Трамп мяняе рыторыку адносна НАТО


Спыніць падтрыманне НАТО праз, маўляў, яго састарэлую структуру і невыкананне патрабаванняў шэрагу краінаў-чальцоў альянсу. Такія абяцанні неаднаразова гучалі падчас выбарчай кампаніі з вуснаў Доналда Трампа. Цяпер рыторыка прэзідэнта ЗША значна змянілася. На сустрэчы з вайскоўцамі на паветранай базе ў Флорыдзе лідар амерыканцаў падкрэсліў гатовасць падтрымліваць альянс.

«Мы рашуча падтрымліваем НАТО. Мы толькі просім, каб усе чальцы НАТО рабілі поўныя і належныя фінансавыя ўнёскі ў альянс, чаго цяпер шмат якія краіны не робяць», – заявіў амерыканскі прэзідэнт.

Згодна з патрабаваннямі НАТО чальцы альянсу мусяць выдаткоўваць на вайсковыя патрэбы 2 % свайго ВУП. Цяпер толькі 5 з 28 краінаў адпавядаюць гэтым нормам. Раней Трамп неаднаразова выказваў незадаволенасць тым, што, на ягоную думку, НАТО змушае ЗША плаціць за бяспеку іншых краінаў, і ставіў пад сумнеў эфектыўнасць арганізацыі.

«Трамп застаецца Трампам і ягоная дактрына абапіраецца на камерцыйны падыход да ўдзелу ЗША ў кожнай арганізацыі і ён чакае, каб ЗША мелі максімальную карысць ад супрацы з НАТО», – мяркуе аналітык Максім Стэфановіч.

Паводоле адміністрацыі Доналда Трампа, Злучаныя Штаты не толькі працягнуць чалецтва і падтрыманне НАТО, але і не падтрымаюць уступленне ў альянс Чарнагорыі, якая гатовая ўвайсці ў звяз.

«Трэба заўважыць, што далейшае пашырэнне НАТО на дадзены момант наўрад ці магчымае. Яшчэ Чарнагорыю, сапраўды, могуць прыняць у альянс, дарэчы адміністрацыя Трампа падтрымала сёння гэта, мы даведаліся, што генерал Флін, вядомы паплечнік Трампа, ён не супраць гэтага, нават вельмі падтрымлівае. А далейшыя перспектывы альянсу будуць залежаць ад таго, як дзяржавы будуць выконваць патрабаванні Трампа», – працягвае Максім Стэфановіч.

Перспектыва ўзмацнення пазіцыяў НАТО, сярод іншага, на поўдні Еўропы, была адною з асноўных тэмаў на сустрэчы міністраў абароны Іспаніі, Партугаліі, Францыі ды Італіі ў партугальскім горадзе Порту. Ліст з адпаведнымі прапановамі мае быць скіраваны генеральнаму сакратару альянсу Енсу Стольтэнбэрґу.

«Мы лічым, што нашыя краіны маюць вельмі важнае геастратэгічнае становішча, якое робіць свой унёсак у альянс. Мы можам прапанаваць шмат што для ўзаемадзеяння і супрацы», – адзначыў міністр абароны Іспаніі Марыя Далёрэс дэ Каспэдаль Гарсія.

Размовы пра будучыню альянсу працягнуцца ў траўні на саміце НАТО, у якім возьме ўдзел Дональд Трамп. Плануецца абмеркаваць барацьбу з тэрарызмам, справядлівае размеркаванне выдаткаў паміж чальцамі альянсу, сітуацыю ва Украіне і палітыку ў дачыненні да Расеі.

Чытайце таксама:

Ігар Віняўскі, Віталь Бабін, belsat.eu