«Белсат» віншуе з Днём Мовы! (Цікавыя факты + відэграфіка)


Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
                                              Уладзімір Караткевіч  

У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля захавання тых, што зьнікаюць, UNESCO і абвясціла дзень роднай мовы –каб хоць аднойчы на год на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Але, здаецца, гэта нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца пра лёс сваёй, адзінай, якую завём матчынай.

Цікавыя факты пра беларускую мову

  • Нашая мова – адная з самых багатых у свеце. Яна налічвае да 500 тысяч словаў, дыялектная – ад 1,5 да 2 мільёнаў.
  • Гісторыя яе пісьменства налічвае больш за 10 стагоддзяў.
  • Мова мае тры алфавіты: кірыліца, лацініца і арабская вязь.
  • Займела статус дзяржаўнай яшчэ ў ВКЛ.
  • Паводле UNESCO – самая мілагучная пасля італьянскай.
  • У рэйтынгу моваў паводле колькасці носьбітаў займае 69-е месца.
  • Адпаведна апошняму перапісу, назвалі роднаю 53 % насельніцтва.
  • Адзіны ў свеце цалкам беларускамоўны тэлеканал – «Белсат».

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца ў свеце сёння, 21 лютага . Ён быў абвешчаны UNESCO у 2000 годзе. З ініцыятывай увесці такі дзень выступіў Бангладэш. 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяць студэнтаў.

Гэты дзень – нагода задумацца пра лёс роднай мовы і беларусам

Кажуць, што родная мова шмат не патрабуе. Але калі назваў яе роднай – павінен жа быць перад ёй нейкі абавязак. Калі хоць палова з тых 53 адсоткаў, што пад спіс апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе – значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хаця б у дзень афіцыйнага міжнароднага свята.

Хто б ты ні быў – жанчына ці мужчына, дарослы ці малады, селянін, студэнт, рабочы, настаўнік, вайсковец, інжынер ці бізнесовец – ведай, што найлепшы твой твар, вопратка твая, душа твая – беларуская мова.

Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную, ці змешаную «трасянку», або мясцовую дыялектную – знай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моваў свету.

Будзь і ты разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра нашая мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляй па-нашаму, каб людзі бачылі тваю вернасць сваёй мове. Размаўляй з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах – і тваёй мовай захочуць гаварыць іншыя. І не саромься недасканалай гаворкі. Мова – жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове.

Блізкія і далёкія суседзі адчуюць тваю самапавагу і будуць яшчэ больш цябе паважаць.

З беларускай мовай нам жыць у ХХІ стагоддзі!

Стужка навінаў