Аляксандр Алесін: Рэакцыя Пуціна будзе сіметрычнай


Belsat.eu з нагоды збіцця расейскага самалета паразмаўляў з вайсковым экспертам Аляксандрам Алесіным пра тое, як Расея зможа вызваліць палоннага пілота, як Пуцін будзе помсціць Турцыі і ці будуць цяпер расейцы адпачываць на турэцкіх курортах.

Турцыя рыхтавалася да збіцця ці рашэнне было імклівым?

Быў эпізод, калі расейскі самалёт ужо залятаў на тэрыторыю Турцыі. Тады Турцыя выклікала расейскага амбасадара і зрабіла папярэджанне Расеі. Турцыя казала, што ў будучыні меры будуць больш рашучымі.

У той жа час Расея казала пра кантроль сітуацыі з боку расейскіх і турэцкіх вайскоўцаў для недапушчэння падобных сітуацыяў. Я думаю, сённяшняе рашэнне – не спантаннае, хоць выглядае даволі нечаканым. На працягу апошніх дзён Турцыя некалькі разоў выказвала незадавальненне тым, што расейская авіяцыя дзейнічае вельмі блізка да турэцкай мяжы і падвяргае атакам тэрыторыі туркаманаў – турэцкіх туркменаў. Турцыя аб’яўляе сябе іх апекуном.

Лічу, што збіццё самалёта – дэмарш Турцыі, выраз незадавальнення дзеяннямі расейцаў у рэгіёне.

Наколькі вялікая свабода ў сяброў НАТА прымаць такія жорсткія рашэнні як збіццё самалёта?

Наагул, міжнароднае права прадугледжвае прыняцце мер для спынення палёту самалёта пасля вынясення папярэджання. Калі самалёт не пакідае паветраную прастору – яго можна збіць. Турцыя мае права прымаць рашэнне сама, але мне падаецца, што яны мелі пэўную згоду ад НАТА для такога кроку.

Рызыкну выказаць меркаванне, што будзе вельмі цяжка вызначыць, на колькі метраў ці сантыметраў расейскі самалёт парушыў турэцкае неба. Гэта – вельмі сур’ёзны крок Турцыі, у інтарэсах якой не было планаў знішчаць Ісламскую дзяржаву, бо ІД павінная была знішчыць нянавіснага ім Башара Асада.

Апроч таго, праз Турцыю ішоў гандаль нафтай са свідравінаў ІД, і турэцкія пасярэднікі атрымоўвалі істотныя адсоткі.

Расея аб’явіла паляванне на цыстэрны, якія транспартавалі нафту з тэрыторыі ІД у Турцыю. Можна меркаваць, што частка кіроўцаў гэты машынаў – туркі, і з улікамі таго, што Расея заявіла аб знішчэнні каля тысячы бензавозаў, адносіны Турцыі і Расеі вельмі абвастрыліся.

Як гэта паўплывае на міжнародную кааліцыю супраць ІД, якая пачала стварацца?

Злучныя Штаты, хаця адносіліся да дзеянняў Расеі лаяльна, не хацелі ўступаць з ёй у кааліцыю. Магчыма, сённяшняе збіццё самалёта – сігнал, што гэтай кааліцыі не будзе. Максімум – будзе каардынацыя дзеянняў з Францыяй. Думаю, што ўдзельнікі кампаніі ў рэгіёне падзеляць неба і будуць папярэджваць адзін аднаго пра аперацыі, пра тое, куды не варта залятаць, каб не сутыкнуцца.

Як Расея адпомсціць Турцыі?

Мне падабаецца выраз Сталіна «помста – гэта страва, якую падаюць халоднай». Улічваючы мінулае Ўладзіміра Пуціна ў спецслужбах, рэакцыя, канешне, будзе сіметрычнай. Будзе знойдзенае слабае месца ў Турцыі, па якому будзе нанесены адчувальны ўдар. Магчыма, гэта будзе нейкая эканамічная мера. У Турцыі вельмі вялікія гаспадарчыя інтарэсы ў Расеі: яны там актыўна будуюць і гандлююць.

Расейскія грамадзяне на хвалі ўра-патрыятызму і пад уплывам прапаганды перастануць ездзіць на турэцкія курорты. Турцыя можа страціць тыя бонусы, якая атрымала пасля заходніх санкцыяў супраць Расеі на расейскім рынку. Ёсць шмат палёў, дзе можна адпомсціць Турцыі. Збіваць яе самалёты ніхто адразу не будзе, але як толькі Турцыя прамахнецца ў Арменіі, якую ахоўвае расейская база, меры ў адказ будуць прынятыя імгненна.

А хто выграе ад сённяшняга інцыдэнту найбольш?

Выграе Ісламская дзяржава, натуральна. Пасля Су-24 кааліцыя не паўстане і бакі будуць дзейнічаць, не каардынуючы дзеянні. Гэта працягне існаванне ІД.

Як Расея верне палоннага пілота і цела лётчыка, што загінуў? Пакуль відаць, што туркмены не маюць намеру аддаць іх.

Ёсць складаныя камбінацыі: магчыма, кагосьці з аўтарытэтных мясцовых лідараў возьмуць у палон і будуць потым мяняць. Такія схемы шырока прымяняліся падчас канфлікту ў Ліване. Так, прынамсі, паступаюць на Блізкім Усходзе брытанцы і амерыканцы.

Расея застанецца ў Сірыі надоўга?

Цяпер – так. Яны хочуць заснаваць там базу, магчыма і не адну. Там у савецкія часы была база, яны хочуць яе вярнуць. Пры знішчэнні ІД і захаванні ўлады Асада, расейскі ўплыў у рэгіёне будзе вельмі вялікім. Турцыя, канешне, можа прадпрыняць крок добрай волі. Улічваючы свой уплыў на туркменаў, яны могуць садзейнічаць выдачы пілотаў расейскаму боку. Калі ж яны пойдуць да канца, наступствы для Турцыі могуць быць вельмі сур’ёзнымі.

Размаўляў Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў