было 7 гадоў, а ейнаму брату Лешку не было і чатырох. Іх не ўратаваў ні малы век, ні сваяцтва з класікам беларускай літаратуры. Камуністы пагрузілі ў 1939 годзе дзяцей ды іхную матку ў цялячыя вагоны і вывезлі ў Сібір. Успамінамі пра нялюдскія здзекі, голад, хваробы ды страх падзялілася праўнучка Францішка Багушэвіча – Крыстына Шманьда.

Спадарыня Крыстына цяпер жыве ў Варшаве, але нарадзілася ў 1932 годзе ў леснічоўцы Падзялёная пад Смаргонню. Тады гэта быў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства ў складзе Польшчы. Ейная маці – Станіслава Тамашэўская – была сярэдняй дачкой Тамаша Багушэвіча, сына слыннага паэта і абаронцы беларускай мовы Францішка Багушэвіча.

Крупы і мука ў зямлянцы

Бацька спадарыні Крыстыны – Юзаф Тамашэўскі – працаваў у міжваенны час ляснічым, маці ж кіравала хатняй гаспадаркай. Спадарыня Крыстына ўзгадвае, што сям’я жыла ў дастатку, а маці магла сабе дазволіць купіць у Вільні сукенкі, прывезеныя адмыслова з Францыі.

Вясною 1939 года Юзаф і Станіслава Тамашэўскія пачалі рыхтавацца да вайны, пра якую не пераставалі паўсюль гаварыць. Сям’я жыла тады ў леснічоўцы Рэпішча пад Мядзелам, куды па службе перавялі бацьку Крыстыны. Дзяўчынка запомніла, што дарослыя разбудавалі зямлянку, якая перад гэтым служыла за лядоўню і дзе разам з кавалкамі лёду захоўвалі прадукты. У зямлянцы цяпер рабілі запасы з крупаў і мукі. У дзіцячых кажушках Крыстынкі і ейнага амаль на 4 гады малодшага брата Лешка мама зашыла царскія залатыя чырвонцы.

Станіслава і Юзаф Тамашэўскія. Фота з сямейнага альбома Крыстыны Шманьды

Пра напад Нямеччыны на Польшчу і пачатак ІІ сусветнай вайны бацькі Крыстыны пачулі па радыё. Дома запанавала вялікая трывога. Праз пару тыдняў, шпацыруючы па лесе, Юзаф і Станіслава пабачылі вершніцу, якая стрымгалоў імчалася на кані праз лес. Пабачыўшы людзей, яны прыпыніла каня ды прадставілася – гэта была ўладальніца маёнтку, які месціўся непадалёк. Кабета распавяла, што ўцякае ад савецкіх войскаў, якія надыходзяць з усходу.

Крыстына была ў гэты час у школе ў суседняй вёсцы. Калі дзяўчынка вярталася дадому, яе зачапіла незнаёмая жанчына ды папярэдзіла, што ноччу непрыяцелі іхнай сям’і хочуць спаліць іх дом. Калі ўлада змянілася, Юзафу маглі адпомсціць вяскоўцы, якія затаілі на яго крыўду праз тое, што не даваў ім высякаць дзяржаўны лес. Крыстына пабегла дахаты, каб усё расказаць бацькам, але тыя ўжо пра ўсё ведалі. Дарослыя спакавалі найбольш каштоўныя рэчы ў заплечнікі ды паехалі разам з дзецьмі да сваіх знаёмцаў у далейшую вёску.

Застрэлены сабака

Маці спадарыні Крыстыны – Станіслава Тамашэўская – пісала ў сваіх мемуарах, якія пакінула для родных: «Людзі там былі да нас зычлівыя і далі нам начлег. Мы сядзелі там да поўначы пры газавай лямпе, бо не маглі заснуць. Размаўлялі з гаспадарамі. Мы не ведалі, што за акном стаяў селянін з карабінам, скіраваным у майго мужа. На шчасце, ён не выстраліў, бо гаспадар хаты засланяў яму цэль».

На наступны дзень уцекачы даведаліся пра загад новых уладаў нікога не рабаваць, таму вярнуліся ў сваю леснічоўку.

Станіслава Тамашэўская напісала ў сваіх успамінах, што дом быў, аднак, разрабаваны, а ўсе найбольш каштоўныя рэчы зніклі. «Мы ледзь паспелі адыйсці ад гэтага, як раптам сярод ночы пачуўся брэх сабакі, а потым выстрал. Сабаку забілі. Праз момант пачалі выносіць дзверы і страляць у вокны. У майго мужа было хворае сэрца, ён непрытомны ўпаў на падлогу. Дзеці ўціснуліся пад ложкі. Я ж не ведала, што рабіць. Некалькі дзясяткаў чалавек крычалі за вокнамі: «Адчыняй!» Я не паспела апрануцца, у начнушцы пайшла адмыкаць дзверы. У дом улез натоўп з блізу 70 чалавек. Яны перавярнулі ўсё дагары нагамі, шукаючы зброю. Забралі дубальтоўку мужа і мой штуцар», – пісала ўнучка Францішка Багушэвіча.

Сядзяць Станіслава і Юзаф Тамашэўскія з дзецьмі. Фота з сямейнага альбому Крыстыны Шманьды

Праз некалькі дзён жыхары леснічоўкі зноў пачулі грукат у дзверы – чатыры мужчыны арыштавалі галаву сям’і. Ягоная жонка аднак згадала, што раней на адным са шляхецкіх баляў запрасіла на белы вальс зграбнага мужчыну, якім не зацікавілася ніводная іншая жанчына. Усе стараліся яго ігнараваць, бо гэта быў камуніст, які нават адбываў пакаранне за свае погляды і дзейнасць у турме ў Бярозе-Картузскай. Праз запрашэнне камуніста на танец муж Станіславы і рэшта гасцей мела да яе шалёныя прэтэнзіі, але цяпер той мужчына стаў адным з савецкіх службоўцаў і мог дапамагчы. Станіслава пазваніла да яго з просьбай заступіцца за мужа. Функцыянер паабяцаў, што Юзаф хутка вернецца дадому. І сапраўды, праз тыдзень былы ляснічы, увесь у сіняках і падзёртай вопратцы, вярнуўся пехатою да родных.

Кавалак саланіны, цялячыя вагоны і норма ў 12 тон барыту

Пасля такіх падзеяў сужэнства пастанавіла ўцякаць і пераехала з дзецьмі за 30 км у мястэчка Кабыльнік (цяпер Нарач), дзе знялі двухпакаёвую кватэру. Юзаф аднак мусіў пакінуць сям’ю і хавацца па знаёмых, бо разыходзіліся чуткі, што камуністы будуць хапаць мужчын ды высылаць у Сібір. Станіслава засталася з дзецьмі адна, але не знаходзіла спакою, яе ўвесь час грызла трывога, таму яна пастанавіла вярнуцца ў маёнтак свайго бацькі – Кушляны, дзе жылі з сем’ямі дзве ейныя сястры. Але за дзень да ад’езду ў кватэру ўварваліся савецкія байцы з мясцовымі камуністамі. Станіславе далі гадзіну, каб сабраць рэчы і пакінуць кватэру. Калі ж жанчына пайшла на кухню, каб адкроіць кавалак саланіны ў дарогу ды ўзяла нож, то адзін з савецкіх жаўнераў адразу ж прыставіў ёй карабін да патыліцы. Жанчына паклала нож назад. Яе з 7-гадовай дачкой і 3-гадовым сынам адвезлі ў санях на чыгуначную станцыю. У 30-градусны мароз іх разам з іншымі бяздольнікамі загналі ў цялячыя вагоны і павезлі на ўсход.

Крыстына Шманьда – праўнучка Францішка Багушэвіча. Фота Дзяніса Дзюбы

«У вагоне не было месца, каб можна было справіць фізіялагічныя патрэбы, – пісала ў сваіх успамінах Станіслава Тамашэўская. – Нехта з мужчынаў высек у падлозе адтуліну, які быў для нас усіх туалетам. У майго маленькага сына здарыўся панос. Ён страшна мучыўся. Вады хапала толькі, каб піць. З вопраткі нічога нельга было памыць. Азадак дзіцяці быў нібы апараны кіпнем».

Па дарозе ў вагонах, на сценах якіх праступала намаразь, людзі паміралі як мухі. Тады ахоўнікі проста выкідвалі трупы з вагонаў пад адход, а цягнік ехаў далей. Часам на станцыях людзям давалі голы варатак, а бывала, што ўсіх запар гналі пад халодны душ.

Толькі праз некалькі тыдняў Станіслава з малымі трапіла ў пасёлак Змеінагорск у Алтайскім краі. Новапрыбылых размясцілі на нарах у доўгіх драўляных бараках. Праз некалькі дзён «камандзір» у форме сабраў усіх дарослых ды павёў іх у даволі стромыя горы, на якія трэба было караскацца.

Спадарыня Крыстына паказвае герб Багушэвічаў – «Газдава». Фота Дзяніса Дзюбы

«Калі мы ўсе залезлі, «камандзір» падняў белы каменьчык ды паказаў яго нам. Сказаў, што гэта барыт і мы мусім яго збіраць. Гэтае заданне не падалося нам нечым страшным. Мы нават мераліся, хто назбірае найбольш. Гэтак мінуў першы дзень нашай працы. На другі дзень мы мусілі ісці ў горы на самым досвітку. Нам далі кіркі, насілкі і загадалі выкопваць барыт, а ў бок адкладаць так званыя «пустыя» камяні. Прызначылі норму, якую за дзень мелі накапаць ды вынесці два чалавекі. Спачатку норма складала 8 тон, а пазней стала 12 тон», – можна прачытаць у мемуарах унучкі беларускага паэта. Барыт выкарыстоўвалі ў Савецкім Саюзе пры вытворчасці фарбаў, паперы, лекаў, гумы і гэтак далей.

Найвялікшым выпрабаваннем для сасланай была, аднак, не праца, а тое, што яна мусіла пакідаць дзяцей адных на цэлы дзень. «Яны плакалі і не хацелі мяне адпускаць, бо былі прывыкшы, што я заўсёды была з імі. Мой маленькі трохгадовы сынок трымаў мяне за руку, якую я мусіла вырываць. А потым бег за мной, трымаючыся за падол. Аднаго разу мне ўдалося выйсці, а малы застаўся ў бараку. Калі ён пабачыў мяне праз акно, выскачыў праз яго, пабіўшы шыбу і даволі моцна зраніўшыся», – пісала Станіслава Тамашэўская.

Паказ фатаграфій суправаджаецца тлумачэннямі. Фота Дзяніса Дзюбы

Застаўшыся без нагляду, малыя Крыстына і Лешак прыдумалі наступную забаву: бегаць праз дарогу перад цяжкавікамі – чым бліжэй да машыны, тым лепей. Іхная маці ніколі не даведалася пра такія гулі.

У канцы лета «камандзір» загадаў усім пакінуць баракі і капаць сабе зямлянкі. Станіслава ў руках цягала гліну ды дзёран на зямлянку. Ейная праца нагадвала Сізіфаву, бо што ні нацягае дзёрну, ноччу яго кралі іншыя сасланыя на свае зямлянкі. Але неяк з горам папалам жанчына скончыла будаўніцтва.

«На працу я хадзіла штодзённа, ніякіх выходных не было. Мы маглі застацца толькі тады, калі была снежная бура. У маразы барыт прыклейваўся да рукавіцаў, трэба было працаваць голымі рукамі. Рукі і ногі ў мяне былі адмарожаныя, а пазногці на руках былі здзёртыя да крыві. Зарабляла я вельмі мала, ледзь хапала на хлеб, па які трэба было стаяць у чарзе ад позняга вечара, часам цэлую ноч да рання. Але хлеба і так не ўсім хапала. Тыя, хто пазней заняў чаргу, мусіў на заўтра зноў стаяць па хлеб. Пасля такой ночы на марозе сілаў не было ні на што, а трэба было ісці на працу. Дзеці заставаліся ў зямлянцы, у якой было застаялае паветра», – прыгадвала ў сваіх мемуарах спадарыня Станіслава.

Сямейны альбом. Фота Дзяніса Дзюбы

У пошуках ляндрынак і сырая капуста

Дзеці Станіславы тым часам самі прыдумлялі сабе, чым заняцца. Аднойчы суседзі пачаставалі іх ляндрынкамі-смактулькамі. Іх смак падаўся дзецям райскім. Увесь час маючы гэты смак у роце, дзеці надумаліся залезці ў суседскую зямлянку, калі гаспадароў не будзе дома, ды ўкрасці найлепшыя ў свеце прысмакі. Малыя доўга лазілі па той зямлянцы, заглядаючы ў кожны куток, але нічога так і не знайшлі. Крыстына прызнаецца, што дакоры сумлення за той учынак яна мела яшчэ доўга, а сваю першую ў жыцці споведзь яна распачала менавіта з расповеду пра тое здарэнне.

Спадарыня Крыстына ўспамінае: «Неяк мама прынесла аднекуль квашаную капусту і папрасіла раніцай, адыходзячы на працу, каб я яе зварыла. Я паставіла дзве цагліны, паміж імі наклала галля, наверх паставіла рондаль з капустай і падпаліла. Галлё хутка згарэла, а вада з капустай нават не зрабілася цёплай. Цэлы дзень я падкладала і і падпальвала галлё. Я была ўся спацелая, а капуста заставалася цвёрдай. Мама вярнулася з працы і была на мяне вельмі злая. Мне ж тады было ўсяго 8 гадоў».

Спадарыня Крыстына, здымкі і ўспаміны. Фота Дзяніса Дзюбы

Станіслава, каб пракарміць дзяцей, выменьвала на ежу рэчы, якія ўзяла з сабою з Віленшчыны. Аднойчы яна пастанавіла пайсці да кіргізаў, якія расклалі свае юрты за некалькі кіламетраў ад зямлянак сасланых. Жанчына ўзяла скураныя боты для верхавой язды, каб памяняць іх на муку. «Кіргізы акурат забілі каня і варылі мяса ў вялізным катле, – апісала той выпадак спадарыня Станіслава. – Яны выцягвалі паўсырое мяса з катла віламі, дзерлі па кавалку і елі, у нечым нагадваючы дзікіх жывёлаў. Мяне ахапіў страх і я ўжо хацела развярнуцца, але мяне заўважылі, і два кіргізы загарадзілі мне дарогу. Я выцягнула боты і растлумачыла, у чым справа. Пасля гэтага я атрымала паўмяшка жытняй мукі. З мукі я рабіла потым зацірку».

Станіслава дастала таксама з дзіцячых кажушкоў залатыя манеты, ператапіла іх на зліткі ды памяняла ў пункце прыёму золата на сланечнікавы алей, крупы і цукеркі. Гэтым часам яна атрымала ад родных з Кушлянаў ліст, што тыя намагаліся выцягнуць Станіславу і дзяцей з Сібіры праз беларускія арганізацыі ў Вільні, прапанаваўшы ім рукапісы і дакументы Францішка Багушэвіча. Але з гэтага нічога не выйшла. «Я думаю, што беларусы ў Савецкім Саюзе не мелі такіх уплываў, каб на нешта паўплываць ды нас вызваліць», – падкрэслівае праўнучка Францішка Багушэвіча.

Шпількі пад пазногці і дзікая морква на абед

У пачатку 1941 года малая Крыстынка цяжка захварэла ды ляжала непрытомная ў гарачцы. Выглядала на тое, што ў яе было запаленне лёгкіх, але доступу да лекара не было. Ейная маці шалела і не знаходзіла сабе месца. Адзіныя лекі – гарчычныя кампрэсы і мача, якую давалі піць дзяўчынцы паводле парады знаёмых. Выздараўленне было доўгім і цяжкім, але ўрэшце дзяўчынка ачуняла, хоць пасля хваробы цалкам злысела і завашывела. Пазней сляды першага этапу туберкулёзу пакажа рэнтген.

На вясну арыштавалі Станіславу Тамашэўскую. Яе абвінавацілі ў арганізацыі ўцёкаў у Польшчу. 9-гадовая Крыстына і 5-гадовы Лешак засталіся адныя. Іхная маці нейкім цудам знайшла ў ізалятары шкло ды знарок пакалечыла ім нагу, каб пабачыцца з суседкай, якая працавала тут медсястрой. Станіслава дала медсястры мяшочак з апошнімі каштоўнасцямі, якія мела схаваныя пры сабе, ды горача прасіла, каб сям’я медсястры паклапацілася пра ейных дзяцей.

На судзе супраць Станіславы сведчыў былы практыкант ейнага мужа. Ён распавёў, што жанчына, даведаўшыся пра набліжэнне Чырвонай Арміі ў 1939 годзе, пачала забіваць хатніх птушак. «Лепей мы з’ямо, чым бандыты», – гэтак сказала тады Станіслава, паводле практыканта.

Спадарыня Крыстына мае альбом на беларускай мове, прысвечаны ейнаму прадзеду. Фота Дзяніса Дзюбы

Унучку беларускага паэта суд пастанавіў пакараць 8 гадамі турмы. Адбываць пакаранне яе вывезлі ў Барнаул. Там з жанчыны здзекаваліся, заганяючы іголкі пад пазногці, трымаючы ў перапоўненай камеры, дзе зняволеныя маглі спаць толькі на адным баку, а пазіцыю змянялі ўсе разам пасля адмысловага сігналу.

Спадарыня Крыстына прызнаецца, што з таго перыяду, калі засталася толькі з братам, памятае зусім не шмат: «Можа, гэта рэакцыя на надзвычай траўматычны досвед… Мае ўспаміны з таго перыяду – гэта толькі фрагменты: вось мы капаем дзікую моркву на лузе, вось мы пайшлі да заводу, дзе выраблялі сланечнікавы алей. Там нам давалі жмых, які звычайна скормліваюць жывёле, але для нас тады гэта быў ласунак. Я часта думала, што той голад – гэта Боская кара за тое, што дома перад высылкай я не хацела есці манную кашу ды выкідвала яе, пакуль ніхто не бачыў», – кажа жанчына.

Костачкі персікаў на абед і магічны агонь

Паводле пагаднення, падпісанага ў ліпені 1941 года паміж польскім урадам на выгнанні і савецкімі ўладамі, польскія палітычныя вязні атрымалі амністыю. Праз некалькі месяцаў з турмы вярнулася да дзяцей высахлая, як былінка, Станіслава Тамашэўская. Былая зняволеная не магла афіцыйна працаваць, таму разважала, ці не аддаць дзяцей у прытулак, дзе б яны мелі прынамсі ежу і шанцы, каб выжыць. Малая Крыстынка запомніла, што маці была ўся ўчарнелая ад згрызотаў ды ўвесь час паўтарала, што ейнае жыццё скончылася. Аднак праз некаторы час Станіслава пачала прыходзіць у сябе, пачала хадзіць па хатах ды шыць для гаспадароў, зарабляючы на хлеб. У гэты ж час яна паспрабавала варажыць на картах за грошы, хоць не мела ніякага паняцця пра гэта, але гэты занятак дапамагаў ёй здабываць нешта на зуб для дзяцей.

У гэты час са Станіславай звязаўся ейны крэўны – Казімір Абрамовіч, які быў юрыстам пры Арміі Андэрса, што пачала фармавацца з былых польскіх вязняў. Дзякуючы ягонай дапамозе Станіслава разам з дзецьмі выехала са Змеінагорску ўва Узбекістан, дзе размяшчаліся польскія атрады.

Кожны здымак мае сваю гісторыю. Фота Дзяніса Дзюбы

Ва ўзбекскім Янгіюлі малыя Крыстына і Лешак пасяліліся з матуляй у намёце. З ежай зноў было цяжка – дзеці шукалі на дарогах костачкі ад персікаў, разбівалі іх каменем ды выядалі сарцавіну.

У Янгіюлі дзеці пайшлі ў школу. Заняткі адбываліся на дварэ пад дрэвам чарэшні, на якім спелі сакавітыя плады. Малая Крыстынка замест таго, каб слухаць настаўніка, сядзела і не зводзіла вачэй з чырвоных ягад, чакаючы, ці якая-небудзь з іх не ўпадзе долу.

У верасні 1942 года Станіслава Тамашэўская і дзеці вырушылі разам з Арміяй Андэрса ў Краснаводск на ўзбярэжжы Каспійскага мора, каб адтуль пераправіцца ў Персію. Трапіць на карабель, які іх чакаў, можна было толькі з дакументамі, без ніякіх рэчаў. Спадарыня Крыстына ўзгадвае, што розныя вандзэлкі, падушкі ды коўдры спачатку склалі ў вялікія кучы, а потым іх падпалілі. Занятыя агнём вялікія стосы, якія гарэлі надвячоркам, ды людзі, што насіліся вакол туды і сюды, назаўсёды адклаліся ў памяці дзяўчынкі як нешта пагрозлівае і магічнае.

Персія: смажаная цыбуля і сасіскі ў бляшанках

Прыбыўшы ў Персію, уцекачы некаторы час знаходзіліся ў партовым горадзе Пехляві. Тут вельмі шмат людзей захварэла, бо згаладнелых выгнаннікаў накармілі вельмі тлустым мясным супам, чаго не вытрымалі шмат чые страўнікі. З Пехляві Станіславу і дзяцей перавезлі ў лагер у Тэгеране. З тых часоў спадарыні Крыстыне найбольш запомніўся прысмак, які дзеці гатавалі самі – гэта была смажаная цыбуля. «Каля нас часам прахаджваліся персы, якія крыху размаўлялі па-польску. Яны крыкамі заахвочвалі купіць у іх ежу. Нам, дзецям, найбольш падабалася, калі яны крычалі: «Яйкі варонэ». Мы перакладалі гэта сабе, што яны прадаюць не вараныя яйкі, а яйкі варон, і аж заходзіліся ад смеху. Гэтак нам было весела», – распавядае спадарыня Крыстына.

З Тэгерану сібірскіх уцекачоў перамясцілі ў часовы лагер у Ахвазе. Аднойчы непадалёк ад лагеру загарэўся завод, на якім рабілі сасіскі ў бляшанках. Шмат хто з уцекачоў рынуўся да згарэлага прадпрыемства, каб здабыць сабе пару кансерваў. «Мы таксама пайшлі на папялішча, – кажа спадарыня Крыстына. – Але для нас ужо нічога не засталося. Мы страшна пераймаліся, але пазней выявілася, што ў бляшанках былі таксіны, якія выклікаюць батулізм, праз што вельмі шмат людзей памерла».

