Журналістаў «Белсату» і Паўла Севярынца затрымалі ў Воршы падчас онлайн-эфіру. Відэа


Журналістку Кацярыну Андрэеву і аператара «Белсату» пасадзілі ў машыну міліцыі, калі яны здымалі затрыманне Паўла Севярынца. Кацярына дагэтуль знаходзіцца ў пастарунку, ёй пагражае суд і да 15 содняў арышту. Аляксандра Баразенку выпусцілі са штрафам. 

Падчас акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Воршы быў затрыманы Павел Севярынец. Да яго падышлі супрацоўнікі АМАПу і пасадзілі ў машыну. Журналісты «Белсату» спрабавалі даведацца ў супрацоўнікаў міліцыі, на якой падставе адбываецца затрыманне. Падчас жывога эфіру іх таксама пасадзілі ў машыну і завезлі ў РАУС Воршы.

Відэа, як затрымлівалі Паўла Севярынца і журналістаў «Белсату»

Кацярына Андрэева дагэтуль знаходзіцца ў пастарунку. Нам паведамілі, што з ёй праводзіцца разбіральніцтва і ёй пагражае суд за і да 15 содняў арышту. Павел Севярынец таксама будзе чакаць суда ў РАУС Воршы.

Праз гадзіну пасля затрымання аператар «Белсату» Аляксандр Баразенка выйшаў з пастарунку. На яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні і выпісаны штраф. Але прыкладна а 18:30 стала вядома, што яго зноў затрымалі. І праз некалькі хвілінаў зноў выпусцілі, абмяняўшы яго заяву аб дзеяннях міліцыі на рапарт аб яго затрыманні.

18:37 Стала вядома, што Кацярыну вязуць у ізалятар часовага ўтрымання горада Воршы.

Расейскія значкі ў машыне, на якой Паўла Севярынца вязлі ў РАУС.

Сёння падчас асвятлення акцыяў пратэсту затрымлівалі таксама журналістаў svaboda.org, tut.by, belapan.by і nn.by.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў