«Гэта бандытызм на дзяржаўным узроўні». Сваякі арыштаваных нясуць перадачы на Акрэсціна


Сёння сваякі і сябры прынеслі першыя перадачы на Акрэсціна, дзе ў ізалятары знаходзяцца затрыманыя 15 сакавіка пасля маршу недармаедаў у Менску.

Каля ізалятара людзі стаяць купкамі, перакладаюць рэчы з пакета ў пакет, раяцца адзін з адным, ці перададуць тое ці іншае, якія прадукты? Запалкі? Адначасова абмяркоўваюць затрыманні.

Тата Марыны Дубінай, затрыманай на прыпынку грамадскага транспарту, ад хвалявання за дачку ледзь не плача. Ён прыехаў сёння з Берасця, каб перадаць ёй рэчы, а таксама сустрэцца з адвакатам Марыны, каб пісаць касацыйную скаргу.

«Сярод бела дня ў краіне, якая ганарыцца сваім спакоем маю дачку на прыпынку забіраюць нейкія асобы і вязуць! Гэта бандытызм на дзяржаўным узроўні. У 90-я гады нават бандыты так не паступалі».

Аляксей Васільевіч Дубін – бацька затрыманай Марыны Дубінай.

Затрыманая Марына Дубіна – юрыстка. Яна добра разумее свае правы, але там было бессэнсоўна штосьці казаць, даводзіць.

Аляксей Васільевіч распавядае, што пра затрыманні дазнаўся спачатку з Інтэрнэта. Потым яму патэлефанавалі з Берасцейскай абласной управы ўнутранымі справамі і спыталіся «Вы ведаеце, дзе ваша дачка?».

«Вы дзяржаўныя службоўцы, мы плацім падаткі на вас, вы павінны дбаць пра нашу бяспеку, а вы бярэце проста так і хапаеце людзей?»

Падтрымлівае бацьку Марыны супрацоўнік “Воблдарстрою” Юрый Іванавіч. Іх калегу забралі з тралейбуса, у якім ён ехаў з працы. На судзе сказалі, што ён быў са схаваным тварам, нецэнзурна лаяўся. У выніку – 12 сутак.

«Калі затрымлівае супрацоўнік міліцыі, дык няхай скажа сваё імя, скажа, за што затрымлівае, і няхай затрымлівае! А тут проста нехта ў цывільным кідае людзей у машыну!»

Абодва мужчыны згаджаюцца, што трэба пісаць скаргі, у вышэйшы суд, у Еўрапескі суд, ААН, а таксама падымаць грамадскасць.

У гэты час супрацоўнік ізалятара па аднаму прапускае людзей з перадачамі праз КПП. «Не хвалюйцеся, усіх прымем», – ветліва кажа ён. І людзі каля ізалятара сведчаць, што сапраўды, сёння прымаюць усё і ад усіх, нават ад сяброў, нягледзячы на тое, што па рэгламенце перадачы дазваляюцца толькі ад сваякоў, калі не напісаць спецыяльнае хадайніцтва. Гэта – адзін пазітыўны момант.

Многія тут відавочна знаходзяцца ў напружанні, разгубленнасці.

«Не хочацца гаварыць, і так дні такія стрэсовыя»

Некаторыя з прысутных адмаўляюцца ад размовы, бо «і так усё зразумела, што тут казаць». Іншыя кажуць: «трэба нешта мяняць», але без удакладненняў.

Адстой! Можна так казаць?

Сябра затрыманай Аксаны Малюковай лічыць, што беларусы ўсё роўна будуць маўчаць, бо мы маўклівыя і памяркоўныя. Пра затрыманне кажа: «Звычайная схема. Што рабіць? Чакаць, што рабіць».

Тата Марыны Дубінай будзе абскарджваць прысуд з дапамогай адвакаткі. Але на гэта не ў кожнага ёсць магчымасць, і, галоўнае – веданне, што і як трэба рабіць. Праваабаронца Наста Лойка распавядае, што пры арышце ў асуджанага ёсць права падаць касацыйную скаргу на працягу 5 дзён.

«Калі ты маеш юрыдычную адукацыю, ты сам можаш напісаць, або калі ёсць адвакат. Інакш, родныя павінны ведаць, што трэба пісаць скаргу, шукаць юрыста. Гэта складаная і дарагая працэдура. І сама працэдура абскарджання займае каля месяца і людзям на момант яшчэ разгляду касацыйнай скаргі ўжо выйдуць на волю. Таму зараз прынцыпова змяніць ужо няма чаго. Мы больш арыентуем людзей на падтрымку зняволеных, на пошук людзей, якія будуць насіць перадачкі, кантакты з роднымі, назіранне за тымі, каму пагражае крымінальная адказнасць, каго абвінавачваюць у супраціве падчас затрымання».

Па словах праваабаронцы, у РАУСах і судах 16 сакавіка парушэнні былі відавочнымі проста да смешнага. АМАПаўцы блыталіся ў сведчаннях, суддзі не звярталі ўвагі на гэта.

«Гэта была абсалютная фармальная працэдура. Ніяк не звязаная з правам», кажа Наста Лойка.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў