23 лютага: ці нашае гэта свята?


Большасць насельніцтва краіны святкуe свята абаронцаў айчыны менавіта 23 лютага, не гледзячы на тое, што гэты дзень зʼявіўся ў календары беларусаў толькі ў часы СССР. Першапачаткова свята называлася «Дзень Чырвонай Арміі і Флоту». З 1946 па 1993 гады назву змянілі на «Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту».



Пасля распаду СССР свята працягваюць адзначаць у нашае краіне пад назваю «Дзень абаронцы Айчыны».

Фотафакт: берасцейскі панчошны камбінат выпусціў шкарпэткі ў кансервавых бляшанках

Але навошта беларусам адзначаць чужыя святы? Мы прапануем узгадаць іншыя даты – вартыя святкавання ды ўшанавання беларускіх ваяроў, такія, як 8 верасня ці 27 лістапада.

Аршанская бітва

30-тысячнае беларускае войска 8 верасня 1514 году пад Воршаю перамагло экспедыцыйны корпус Маскоўскай дзяржавы, які амаль тройчы пераўзыходзіў нашых землякоў па колькасці. Менавіта гэта дапамагло Вялікаму Княству Літоўскаму ўздыхнуць на поўныя грудзі без аглядкі на ўсходняга суседа. Менавіта ў гэты час у беларусаў зʼявіліся Скарына, Сапега, Статут ВКЛ. Менавіта ў так званы Залаты век беларускае культуры былі закладзены асновы фармавання беларускай нацыі.

Бітва пад Воршай – бліскуча прадуманая і праведзеная праваслаўным князем Канстанцінам Астрожскім. У гэты дзень мы адзначаем Дзень беларускай вайсковай славы.

Абарона незалежнасці БНР

Другая дата трагічная. Калі 8 верасня – дзень перамогі нашых продкаў, то 27 лістапада – дзень нашае самаахвярнасці. У гэты дзень у 1920 годзе слуцкія паўстанцы – сяляне, гімназісты, афіцэры – узняліся супраць бальшавікоў, на абарону незалежнай, самастойнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны пацярпелі паразу, але памяць пра іх геройскі чын засталася.

Гэтак актывісты Руху «За Свабоду» сабралі і перадалі ў слуцкі выканкам подпісы за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

Дарэчы, ёсць многа іншых датаў, прысвечаных менавіта мужчынам

Дзень бацькаў – штогадовае свята ў гонар бацькаў, якое адзначаецца ў многіх краінах у трэцюю нядзелю чэрвеня.

Сусветны дзень мужчынаў адзначаецца ў першую суботу лістапада.

Міжнародны мужчынскі дзень адзначаецца 19 лістапада.

А напрыканцы – армейская байка ад нашага калегі Івана Шылы

Са мной у войску служыў Лёва Л. Просты вясковы хлопец, пад два метры ростам, без прыроднай хітрасці, прамы і спакойны такі асілак. Давалася яму армейская навука цяжка, даставалася ад камандзіраў. Неяк прыехала да яго дзяўчына, прывезла бутэльку гарэлкі і спартовыя боты. Лёва гарэлку выпіў з гарла і не запіваючы, апрануў боты, перамахнуў праз плот і пабёг. Я не ведаю чаму, але значная частка з тых, хто ўцякае з войска робяць гэта, калі заступаюць у нарад. То бок, бягуць са зброяй, а гэта дадатковы сурʼёзны артыкул. Дык вось ён бёг і пабачыў ровар, сеў на яго і паехаў. А гэта трэці крымінальны артыкул. Даехаў ён да шашы, кінуў ровар і злавіў машыну да Віцебска. Там бадзяўся па горадзе, выпіваў і быў затрыманы міліцыяй па прыкметах. Армейскі нож з нарадку тырчаў з-пад курткі.

Тэлевядоўца Ганна Бонд і Іван Шыла на здымках праграмы, прысвечанага «не нашаму святу». Фота facebook

Было гэта напрыканцы лета, а ў верасні пачыналіся вучэнні «Захад-2009». Ніхто з камандзіраў у галоснай крымінальнай справе не быў зацікаўлены, скрадзены ровар вярнулі дзядулі з суседняй вёскі і той нават папрасіў беднага хлопца не саджаць, ды і сам камандзір разлічваў на падвышэнне, а частка была дастаткова ўзорнай. Пакаралі Лёву 10-цю суткамі гауптвахты. Замест некалькіх год калоніі, бо дысбат, які на той момант існаваў, прымаў толькі асуджаных да двух гадоў салдат.

І тут трэба было Лёву везці ў Менск, у турму. Павёз афіцэр на сваёй машыне і трапіў у аварыю. Вярнуліся. Праз нейкі час павезлі другі раз, зноў разбілі іншую прыватную машыну. Трэці раз ніхто проста не захацеў.

А яшчэ праз колькі месяцаў аказалася, што пры адборы ў войска ў Лёвы не выявілі праблемы з сэрцам. А яны былі. Яго камісавалі. Наўрад бы гэта зрабілі, калі б ён быў у калоніі.

А у вас ёсць армейскія байкі? Падзяліцеся імі з намі ў каментарах!

XX, belsat.eu

Стужка навінаў