На «Маршы недармаедаў» у Слоніме ўлады выйшлі да людзей


Старшыня Слонімскага райвыканкаму Алег Таргонскі выйшаў да пратэстоўцаў, каб паведаміць, што “мы гатовыя размаўляць канструктыўна, нармальна, спакойна”.

Аднак, пасля сустрэчы супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы арганізатар акцыі недармаедаў у Слоніме Віктар Марчык.



На акцыю пратэсту супраць Дэкрэту №3 выйшла некалькі соцень чалавек.

Акцыя супраць Дэкрэту №3 распачалася на плошчы Леніна а 15-й. Наўпроставы стрым са Слоніма вядзе радыё «Свабода».

«Прадпрыемствы ўсе закрыліся, няма працы, няма грошай», – кажуць жыхары Слоніма на шэсці ад плошчы Леніна да мэрыі.


16:33 Мясцовы актывіст абяцае заўтра занесці рэзалюцыю ў райвыканкам. Ён кажа, што сход атрымаўся, ён задаволены колькасцю людзей, якія выйшлі на сустрэчу.

16:30 Людзі не разыходзяцца, працягваюць абмяркоўваць паміж сабой пытанні сходу.

16:25 Рэзалюцыя схода прынята адзінагалосна. Старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі зноў бярэ слова.

Ён абяцае вырашаць пытанні.

«Паверце, у краіне робіцца ўсё, каб захаваць мір і парадак. Мы павінны ўсё гэта шанаваць. У гэты час далёка не ўсе так спакойна размаўляюць. Калі ёсць праблемы – заходзьце, будзем абмяркоўваць. Гэта не азначае, што я не хачу размаўляць з групай, а таму, што індывідуальна рабіць гэта эфектыўней».

16:19 Арганізатары мітынгу зачытваюць рэзалюцыю паводле вынікаў дэманстрацыі. Фактычна, гэта зварот да прэзідэнта абраць новы эканамічны курс і «ствараць працоўныя месцы, а не весці барацьбу з беспрацоўнымі».

15:20 Людзі падышлі да будынку Слонімскага райвыканкаму. Улады выйшлі і прапануюць пратэстоўцам вылучыць 20 чалавек і прайсці ў будынак. Людзі адмаўляюцца.

Старшыня райвыканкаму Алег Таргонскі выйшаў да людзей. Гэтым хвілінамі ён выступае перад дэманстрантамі.

ВЧ, ДД

Стужка навінаў