Былому байцу АТА, якога вінавацілі ў распальванні розні, вынеслі прысуд.
Ключавым фігурантам справы, прысуд па якой быў абвешчаны сёння Віцебскім абласным судом, быў 20-гадовы жыхар Віцебску Станіслаў Ганчароў (у інтэрнэце яго называюць «Тэрор-машына»), які ваяваў на баку АТА. Яму прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод якіх – распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці, злоснае хуліганства і рабаўніцтва.
Разам з Ганчаровым па справе праходзілі яшчэ 7 хлопцаў ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Ім прысудзілі розныя тэрміны: ад 1 года абмежавання волі да 6 гадоў калоніі.
Падчас суда праваахоўнікі назвалі Тэрор-машыну адным з самых небяспечных злачынцаў Беларусі. У спісе здзейсненых эпізодаў: вымаганне грошай, збіццё людзей, прапаганда неанацысцкай ідэалогіі.
Ганчарова затрымалі за здзек над падлеткамі. На думку праваахоўнікаў, пачынаючы з 2012 года ён з’яўляўся нефармальным лідарам каляфутбольнай групоўкі, заклікаў аднадумцаў да прыніжэння і збіцця людзей неславянскай знешнасці і падаваў у гэтым прыклад. Збіццю і здзекам падвяргаліся таксама падлеткі-беларусы.
З 2014-га да 2016 года Ганчароў удзельнічаў у баявых дзеяннях ва Украіне ў складзе батальёну «Азоў». Пра затрыманне маладзёна на мянушку Тэрор-машына стала вядома ў красавіку летась, калі той вярнуўся з вайны ў родны Віцебск.
НМ, belsat.eu
паводле tut.by