Ва ўладзе ўспамінаў. Фота Дзяніса Дзюбы

Індыя: сквар і кактусы

З Персіі Станіслава і дзеці трапілі ў 1943 годзе ў Індыю, дзе беспрытульнікі вандравалі з аднаго месца ў другое. Спадарыня Крыстына распавядае, што Індыя спаткала іх страшнай спякотай і пустыняй, у якой раслі адно кактусы. «Аднойчы мы праязджалі каля лагера пракажоных, – расказвае пра Індыю спадарыня Крыстына. – Мы сядзелі ў кузаве цяжкавіка, а бедныя хворыя акружылі машыну і прасілі нас пра дапамогу, выцягнуўшы рукі. Хворыя былі моцна скалечаныя, з жахлівымі ранамі. Гэтая карціна і цяпер у мяне перад вачыма».

Крыстына і Лешак раслі ў выгнанні. На фота яны разам з маці Станіславай

 

Нарэшце вандроўнікі прыехалі ў горад Валівад, у якім затрымаліся даўжэй. Дзеці наведвалі там польскую школу, а Станіслава працавала машыністкай у польскай адміністрацыі. Нашчадкі класіка беларускай літаратуры пражылі ў Індыі чатыры гады. Толькі пасля ІІ сусветнай вайны, у 1947 годзе, яны змаглі пакінуць Індыю ды выехаць у Польшчу, дзе ўз’яднання з сям’ёй чакаў Юзаф Тамашэўскі. Падчас вайны ён змагаўся ў Арміі Краёвай на Ашмяншчыне, а пасля заканчэння баявых дзеянняў здолеў выехаць у Польшчу на землі, атрыманыя ад Нямеччыны.

Польшча і лісты ад Элізы Ажэшкі

Тамашэўскія пасяліліся ў Гіжыцку, але праз паўтара года Юзаф памёр. Ягонае слабое сэрца не вытрымала ціску з боку камуністычных польскіх уладаў, якія не маглі яму дараваць мінулага ў Арміі Краёвай. Станіслава зноў мусіла адна клапаціцца пра дзяцей, але як удаву былога жаўнера АК яе нідзе не хацелі браць на працу. З цяжкасцю яна ўладкавалася на пасаду сакратаркі ў аддзеле камунальнай гаспадаркі.

Ужо ў Польшчы Станіслава зацікавілася, а што сталася з рукапісамі ейнага дзеда Францішка. Сёстры Станіславы, уцякаючы пасля вайны з Кушлянаў у Польшчу, схавалі толькі лісты Элізы Ажэшкі да іхнага дзеда. Рэшта дакументаў прапала ў ваеннай завірусе. Магчыма, што былі там рукапісы невядомых твораў беларускага паэта. Звесткі пра схаваныя лісты Ажэшкі Станіслава перадала ў Беларусь. Знішчаную часам і вільгаццю карэспандэнцыю ўдалося знайсці толькі ў 1972 годзе.

Аўтар артыкула і Крыстына Шманьда размаўляюць пра Ашмяншчыну, адкуль яны ўдваіх паходзяць. Фота Дзяніса Дзюбы

Унучка Францішка Багушэвіча Станіслава Тамашэўская памерла ў 1984 годзе. Яна пахаваная ў Гіжыцку. Ейны сын Лешак жыў у Шчэціне, працаваў будаўніком і памёр у 2008 годзе. Дачка Станіславы – Крыстына – пасля заканчэння хімічнага факультэту ў Познані пераехала разам з мужам, хімікам і музыкам, у Варшаву. Тут яна працавала настаўніцай хіміі ў школе. Цяпер спадарыня Крыстына на пенсіі, у яе дзве дарослыя дачкі і трое ўнукаў.

Ніхто з непасрэдных нашчадкаў Францішка Багушэвіча цяпер не жыве ў Беларусі – некаторыя з іх перабываюць у Польшчы, а частка выехала ў ЗША.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў