Аліеў падзякаваў Лукашэнку за выдачу блогера Лапшына


Блогер у кайданках

Сёння прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў патэлефанаваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку ды падзякаваў за выдачу блогера Аляксандра Лапшына.

Пра гэта паведамляе прэс-служба азербайджанскага прэзідэнта.

«Рэспублікі палічылі гэты крок выкананнем вяршэнства закона і міжнародных канвенцый, праявай азербайджана-беларускай дружбы і адносінаў стратэгічнага партнёрства», – адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Блогера Аляксандра Лапшына даставілі ў Баку спецыяльным рэйсам з Менску ўвечары 7 лютага.

Паводле trend.az, Лапшына суправаджалі супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі Азербайджана, узброеныя і ў масках, рукі блогера былі ў кайданках.

Аляксандр Лапшын – вядомы рускамоўны блогер, грамадзянін Расеі ды Ізраілю. У Менску замежніка затрымалі ў снежні мінулага года паводле запыту Азербайджану.

Намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук вынес рашэнне аб экстрадыцыі блогера ў Азербайджанскую Рэспубліку 17 студзеня.

У «чорных спісах» гэтай краіны Лапшын знаходзіўся яшчэ з 2011 году.

Лапшына абвінавачваюць у парушэнні законаў Азербайджану аб дзяржаўнай мяжы і пашпартах у красавіку 2011 і кастрычніку 2012 гадоў. За антыканстытуцыйныя заклікі і незаконны ўезд у Азербайджан Лапшыну цяпер пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Як адрэагавалі ў Арменіі

Чарговае пасяджэнне армянскага парламента пачалося ў сераду з шэрагу гучных заяваў і патрабаванняў у адрас Беларусі ў сувязі з экстрадыцыяй блогера Лапшына ў Азербайджан, паведаміла выданне «Новости-Армения».

«Думаю, што МЗС Арменіі са свайго боку мусіць адклікаць амбасадара з Беларусі і ўжыць у дачыненні да Менску самыя жорсткія палітычныя і дыпламатычныя меры», – сказаў апазіцыйны дэпутат Нікол Пашынян.

Іншы дэпутат-апазіцыянер, Грант Баграцян, указаў на наяўнасць розных механізмаў ціску на Менск, у прыватнасці, прапанаваў патрабаваць выключэння Беларусі з АДКБ.

Чытайце больш пра затрыманне блогера:

НМ, belsat.eu, фотаздымак Trand News Agency

Стужка навінаў